Публікуем рэзананснае расьледаваньне рэдактара беларускае службы InformNapalm Дзяніса Івашына ў беларускім незалежным выданьні “Новы Час”, прысьвечанае імкліваму назапашваньню ўдарных наступальных фармаваньняў Збройных сілаў РФ непасрэдна ля мяжы зь Беларусьсю й Украінай.
Пасьля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі супроць Украіны Збройныя сілы РФ пачалі фармаваньне новых вайсковых злучэньняў для нарошчваньня ўдарнага патэнцыялу й стварэньня адзінай наступальнай лініі. Непасрэдна ля мяжы з нашай краінай з 2016 году пачалі фармавацца новыя расейскія ўдарныя падразьдзяленьні, пункты дысьлякацыі якіх з улікам мясцовасьці, інфраструктуры й наяўных транспартных шляхоў спалучэньня сьведчаць пра абсалютную прыярытэтнасьць беларускага стратэгічнага напрамку.
З 2018 году ў мейсцах базаваньня гэтых падразьдзяленьняў пачалося істотнае назапашваньне ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі, якое на гэты момант зьяўляецца адкрытай пагрозай для Беларусі.
Нарошчваньне ўдарных сілаў ЗС РФ ля мяжы зь Беларусьсю й Украінай
У красавіку 2016 году валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасці InformNapalm першымі выявілі й раскрылі пляны Збройных сілаў (ЗС) РФ што да перакідваньня падразьдзяленьняў 28-й асобнай мотастралковай брыгады (АМСБр) зь Екацерынбурга да мяжы зь Беларусьсю й Украінай. Характэрна, што ў траўні таго ж году міністар абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што “новыя дывізіі будуць створаныя для супрацьдзеяньня нарошчваньню сілаў NATO ля расейскіх межаў”. Аднак Беларусь не зьяўляецца чальцом Паўночнаатлянтычнага альянсу й афіцыйна ніколі не заяўляла пра намеры ўвайсьці ў яго. Больш за тое, менавіта з Расеяй яна ўваходзіць ва ўсе мажлівыя вайсковыя хаўрусы.
Падобныя заявы разам з пашыранымі расейскімі СМІ паведамленьнямі пра стварэньне “звышмагутнага браняванага кулаку” ля беларускай мяжы не вытрымліваюць аніякае крытыкі й спрабуюць насамрэч схаваць асноўныя мэты й задачы разгортваньня новых вайсковых аб’ектаў ля мяжы зь Беларусьсю, якія могуць стаць пляцдармам у выпадку далейшай эскаляцыі агрэсіўных дзеяньняў з боку Расеі.
У траўні 2016 году ў памежныя раёны зь Беларусьсю й Украінай – у г. Ельня Смаленскае вобласьці і г. Клінцы Бранскае вобласьці – зь Екацерынбурга былі перакінутыя першыя падразьдзяленьні 28-й АМСБр Цэнтральнае вайсковае акругі ЗС РФ. На іх базе пачалося разгортваньне 144-й гвадзейскай мотастралковай дывізіі (в/ч 61423, нумар перайшоў ад 28-й АМСБр), якая паводле арганізацыйна-штатнай структуры, увайшла ў перафармаваную 20-ю агульнавайсковую армію Заходняе вайсковае акругі ЗС РФ.
Эшалён з дывізіёнам самаходных 152-мм гаўбіцаў “Мста-С” (2С19) прыбывае да мяжы зь Беларусьсю й Украінай
На гэты момант у складзе 144-й МСД маюцца наступныя фармаваньні й падразьдзяленьні: 488-ы мотастралковы полк (МСп), 254-ы МСп, 59-ы танкавы полк, 856-ы самаходны артылерыйскі ракетны полк, 1259-ы зэнітны ракетны полк, асобныя зэнітна-ракетны й процітанкавы дывізіёны, 5 асобных батальёнаў і 3 асобныя роты. Заплянаванае разгортваньне яшчэ аднаго мотастралковага палка й даўкамплектаваньне 59-га Тп і 254-га МСп.
488-ы мотастралковы полк
Горад Клінцы, што знаходзіцца ў зоне з падвышаным узроўнем радыяцыі праз аварыю на ЧАЭС і месьціцца ўсяго за 34 кілямэтры ад мяжы зь Магілеўскай вобласьцю Беларусі і за 42 кілямэтры ад Чарнігаўскае вобласьці Украіны, стаўся пунктам сталай дысьлякацыі адразу двух расейскіх мотастралковых палкоў.
Першым клінцоўскім фармаваньнем стаўся наноў створаны 488-ы мотастралковы Сімфэропальскі Красназнамённы, ордэна Суворава другой ступені полк імя С.Арджанікідзэ (в/ч 12721). З 2019 году ім камандуе палкоўнік Уладзімер Мікалаевіч Карала (рас. – Владимир Николаевич Корало).
Камандыр 488-га МСп палкоўнік Уладзімер Карала / klintsy.info
З траўня 2016 году перадысьлякаваныя ўральскія падразьдзяленьні 28-й АМСБр знаходзіліся ў мясцовасьці на паўночным захадзе Клінцоў непадалёк н.п. Філатаў Хутар, у якой былі створаныя палявыя лягер і парк узбраеньня й вайсковай тэхнікі (УВТ).
Палявы лагер (унізе леваруч) і палявы парк УВТ 488-га МСп, чэрвень 2016 г. / TerraServer, DigitalGlobe
Напрыканцы 2016 і пачатку 2017 году асабовы склад быў перадысьлякаваны на тэрыторыю адноўленага вайсковага мястэчка №2 (каардынаты мейсца дысьлякацыі: 52°44’49.4″N 32°15’02.3″E). У выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначанае, што жаўнераў разьмясьцілі ў двух рэканструяваных трохпавярховых інтэрнатах агульнага тыпу, разьлічаных на 300 вайскоўцаў, і у трох збудаваных двухпавярховых інтэрнатах блёчна-модульнага тыпу на 200 вайскоўцаў кожны. То бок у гэтых казармах на тэрыторыі вайсковага мястэчка могуць быць раскватараваныя да 1200 жаўнераў.
Тэрыторыя адноўленага вайсковага мястэчка №2 зь мейсцам дысьлякацыі асабовага складу 488-га МСп ЗС РФ / Google Earth
На гэтай тэрыторыі, згодна з зацьверджаным генэральным плянам, меліся збудаваць яшчэ дзьве блёчна-модульныя казармы й рэканструяваць адзін будынак для разьмяшчэньня да 700 вайскоўцаў. Таксама плянавалася пабудаваць ня менш за 14 сховішчаў узбраеньня й вайсковай тэхнікі, разлічаных агулам на 470 машынамейсцаў. Аднак станам на кастрычнік 2019 году з значных аб’ектаў гэтага праэкту рэалізаваная толькі рэканструкцыя й пабудова пяці інтэрнатаў, збудаваная вялікая страўня на 1000 чалавек, зьдзейсьненая рэканструкцыя штабу палка й адноўлены шыхтавы пляц.
Вайскоўцы 488-га МСп на шыхтавым пляцы вайсковага мястэчка №2 у г. Клінцы
З канца 2016 і пачатку 2017 году ўзбраеньне й васковую тэхніку з парку УВТ непадалёк н.п. Філатаў Хутар пачалі перасоўваць у сяло Займішча – адміністратыўную частку Клінцоў, якая месьціцца на поўдні гэтага гораду. Тут у прамежку з канца чэрвеня па верасень 2016 году пачалі разбудоўваць палявы парк узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі (за 41 км ад мяжы зь Беларусьсю; каардынаты мейсца дысьлякацыі: 52°43’02.2″N 32°16’18.0″E).
Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча
Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча
Палявы парк у Займішчы арганізаваны паводле батальённага прынцыпу. Ягоная арганізацыя й абсталяваньне забясьпечваюць перадусім мажлівасьць хуткага вывядзеньня вайсковай тэхнікі паводле баявой трывогі. Пры гэтым ахоўныя ўласьцівасьці мясцовасьці практычна не выкарыстоўваюцца, на нізкім узроўні знаходзіцца арганізацыя маскаваньня й схрону вайсковай тэхнікі.
Было / Google Earth
Стала / Google Earth
З аналізу спадарожнікавых здымкаў вынікае, што 488-ы МСп складаецца з трох мотастралковых і аднаго танкавага батальёну, аднаго гаубічнага й аднаго ракетна-артылерыйскага дывізіёну.
УВТ 488-га МСп, кастрычнік 2019 г. / TerraServer, DigitalGlobe
Паводле наяўнасьці спэцыяльнай вайсковай тэхнікі полк мае таксама асобныя роты (інжынэрна-сапёрная, рамонтная, сувязі, матар’яльнага забесьпячэньня). У спадарожнікавым здымку зафіксаваныя наступнае ўзбраеньне й вайсковая тэхніка 488-га МСп: да 30 танкаў Т-72, амаль 90 БМП-2, іншыя баявыя браняваныя машыны (ББМ), дзясяткі разнастайных браняваных машынаў забесьпячэньня, некалькі дзясяткаў сыстэмаў артылерыі, у тым ліку 12 адзінак буксаваных 152-мм гаўбіцаў 2А65 “Мста-Б”, некалькі адзінак БМ-21 “Град”. Таксама выяўленыя рухомыя сродкі тэхнічнага абслугоўваньня бранятанкавага ўзбраеньня й тэхнікі ў палявых умовах.
Палявы парк УСВТ і збудаванае ў 2018 г. вайсковае мястэчка ЗС РФ, кастрычнік 2019 г. / TerraServer, DigitalGlobe
Характэрна, што калі агульная плошча вайсковае базы ў Займішчы яшчэ ў траўні 2018 году складала 25 гектараў, то ўжо станам на кастрычнік 2019 году яна займала больш за 60 гектараў зямлі, то бок павялічылася больш чымся ўдвая. Меркавана, тэрыторыя гэтага вайсковага аб’екту будзе і далей пашырацца праз даўкамаплектаваньне й фармаваньне новых падразьдзяленьняў.
Спадарожнікавыя здымкі для параўнаньня плошчы вайсковай базы г.Клінцы, с.Займішча, леваруч – травень 2018, праваруч – кастрычнік 2019 г. / TerraServer, DigitalGlobe
254-ы мотастралковы полк
Істотнае павялічэньне плошчы вайсковага аб’екту ў Займішчы адбылося праз разгортаваньне ў 2018 годзе другога вайсковага фармаваньня 144-й МСД, якое з гэтага часу мае тут сталы пункт дысьлякацыі. Гэта 254-ы гвардзейскі мотастралковы полк імя Аляксандра Матросава (в/ч 91704, ПСД – г. Клінцы, с. Займішча).
На сёньня ён паводле колькасьці асабовага складу й наяўнага ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі зьяўляецца батальённай тактычнай групай. Паводле аналізу спадарожнікавых здымкаў, яна складаецца з мотастралковага батальёну, узброенага да 40 адзінак ББМ (меркавана БТР-80 і БТР-82А), і ўзмоцненага танкавай ротай (ня менш за 8 адз. меркавана Т-72БА). Апроч гэтага ва ўзбраеньні маюцца й некалькамі дзясяткаў сродкаў артылерыі, у тым ліку дывізіён буксаваных 152-мм гаўбіцаў 2А65 “Мста-Б” (зафіксаванае таксама 12 адзінак) і некалькі адзінак БМ-21. Працягваецца ўкамплектаваньне гэтага фармаваньня да паўнавартаснага палка.
Улетку 2018 году на тэрыторыі палявога парку ў Займішчы пачалося будаўніцтва казармаў для вайскоўцаў. За некалькі месяцаў, да кастрычніка 2018 году, былі ўзьведзеныя 4 блёчна-модульныя збудаваньні, разьлічаныя агулам на ня менш за 800 вайскоўцаў. У іх, меркавана, разьмешчаны асабовы склад 254-га МСп.
Вайсковыя інтэрнаты блёчна-модульнага тыпу й інфрастуктура, к. Клінцы, с. Займішча, кастрычнік 2019 г. / TerraServer, DigitalGlobe
Выснова
Актыўнае перакідваньне вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня да мяжы зь Беларусьсю супадае з пачаткам інтэнсыфікацыі захадаў з боку РФ што да паўнавартаснага разгортваньня так званага «Союзного Государства». Нягледзячы на тое, што Беларусь зьяўляецца адным з асноўным вайсковых хаўруснікаў Расеі, зь якой створаная адзіная рэгіянальная групоўка войскаў, адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны, расейскае камандаваньне разгортвае ўздоўж беларускае мяжы паўнавартасную ўдарную наступальную лінію, якую ўтвараюць фармаваньні 144-й МСД.
Напрамкі патэнцыйных удараў фармаваньняў 144-й МСД ЗС РФ / Google Maps
Вайсковая база ў Клінцах знаходзіцца ўсяго за 90 кілямэтраў ад Гомеля й злучаная з горадам чыгуначным спалучэньнем і трасай рэгіянальнага значэньня. На ёй дысьлякуюцца фармаваньні, разгорнутыя на падставе падразьдзяленьняў 28-й мотастралковай брыгады зь Екацерынбурга, якія атрымалі значны баявы досьвед падчас расейскай ваеннай агрэсіі супроць Украіны й Сірыі. Створаныя фармаваньні расейскае арміі валодаюць значным патэнцыялам для правядзеньня апэрацыяў у межах мажлівай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі, калі сілы й сродкі для прымушэньня нашай краіны да інтэграцыі будуць вычарпаныя. Безумоўна гэта ёсьць фактарам наўпроставага вайскова-палітычнага ціску на кіраўніцтва РБ.
Адсутнасьць з боку Беларусі памежнага кантролю й значных вайсковых сілаў на мяжы з Расеяй у Магілеўскай і Гомельскай абласьцях істотна павялічваюць зазначаныя пагрозы.
Разам з тым, нягледзячы на прыярытэтнасьць беларускага стратэгічнага напрамку для разгортваньня й прасоўваньня створаных фармаваньняў 144-й МСД, яны могуць быць выкарыстаныя расейскай арміяй і супроць Украіны. Рэалізацыя сцэнару паўнамаштабнага ўварваньня Збройных сілаў РФ ва Украіну прадугледжвае й застасаваньне тэрыторыі Беларусі ў якасьці ваеннага пляцдарму, наступальныя стратэгічныя апэрацыі зь якога могуць праводзіць таксама сілы 1-й танкавай арміі. Элемэнты гэтых дзеяньняў ужо былі адпрацаваныя падчас супольных стратэгічных вышкалаў “Запад 2017”.
Дзяніс Івашын, “Новы Час”
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 5 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа