Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае адсочваць сытуацыю ў памежных з Данбасам раёнах Растоўскае вобласьці, дзе сканцэнтраваная адная з наймагутных ударных груповак расейскіх сілаў, ськіраваных на Украіну. Падчас плянавага маніторынгу ў раёне Кузьмінскага палігону Растоўскае вобласьці выяўленае тактычнае падразьдзяленьне з складу 70-й АМСБр з Прыморскага краю РФ, якое пазыцыянуе сябе як «Міратворчыя Сілы».
З пачаткам расейскай агрэсіі супроць Украіны InformNapalm яшчэ ўлетку-ўвосень 2014 году адным зь першых выявіў дадзеныя што да складу расейскай групоўкі сілаў уварваньня, сканцэнтраванай у Растоўскае вобласьці РФ. Менавіта тактычныя падразьдзяленьні (Р/БТГр – ротных або батальёна-тактычных групаў) растоўскае групоўкі расейскае камандаваньне выкарыстоўвала для вырашэньня баявых задачаў на Данбасе ў тыя крызавыя моманты, калі трэба было зрабіць пералом, што неаднаразова было даказанае ў нашых OSINT-расьледаваньнях. Але, нягледзячы на адноснае зацішша і зьмену тактыкі вядзеньня вайны на Данбасе (выкарыстаньне расейскіх вайскоўцаў, уведзеных у склад НЗФ карпусоў «ДНР/ЛНР» аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў), расейскія вайскоўцы працягваюць трымаць у баявой варце ў Растоўскае вобласьці магутную ўдарную групоўку. Асноўнымі мейсцамі дысьлякацыі тактычных групаў групоўкі зьяўляюцца базавыя лягеры, разгорнутыя ў ваколіцах палігонаў Кадамаўскі і Кузьмінскі, таксама ў раёне Каменска і Мілерава.
У выніку выведкі адкрытых крыніцаў у раёне Кузьмінскага палігону ў Мясьнікоўскім раёне Растоўскае вобласьці ідэнтыфікаванае раней не зафіксаванае тактычнае падразьдзяленьне з складу 70-й асобнай мотастралковай брыгады Усходняе вайсковае акругі ЗС РФ. Падразьдзяленьне ў Растоўскую вобласьць было перакінутае з Далёкага Усходу напрыканцы лістапада 2015 году. Меркаваны склад: батальёна-тактычная група ў складзе 3-га мотастралковага батальёну гэтага вайсковага злучэньня, узмоцненага сродкамі артылерыі і танкамі.
Гл. архівы на профілі вайскоўцаў 70-й АМСБр, якія знаходзяцца ў растоўскай камандыроўцы: Эміль Губееў 1, 2, 3 і Андрэй Жэгалін 4, 5, 6.
Найбольш характэрным момантам, зьвязаным з «растоўскай камандыроўкай» 70-й АМСБр, ёсьць тое, што падразьдзяленьне пазыцыянуе сябе як «Міратворчыя Сілы» (?), мае адпаведныя нашыўкі і сымболіку «МС» з сьцягам ААН. Вось толькі незразумела паводле якога мандату яны дзейнічаюць і што робіць брыгада ЗС РФ з Далёкага Усходу ў памежным з Украінай раёне. Лепей было б, каб Пуцін і Шайгу вырашалі ўласныя праблемы ў Прымор’і, якое Расея моўчкі і паэтапна саступае вялікаму суседу, ня маючы мажлівасьці супрацьстаяць кітайскай эканамічнай і дэмаграфічнай экспансіі.
Нагадваем, што 70-я брыгада не адзінае «міратворчае» злучэньне, якое мы выявілі ў кантэксьце «растоўска-ўкраінскіх камандыровак». Аднымі з пачынальнікаў «міратворчай місіі» на Данбасе зьяўляліся тактычныя групы самарскае 15-й АМСБр, якія імгненна, без усялякіх складанасьцяў, ператвараліся з «МС» на баявікоў «наваросіі» – гл. “Мімікрыя 15-й АМСБр ЗС РФ пад «шахтароў Данбаса”. Таксама праз “данбаскую” камандыроўку масава прайшлі «міратворцы» -акупанты 7-й расейскай акупацыйнай вайсковай базы з г.Гудаўта (акупаваная Абхазія, Грузія), вайскоўцы якой да сёньняшняга дня сумяшчаюць кантрактную службу ў ЗС РФ з падпрацоўкай у статусе баявікоў «ДНР».
Даведка: 70-я асобная гвардзейская мотастралковая Духоўшчына-Хінганская ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі Красназнамённая ордэна Суворава брыгада, в/ч 24776 (Прыморскі край, г.Усурыйск, вул. Ленінградзкая, 41), у складзе 5-й агульнавайсковай Красназнамённай арміі (Штаб в/ч 06426, Прыморскі край, г.Усурыйск). Сфармаваная з складу падразьдзяленьняў 129-й кулямётна-артылерыйскай дывізіі ў сьнежні 2008 году. Заяўленая арганізацыйна-штатная структура злучэньня: Упраўленьне, 3 (магчыма 4) МСБ, стралковая рота снайпэраў, танкавы батальён, 2 самаходна-артылерыйскія дывізіёны, рэактыўны артылерыйскі дывізіён, супрацьтанкавы артылерыйскі дывізіён, зэнітны ракетны і зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізіёны, выведвальны батальён, рота БПЛА, інжынэрна-сапёрны батальён, рота РХБА, батальён кіраваньня (сувязі), рота РЭБ, батарэя кіраваньня і артылерыйскай выведкі (начальніка артылерыі), узвод кіраваньня і радыёлякацыйнай выведкі (начальніка СПА), узвод кіраваньня (начальніка выведвальнага аддзяленьня), рамонтна-аднаўленчы батальён, батальён матар’яльнага забесьпячэньня, камэнданцкая рота, мэдычная рота, узвод інструктараў, узвод трэнажэраў, палігон, аркестар. Ва ўзбраеньні: 41 адз. Т-72Б, 159 адз. МТ-ЛБ, 18 адз. БМ-21 «Град», 36 адз. 152-мм СГ 2С19 «Мста-С» і 2С3 «Акацыя», 18 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П148 «Конкурс», 11 адз. БТР-80, 4 адз. БРДМ-2, ЗРК 9К37 «Бук-М1» (1 адз. КП 9С470M1, 1 адз. СВМ 9С18M1 «Купал-М1», 6 адз. СВУ 9А310M1, 3 адз. ТЗМ 9А39), 6 адз. БМ 9А34 (35) «Страла-10», 6 адз. ЗСУ 23-14 «Шылка».
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm. Аўтар расьледаваньня – Іраклі Камахідзэ.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Актыўны распаўсюд у сацсетках вітаецца!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа