
Напачатку сьнежня 2019 году пасьля публікацыі фактаў што да правядзеньня баявікамі тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР» інфармацыйнай апэрацыі прыкрыцьця расейскіх сродкаў РЭБ на Данбасе, у рэдакцыю міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm паступілі новыя эксклюзіўныя фотасьведчаньні. Атрыманыя матар’ялы пацьверджваюць, што Расейская Фэдэрацыя працягвае актыўна застасоўваць свае вайсковыя комплексы, сілы й сродкі для ваенных дзеяньняў супроць Украіны й акупацыі часткі ўкраінскае тэрыторыі.
Новыя фотадоказы й сьведчаньні СММ АБСЭ
Напрыканцы лістапада – пачатку сьнежня назіральнікі маніторынгавае місіі АБСЭ на Данбасе зафіксавалі й задукамантавалі ў сваіх справаздачах расейскія станцыі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) Р-330Ж «Житель» (рас.), мадыфікацыю Р-934 і РБ-636 «Свет-КУ». Адпаведныя тэкставыя паведамленьні былі апублікаваныя ў публічнай частцы справаздачы СММ АБСЭ 28 лістапада й 7 сьнежня 2019 г.
Скрыншоты з справаздачаў АБСЭ
Аднак гэтая інфармацыя не прыцягнула належнае ўвагі грамадзкасьці й СМІ, мажліва, праз адсутнасьць візуальных доказаў.
Сёньня мы маем мажлівасьць апублікаваць для нашых чытачоў унікальныя фотаматар’ялы, якія пацьверджваюць гэтыя дадзеныя:
Аналітыкі міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm таксама параўналі гэтыя фота з пазначанымі ўзорамі расейскае вайсковае тэхнікі й пацьверджваюць, што з высокай ступеньню верагоднасьці менавіта станцыі РЭБ Р-330Ж «Житель», Р-934 і РБ-636 «Свет-КУ» чарговага разу былі зафіксаваныя на тэрыторыі акупаванага Данбасу. Хаця расейскія вайскоўцы й спрабавалі схаваць іх з дапамогаю маскавальнае сеткі, але характэрныя элемэнты станцыяў усё адно раскрылі іхнае мейсца базаваньня.
Для візуальнага параўнаньня кампануем пададзеныя фота зь іншымі вядомымі фатаздымкамі пазначаных комплексаў РЭБ:
Нагадаем, што ў 2016 годзе міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm упершыню ідэнтыфікавала расейскі мабільны комплекс радыётэхнічнага кантролю й абароны інфармацыі РБ-636 «Свет-КУ», які быў зафіксаваны ў фота, зробленым у Луганску на скрыжаваньні вуліцаў 50-годзьдзя ўтварэньня СССР і Курчатава. Таксама тады ўдалося вызначыць, што комплекс належаў 18-й асобнай роце РЭБ (в/ч Л-05776, мейсца дысьлякацыі г. Луганск) 2-га армейскага акупацыйнага корпуса (“ЛНР”) 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ. На шасі комплексу быў нанесены тактычны знак «18 у квадраце», рэгістрацыйны нумар ЛК 4686.
Таксама ў 2016 годзе ў выніку аналізу запісаў радыёперахопу валянтэры InformNapalm ўпершыню ідэнтыфікавалі пост аўтаматызаванай станцыі перашкодаў Р-934УМ, якая пераважна працуе разам з комплексам Р-330Ж «Житель» і пунктам кіраваннья тыпу Р-330КМА.
Менавіта таму ў справаздачы СММ АБСЭ з 28 лістапада 2019 г. былі пазначаныя і мадыфікацыя станцыі Р-934, і Р-330Ж «Житель», якія былі зафіксаваныя разам на акупаванай тэрыторыі Данбасу за 32 км на захад ад Луганска.
Якія яшчэ расейскія сыстэмы РЭБ былі выяўленыя на Данбасе
Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm неаднаразова фіксавала наяўнасьць на акупаванай тэрыторыі Данбасу разнастайных сучасных расейскіх комплексаў РЭБ/РЭВ, якія маюцца ва ўзбраеньні Збройных сілаў (ЗС) РФ. Станам на 2019 год валянтэры супольнасьці InformNapalm дасьледавалі факты застасаваньня больш за 12 такіх комплексаў і сыстэмаў:
- РБ-341В «Леер-3» – расейскі комплекс радыёэлектроннае барацьбы, прызначаны для падаўленьня GSM-сувязі з дапамогаю перашкодаў. У склад комплексу ўваходзяць тры БпЛА «Арлан-10» і пункт кіраваньня на базе грузавіка КамАЗ-5350. Комплекс здатны падмяняць вышкі сотавае сувязі й дасылаць абанэнтам фэйкавыя SMS з мэтаю правядзеньня інфармацыйна-псыхалягічных спэцапэрацыяў;
- Р-378Б «Барысаглебск-2» – расейская аўтаматызаваная станцыя перашкодаў;
- Р-934УМ – расейская аўтаматызаваная станцыя перашкодаў;
- Р-330Ж «Житель» – расейская аўтаматызаваная станцыя перашкодаў;
- «Торн» – расейскі комплекс радыёвыведкі;
- СПР-2М «Ртуть-БМ» – расейская станцыя перашкодаў;
- РБ-636 «Свет-КУ» – расейскі мабільны комплекс радыётэхнічнага кантролю й абароны інфармацыі;
- 1РЛ243 «Рубікон» – расейская станцыя радыёэлектроннае выведкі;
- Р-381Т «Таран» – аўтаматызаваны комплекс радыёвыведкі;
- 1Л269 «Красуха-2» – расейская станцыя радыёэлектроннага падаўленьня (згадвалася толькі ў справаздачах СММ АБСЭ)
- РБ-109A «Быліна» – расейская сыстэма радыёэлектроннае барацьбы (згадвалася толькі ў справаздачах СММ АБСЭ)
- «Рэпелент-1» – расейская сыстэма радыёэлектроннае барацьбы (згадвалася толькі ў справаздачах СММ АБСЭ)
Таксама вялікая частка эксклюзіўных візуальных дадзеных адносна расейскіх РЭБ на Данбасе, сабраных з 2014 па 2018 гады валянтэрамі міжнароднае супольнасьці InformNapalm у выніку правядзеньня OSINT-расьледаваньняў, у 2019 годзе была выкарыстаная ў прэзэнтацыі Генэральнага Штабу Збройных сілаў Украіны для замежных партнэраў.
Ня РЭБам адзіным…
Апроч сродкаў РЭБ, Расейская Фэдэрацыя актыўна выкарыстоўвае на Данбасе і іншыя тыпы ўзбареньня й вайсковай тэхнікі. Станам на 2019 год у інтэрактыўнай базе дадзеных InformNapalm сабраныя факты пра выкарыстаньне 50 тыпаў (не стралковага, але цяжкога або складанага найноўшага) расейскага ўзбраеньня, якое не магло выпадковым чынам патрапіць на Данбас без загадаў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ. Таксама за 5 з паловаю гадоў валянтэры InformNapalm задакумантавалі ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе на ратацыйнай падставе больш за 2600 (!) кадравых расейскіх вайскоўцаў і адмыслоўцаў з 99 вайсковых частак ЗС РФ, а таксама іншых сілавых ведамстваў Расейскае Фэдэрацыі. Значная частка расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку старэйшых і вышэйшых афіцэраў ЗС РФ, выконвалі й працягваюць выконваць баявыя задачы й кіраваць гібрыднымі акупацыйнымі войскамі на Данбасе.
Таксама справаздачы й відэаграфіка InformNapalm пра некаторыя адзінкі расейскага ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі й пра падразьдзяленьні рэгулярнае расейскае арміі на Данбасе былі прадстаўленыя падчас Парляманцкай асамблеі NATO, а таксама на іншых міжнародных пляцоўках цягам 2016-2019 гадоў.
Выснова
Расейская Фэдэрацыя працягвае зьдзяйсьняць супроць Украіны гібрыдную ваенную агрэсію на Данбасе з застасаваньнем тэхнічных сродкаў, узбраення, вайсковай тэхнікі і вайсковых адмыслоўцаў.
На прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў у Нармандзкім фармаце ў Парыжы ў ноч на 10 сьнежня 2019 г. кіраўнік РФ Уладзімер Пуцін ухіліўся ад наўпроставага адказу на пытаньне пра вяртаньне Украіне кантролю над дзяржаўнаю мяжою й спаслаўся на пункты Менскага пратаколу 2014 году. Аднак у Менскім пратаколе выразна пазначаны пункт пра вывядзеньне ўсіх замежных збройных фармаваньняў, вайсковай тэхнікі, а таксама наймітаў з тэрыторыі Украіны пад наглядам АБСЭ і раззбраеньне ўсіх незаконных групаў. Таксама зазначаны пункт пра неабходнасьць ўзнаўленьня поўнага кантролю над дзяржаўнаю мяжою з боку ўраду Украіны.
Але Расея дэ-факта не зацікаўленая ў спыненьні баявых дзеяньняў і дасягненьні міру на Данбасе, таму цягам 5 гадоў адмаўляецца выводзіць сваю тэхніку й войскі, пазыцыянуе сябе пры гэтым у якасьці пасярэдніка перамоваў, які не зьяўляецца бокам канфлікту. На Данбасе працягваецца незаконная выдача пашпартоў Расейскае Фэдэрацыі й фактычная акупацыя асобных рэгіёнаў Луганскае й Данецкае абласьцей, якая сталася наступным крокам пасьля захопу й акупацыі ўкраінскага Крыму, што ёсьць грубейшым парушэньнем усіх нормаў міжнароднага права.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі паводле вынікаў нармандзкае сустрэчы заявіў пра пашырэньне мандату місіі АБСЭ для зьдзяйсьненьня назіраньня ў зоне канфлікту. Пасьля пашырэньня мандату назіральнікі АБСЭ маюць права праводзіць маніторынг сытуацыі ў фармаце 24/7 .
Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm неаднаразова зьвяртала ўвагу на справаздачы СММ АБСЭ зь інфармацыяй пра расейскую вайсковую тэхніку на Данбасе. Але ёсьць падставы меркаваць, што назіральная місія АБСЭ магла б працаваць значна больш эфэктыўна, калі б зь ейнага складу былі выведзеныя прадстаўнікі дзяржавы-агрэсара РФ, а таксама іншых краінаў, якія неаднаразова дэманстравалі салідарнасьць з Расейскай Фэдэрацыяй падчас галасаваньняў ў ААН што да рэзалюцыяў пра злачынны захоп Крыму.
Таксама неабходна ініцыяваць ўзмацненьне санкцыйнага рэжыму супроць РФ, як дзяржавы-агрэсара, якая не спыняе агрэсіўныя дзеяньні супроць Украіны і не выводзіць свае войскі з украінскіх тэрыторыяў.
Прапануем палітыкам, экспэртам і дыпляматам засяродзіцца на гэтых пытаньнях для пасьлядоўнага ціску на агрэсара ў межах палітычнага, дыпляматычнага й інфармацыйнага франтоў.
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Загалоўнае фота – militaryarms.ru.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 5 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа