
Расейскі даішнік – удзельнік агрэсіі РФ супроць Грузіі ў 2008 годзе і баявік НЗФ «наваросіі» ў 2015 годзе.
Сёньняшняя расейская агрэсія супроць Украіны мае шмат супольнага з агрэсіяй РФ супроць Грузіі ў 2008 годзе. У абодвух выпадках гэтыя канфлікты інсьпіраваныя Расеяй: яны пачаліся з падтрымкі падкантрольных ёю сэпаратыстаў, а потым адбылося ўварваньне ў сувэрэнныя дзяржавы. Народы Грузіі й Украіны, якія замест васальнае залежнасьці ад Расеі абралі ўласны вэктар развіцьця, пры маўклівым «спачуваньні» сусьветнае супольнасьці апынуліся сам-насам з крамлёўскімі агрэсарамі.
Тое, што адбываецца сёньня ва Украіне і мае назоў «гібрыдная вайна», Грузія спазнала яшчэ напачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя: тысячы расейскіх «добраахвотнікаў» (казакі, найміты з Паўночнага Каўказу і інш.), дастаўка ўзбраеньня й боепрыпасаў пад выглядам гуманітарнае дапамогі, інструктары й камандыры ў НЗФ зь ліку кадравых расейскіх вайскоўцаў, сілы й сродкі расейскай арміі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях.
Шмат з тых, хто з зброяй у рукох замахнуўся на дзяржаўнасьць Грузіі ў 1990-я гады й пазьней, зьдзяйсьняе зараз тое ж самае ва Украіне.
Яскравым прыкладам гэтаму ёсьць рэзанансная публікацыя InformNapalm з 18 лістапада 2015 году “Пакаяньне пскоўскага дэсантніка”: з 18 дэсантнікаў-«ветэранаў» расейскай агрэсіі супроць Грузіі ў 2008 годзе ў рэгіёне Самачабла (Цхінвальскі рэгіён або так званая «Паўднёвая Асэтыя»), якія фігуруюць у расьледаваньні, шасьцёра сталіся ўдзельнікамі неабвешчанае вайны РФ супроць Украіны.
У выніку новага OSINT-расьледаваньня міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm ідэнтыфікаваны дзейны супрацоўнік Дзяржаўнае аўтаіснпэкцыі МУС РФ – удзельнік расейскага ўварваньня ў Грузію ў 2008 годзе, які ўвосень 2015 году ўжо ў якасьці найміта «наваросіі» ваяваў у складзе расейска-тэрарыстычных сілаў на ўкраінскім Данбасе.
Аб’ект дасьледаваньня
Андрэй Тарасаў, нарадзіўся 15 жніўня 1985 году. Родам зь сяла Камсамольскае Краснакуцкага раёну Саратаўскае вобласьці РФ. Жыве ў г. Сегежа, Рэспубліка Карэлія, жанаты.
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у памежных войсках ФСБ РФ, у Выбаргскім памежным атрадзе. Станам на 2008 год – вайсковец-кантрактнік брыгады спэцыяльнага прызначэньня ГРУ (меркавана 22-й БрСпН – в/ч 11659, пасёлак Сьцяпны, Растоўская вобласьць) ГШ ЗС РФ, меў званьне сяржанта. Станам на 2011-2012 гады – супрацоўнік ЧОП «Северный Легион» (рас.). З 2012 году па цяперашні час – дзейны супрацоўнік Дзяржаўнае аўтаінспэкцыі батальёну паліцыі Петразаводзкага АПА МУС РФ, мае званьне прапаршчыка. Займаецца баявымі адзінаборствамі, удзельнік і прызэр шэрагу спаборніцтваў, арганізаваных пад эгідай МУС і ФСБ Расеі.
У сацыяльных сетках: «VK» (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), «ОК» №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), «ОК» №2 » (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Фатаздымкі Андрэя Тарасава, зробленыя падчас расейскага ўварваньня ў Грузію ў жніўні 2008 году
Характэрна, што шэраг фатаздымкаў з жніўня 2008 году, зробленыя на расейскай вайсковай базе ў н/п Джава Цхінвальскага рэгіёну (казармы з чырвонае цэглы), якая ня мела статус міратворчай і за некалькі гадоў да жнівеньскіх падзеяў 2008 году была нелегальна збудаваная Расеяй, якая парушыла ўсе дамоўленасьці што да неафіцыйнага базаваньня падразьдзяленьняў выведкі й спэцсродкаў, складаваньня тэхнікі й ўзбраення й падрыхтоўкі НЗФ сэпаратыстаў.
Шэраг фатаздымкаў з таго часу адлюстроўвае, у тым ліку, вандалізм і марадзёрства расейскіх агрэсараў, якія зьнішчалі грузінскія адміністрацыйныя будынкі.
У фотаальбоме фігуранту маецца таксама здымак бронеаўтамабілю «Тыгр» брыгады спэцназа з хутка намаляваным маркаваньнем «Міратворчыя сілы».
Пасля сканчэньня вайсковага кантракту, як было зазначанае вышэй, Тарасаў некаторы час працаваў у прыватнай ахове і прафэсійна займаўся спортам. З 2012 году пачаў працаваць у дарожна-паставой службе МУС РФ, у якой служыць і сёньня.
Фатаздымкі Андрэя Тарасава, зробленыя падчас расейскага ўварваньня ва Украіну, 2015 год
Сярод здымкаў Тарасава, выкладзеных у ягоным альбоме ў кастрычніку 2015 году, маецца фатаздымак бронетранспартэру БТР-80 з надпісам «Разань» і сымболікай вайсковае выведкі, што сьведчыць пра сувязь Тарасава зь вярбоўнікамі і намерам паехаць на Данбас яшчэ ў 2014 годзе. Гаворка вядзецца пра так званае дывэрсійна-выведвальнае бандфармаваньне «Разань» у складзе НЗФ «наваросіі», баявікі якой ёсьць у кантактах нашага фігуранту. Нагадваем, што раней мы ўжо фіксавалі колішніх расейскіх спэцназаўцаў у складзе «Разані» (гл. матар’ял “ГРУ-шнікі на пэнсіі”).
Даведка: у жніўні 2008 году расейскія спэцслужбы, праз выкарыстаньне сваіх паўднёваасэтынскіх марыянэтак-сэпаратыстаў справакавалі вайсковы канфлікт у грузінскім рэгіёне Самачабла (так званая «Паўднёвая Асэтыя»). Расейскія «міратворчыя сілы» наўмысна не адрэагавалі на актывізацыю баявікоў, якія зьдзяйсьнялі мэтаскіраваныя абстрэлы грузінскіх вёсак рэгіёну. Пасьля таго, як грузінскія Збройныя Сілы былі вымушаныя пачаць апэрацыю забесьпячэньня бясьпекі насельніцтва ў Цхінвальскім рэгіёне на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы Грузія і пачалі лякалізацыю раёнаў актыўнасьці правакатараў-сэпаратыстаў, Расея заявіла пра пачатак апэрацыі «Принуждения к миру» (рас.), якая сталася адкрытай агрэсіяй РФ супроць Грузіі. Былі акупаваныя рэгіёны Самачабла й Абхазія, дагэтуль працягваецца так званая паўзучая акупацыя грузінскіх тэрыторыяў. У выніку расейскага вайсковага ўварваньня 2008 году загінулі 408 грамадзянаў Грузіі, у тым ліку 170 вайскоўцаў. Колькасць уцекачоў і перасунутых асобаў павялічылася на 26 тысячаў чалавек. Усяго ў Грузіі колькасць уцекачоў, якія былі вымушаныя пакінуць дамы праз канфлікты, інсьпіраваныя й падтрыманыя Расеяй, або наўпрост з расейскім удзелам, перавышае 260 тысячаў чалавек, акупаваныя больш за 20 працэнтаў тэрыторыі дзяржавы.
Глядзіце таксама тэматычныя матар’ялы:
- Пакаяньне пскоўскага дэсантніка
- Пра «мужнасьць» пскоўскіх дэсантнікаў
- Кар’ерны рост «містэра Бонда»: ад акупаванага Цхінвалі да акупаванага Крыма
- Дынастыя расейскіх вайсковых злачынцаў. Біяграфія акупанту
- Вайна 08.08.08. 8 гадоў пасьля
PS. Пакуль рыхтавалася публікацыя, старонка А. Тарасава таемным чынам былі зачышчаная. З профілю фігуранту зьнікла ўсё тое, што сьведчыць пра ягоны ўдзел у вайсковых злачынствах у Грузіі ў 2008 годзе і ва Украіне ў 2015 годзе. Але нашыя рукапісы не гараць і раней ці пазьней ён будзе прыцягнуты да адказу, а сабраная намі доказавая база будзе запатрабаваная міжнароднымі сьледчымі ворганамі.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа