Данбаская крыза пераходзіць у сваю новую фазу. На некаторы час, неабходны для перадышкі і дзеяньняў на іншых франтах, уключаючы сірыйскі, Крэмль пераводзіць тое, што адбываецца – на паўзу. Калі ў каго-небудзь зь мясцовых і знайшліся пярэчаньні, то, як выявілася, каштавалі яны няшмат: яна, сапраўды, усталявалася. Зрэшты, паўза – яшчэ не азначае бязьдзейнасьць. На тэрыторыі “ДНР” і “ЛНР” усё яшчэ адбываюцца досыць займальныя міжсабойчыкі зь “ськіданьнямі” і пасадкамі ў падвал непадкантрольных пэрсанажаў. Працягваецца ўтылізацыя залішняга чалавечага рэсурсу. Пра яе мы сёньня й пагаворым.
Адразу зазначым: “утылізацыя” зусім ня абавязкова азначае фізічнае зьнішчэньне. У большасьці выпадкаў гэта было б проста залішнім: такія захады выкарыстоўвалі толькі ў адносінах да камандыраў асобных узброеных груповак, вядомых альбо праз свавольле, альбо бязьмежжа, якое ставіла пад загрозу дасягненьне тактычных і стратэгічных мэтаў РФ у канфлікце на Данбасе. Да таго ж і тут ліквідацыя часта нават ня мела мэты ў наўпроставым дзеяньні: было дастаткова санкцыі “цяпер – можна”, агучанай канкурэнтам ахвяраў зь іншых груповак гэтага “дружнага” заапарку. Так выправіўся на той сьвет даволі вядомы Бядноў (“Бэтмэн”), экс-камэндант Антрацыта Пеніжанін (“Прапар”) і шэраг менш вядомых пэрсанажаў народнага фальклёру. Іншых бралі пад “белы ручанькі”, як атамана Касагора. Часам атрымліваецца сьпісаць гэта на працу “дывэрсыйных групаў укропаў”, як у выпадку з “народным мэрам Першамайска” Ішчанкам, часам не – як у выпадку з “казачкамі”, якіх выносіла “народная міліцыя” імя Платніцкага, што назіралі з сваіх бальконаў цэлыя гарады.
Чытайце таксама: “Яноты” Хамякова “зачышчаюць” казакоў “Наваросіі”
Але, пры ўсёй маштабнасьці дзеяньняў, гэта, ўсё ж, былі адзінкавыя выпадкі разборак з у адкрытую непадкантрольнымі “атаманамі Грыцыянамі Данбаскімі” у межах перападпарадкаваньня акупаваных раёнаў новай вертыкалі ўлады. Тым больш, што згаворлівых і менш моцных духам пакідалі ў спакоі. Тых, якія пасьпелі стварыць асабісты брэнд – на ганаровы адпачынак. Гэтак, выдатна ўладкаваўся Ігар Усеваладавіч Гіркін, зь няўдалага цара Леаніда…
…які перакваліфікаваўся ў пасьпяховага палітоляга…
…і шчасьлівага маладога…
Аднак зараз – іншая сытуацыя. Калі мінулага разу Крэмль выпілоўваў кіравальнасьць праэкту “ЛНР-ДНР”, працуючы лобзікам па жывым мясе, то цяпер задача іншая. Праэкт “Наваросія” меў абмежаваны посьпех, не дасягнуў заяўленых мэтаў і пераводзіцца ў рэжым “on hold” – да чарговага “найвышэйшага распараджэньня”. Калі яно паступіць – залежыць ад шматлікіх фактараў. Улічваючы сытуацыю ў значна больш гарачых краёх, паводзіны глябальных гульцоў і дзеяньні Савудаўскае Арабіі на эўрапейскім рынку нафты. А пакуль – паўза.
Штатныя прапагандысты, уключаючы былых уцекачоў з “бандэраўскае Украіны” (апошнія – асабліва старанна), ужо тлумачаць грамадзкасьці, якая спачувае акупантам, чаму так трэба. Але на практыцы і яна мае некаторыя падазрэньні. І справа ня толькі ў тым, што яны маюць свой лягер зьбітых ястрабаў, у якіх разам з праэктам “Наваросіі” у форме анарха-рэспублікі зьнікаюць спадзевы на хоць нейкую кар’еру і самарэалізацыю, але і ў тым, што ўсё больш простых “дабраахвотнікаў-інтэрнацыяналістаў” “Наваросіі” высьвятляюць, што яны ўжо непатрэбныя ня толькі ў межах часовае нетрывалае структуры, якая выбудоўваецца на Данбасе, (гэтыя пэрыпэтыі някепска растлумачаныя ў нядаўнім матар’яле Ленты.Ру “Ішла б лесам гэтая ДНР – зьбягаю ў Расею!“), але і ў сябе на Радзіме. Больш за тое – яны пачалі прыцягваць да сябе ўсё большую ўвагу “ворганаў”. Калі дагэтуль гэта тычылася, збольшага, дабраахвотнікаў з краінаў экс-СССР (Латвіі, Беларусі, Казахстана) і далёкага замежжа (Сэрбіі, Гішпаніі), то цяпер тычыцца і расейцаў. Тых, на каго ёсьць арыентоўка, бяруць наўпрост на мяжы. Астатнія нават пасьпяваюць трохі разьняволіцца перад атрыманьнем вестачкі ад Сьледчага камітэта або судовых ворганаў.
Гэтае, увогуле, было чаканым. Расейская Фэдэрацыя ніколі ня мела асаблівага піетэту да вэтэранаў нядаўніх войнаў. Хто хоча паспрачацца, можа ўспомніць становішча вэтэранаў Аўганістана або чачэнскіх кампаніяў, асабліва інвалідаў. Такі вэтэран – гэта дадатковаы цяжар для бюджэту і сталая крыніца небясьпекі. Асабліва ўлічваючы няўдалую камбінацыю ПТСР (посттраўматычнае стрэсавае расстройства), адсутнасьці звыклых сацыяльных тармазоў і наяўнасьці ўменьня карыстацца зброяй. У заходніх краінах для гэтага існуюць асаблівыя праграмы адаптацыі. У РФ, дзе псыхічныя расстройствы зазвычай лякуюць гарэлкай і аўтатрэнінгам, прынята таксама лічыць, што да начной крамы вэтэраны дойдуць самі. Аднак цяпер, у сытуацыі, калі краіна асабліва турбуецца пра захады ўласнае бясьпекі, сілавыя ворганы сталі ўважліва сачыць, каб гэтыя людзі не дайшлі да “ваенторгу”. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова, уключаючы нядаўна паўсталыя. Тым больш, што многія з гэтых людзей, якія не знайшлі сабе мейсца ў мірным жыцьці, павялічылі шэрагі злачынцаў.
Вядома, расейскі вэтэран – прадмет, як кажуць буржуі, “recycable”. Яго можна, напрыклад, выправіць у Сірыю, дзе ён яшчэ некаторы час будзе карысным. Але гэта, збольшага, актуальна для тых асобаў, якія маюць хоць нейкае дачыненьне да кадравай арміі. Выпраўляць туды колішніх дабраахвотнікаў ўжо нашмат складаней.
Збольшага, менавіта таму шматлікія байцы цяпер “затрымліваюцца” на Данбасе. Але гэта – толькі часовая зьява. У выпадку прыняцьця рашэньня пра канчатковы адыход “хвасты” будуць падчышчаныя і тамака. Тады ў выніку мы атрымаем павучальную гісторыю, у якой тысячы чалавек з пачуцьцём выкананага грамадзянскага абавязку загналі самі сябе ў пастку.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Victor Tregubov
(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу актыўная спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Пераклаў на беларускую мову – Дзяніс Івашын
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа