Падаем артыкул аднае зь легендарных постацяў Беларускага Адраджэньня, кіраўніка КХП БНФ Зянона Пазьняка пра выяўлены новы факт антыдзяржаўнай прапаганды, наўпроставы замах на існаваньне й сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь. Апроч гэтага, закранаецца й тэма працягу маштабнай кампаніі дыскрэдытацыі Народнага Мэмарыялу Курапаты.
Наўпроставая пагроза нацыянальнай бясьпецы Беларусі
Зьявіліся запісы відэа-спэктакляў “нон-фікшн”, якія можна пагледзець у сэрвісе “YouTube”. Гэта новы жанр у маскоўскай гібрыднай вайне. Як тэатразнавец скажу, што зь гледзішча тэатру зробленае ўсё прафэсійна. Зь гледзішча палітычнага – прымітыўна. Але, тым ня менш, – прайшло. Асяродзьдзе рэжымнае ўлады настолькі адсталае, што чыноўнікі нават не зразумелі, што адбываецца. Каб зразумець, ім трэба было б быць грамадзянамі нацыі. Манкуртызм паталягічны. Дзяржава ня зможа ўтрымацца на падобных асобах.
У гэтых запісах зафіксаванае, як група з трох-чатырох чалавек заходзіць у дзяржаўную ўстанову да старшыні райвыканкама, намесьніка гарвыканкама, пракурора, загадчыка аддзела Міністэрства культуры, прадстаўнікоў заканадаўчай улады й г. д. Яны вітаюцца й просяць начальніка паказаць ім пасьведчаньне асобы: хто ён такі і паводле якога праву тут знаходзіцца. – А вы хто?, – пытаецца, як правіла, агаломшаны начальнік. – А мы, – адказваюць, – живорожденные люди, члены Всемирного международного экстерриториального пространства естественного права, человеки-суверены земства Белой Руси. Гражданства Беларуси нет, – кажуць візытэры, – беларуские паспорта – фікцыя, а Республики Беларусь не существует. Мы, – працягваюць, – реальная власть, так как в соотвествии с Конституцией, народ осуществляет ее непосредственно. Так вот, мы ее осуществляем как граждане СССР, так как Советский Союз не развалился, он существует юридически, но временно распущены его органы власти, а участники корпорации РФ и РБ, гаўляйтер Александр Григорьевич управляет этой фирмой, которая зарегистрирована в США.
З жыцьцёвага вопыту скажу, што калі б у тых СССР і БССР да начальніка прышлі б такія экстраваганты, то пасьля апошняй фразы начальнік спакойна выклікаў бы праз тэлефон нарад міліцыі, сказаў бы затрымаць суб’ектаў, высьветліць, хто такія, адкуль і яму паведаміць. Тым больш, што прыхадні адмовіліся паказваць свае пашпарты.
Тут жа, у выпадку, пра які я расказваю, рэжымныя бюракраты-лапцюжнікі напалохаліся, пачалі лыпаць вачыма, пускаць бурбалкі, абурацца й адмаўляцца паказаць пасьведчаньне асобы незнаёмцам. Пачалі зь імі спрачацца, няведаючы, хто яны, ды слухаць, разьзявіўшы рот. (Дарэчы, у акупацыйным сцэнары патрабаваньне пасьведчаньня асобы ў начальства па тэхналёгіі момант вельмі важны.)
Тады “живорожденные“ выклікалі АМАП, каб даведацца, што за начальнік і па якому праву сядзіць у кабінэце. У кабінэт заходзяць два амапаўцы й пытаюць канкрэтна, напрыклад, колішняга міністра культуры Леаніда Гуляку (цяпер упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў – заўв. рэд.), чаму ён не паказвае пасьведчаньне.
– Вы што? Вы думайце, што гаворыце? – залемантаваў Гуляка на амапаўцаў. – Я ў сваім кабінэце. Шуневічу пазваню! (маецца на ўзвае – міністар нутраных справаў Ігар Шуневіч, фігуруе ў матар’яле пра патэнцыйных агентаў уплыву РФ – заўв. рэд.).
Тады “амапаўцы” прапанавалі “живорожденным людям“ прыехаць у аддзяленьне, каб там аформіць заяву на Леаніда Гуляку.
У іншым відэа прадстаўнік заканадаўчай улады дык наагул разгарнуў ім свае пасьведчаньне й напрыканцы, перад сваім адыходам, сказаў: “С вашего разрешения я поехал, извините за эмоции мои“.
І гэтак паўсюдна: свой “сюр” і свой экстравагантны абсурд.
З вобразнага, сцэнарнага й гульнявога аспэкту спэктакль у жанры нон-фікшн зроблены пахвальна. Ёсьць ансамбль. Вызначаная манэра гульні кожнага актору – нетаропкасьць, размова разважная, упэўненая, спакойным голасам, прынцып індактрынацыі, ніякіх эмоцыяў, упэўненасьць у сабе, сыпаньне цытатамі законаў (як Кручкоў у “Пінскай шляхце”) і г. д.
Адмыслова я адзначыў бы галоўнага актора, што вёў рэй. Для сябе ўмоўна назаву яго “палкоўнік”, бо чымсьці мне вельмі нагадаў незабыўнага палкоўніка расейскага ГРУ Гіркіна – арганізатара акупацыі Крыму й Данбасу. Словам, прадуманая сыйграная роля. Праўда, мушу адзначыць і недахопы. “Палкоўнік” хваляваўся і хаваў свой нэрвовы стан у бязладных непатрэбных рухах, перакідваньнем папераў, зазіраньнем у партфэль, счапляў рукі і г. д. Але ў цэлым ён добра валодаў сытуацыяй і сваім голасам. Было яшчэ пару прапушчаных хібаў, зь якіх мы дакладна даведваемся, што гэтыя людзі з Расеі (мажліва з групы «Спецоперация по возрождению СССР», якую выкарыстоўвае Лубянка). У цэлым, шчыра кажучы, я нават не чакаў, што вядомая гастрольная кантора з-за Вязьмы мае такія здольнасьці ў сцэнічнай сфэры.
Што датычыць рэжымнай адміністрацыйнай вертыкалі, то гэта, вядома, фэнамэн сапраўднага калгаснага кшталту. Гэтая “вэртыкаль” генэтычна пайшла не ад нашай шляхты, не ад паноў-рады, не ад магнатаў і ваяроў, не ад рыцараў Вялікага Княства, не ад навукоўцаў ды сьвятароў, ды вольных земляробаў сялянаў, ды вольных грамадзянаў нашых вольных магдэбургскіх гарадоў. Гэтая вертыкаль пайшла ад тых, што засталіся, якіх акупанты пазбавілі маёмасьці й зямлі, наплявалі ў душу, забралі мову, ператварылі на калгасьнікаў, навучылі ўсяго баяцца, горшых завэрбавалі ва ўладу і абавязалі служыць. Вось яны й служаць.
Галоўны калгасьнік, як вядома, кіруе ўладай строга паводле калгаснай схемы й на калгасным узроўні. Ягоныя падначаленыя такія ж. Яны даўно ператварыліся на шэрасьць бяз розуму, бяз гонару, без найменшых паняцьцяў пра дзяржаву, нацыю, Радзіму, культуру, законы ды права, нават пра свае абавязкі. Сэлекцыя мадэфікаваных боўдзілаў.
Але шляхта, дзякуй Богу, у нашай прасторы яшчэ жыве. (Маю на ўвазе людзей патрыятычнай сьведамасьці й высокага духу).
Перад вайной і захопам Данбасу расейская агентура ва Украіне зьдзяйсьняла аналягічныя спэктаклі. Выступы далі досьвед. Карціну акупацыі мы бачылі. Збройныя вайсковыя групы расейцаў з аўтаматамі захоплівалі будынкі мясцовае улады, арыштоўвалі ўкраінскае кіраўніцтва, вывешвалі расейскі сьцяг і аб’яўлялі расейскую ўладу.
Спэктаклі нон-фікшн, пасьпяхова праведзеныя ў Беларусі, паказалі, што тут дастатковым можа быць прасьцейшы варыянт. Тры суб’екты, мажліва нават бяз зброі, заходзяць у ворганы ўлады й кажуць, што аднаўляецца СССР, што яны ёсьць улада СССР і каб начальства йшло да хаты. Яно й пойдзе. А калі ня пойдзе – паклічуць АМАП, каб адвялі. Потым суб’екты зьбіраюць натоўп і кажуць пра ўладу СССР. – А што наконт пэнсіі? – пытае народ, – всем дадим, – будзе адказ. Далейшы захоп краіны (такой краіны) – справа рутыны. Так ім будзе здавацца.
Так што – “ю вэлкам” у Беларусь. Толькі на гэтым спэктаклі скончацца. Тут лубянкаўская кантора знойдзе сваю магілу разам зь імпэрыяй. Дастаткова будзе аднаго слова – “ПАРА!” І яно прагучыць!
І цяпер па сутнасьці таго, што сталася. Зафіксаваны факт групавой антыдзяржаўнай прапаганды, замах на існаваньне й сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь. Гэтыя людзі маюць быць арыштаваныя, праведзенае дазнаньне, распачатая судовая справа, сьледзтва. Сумняюся, што пракуратура выканае свой абавязак, бо відавочна, што ў спэктаклях акторам дапамагалі і АМАП, і Шуневіч, і ці ня ўся сыстэма вертыкалі гораду Менску. Таму зварот у пракуратуру мусіць быць ад грамадзкасьці. Сама пракуратура ня зрушыцца.
Зьвяртаю ўвагу на спэцыфічны факт, які можа праліць дадатковае сьвятло на паходжаньне гэтых “живорожденных людей“ з грамадзянствам СССР. Ведаючы містыфікацыйныя звычкі маргіналаў, я павялічыў іхнае самадзейнае пасьведчаньне “живорожденных“, каб пабачыць характар тэкстуры фону. Выявілася ромбавідная кампазыцыя зь вязевай свастыкай у цэнтры ромбу й з клясычнай свастыкай у цэнтры скрыжаваньня модуляў арнамэнту.
Толькі ня трэба слухаць расповяды пра “мирный знак Востока” і т. п. этнаграфію. Да адэптаў СССР яна ня мае аніякага дачыненьня. Там ёсьць яшчэ іншая, так бы мовіць “сымболіка”, якая сьведчыць пра ўзровень людзей, што гэта прыдумалі. Але хай бы гэта высьвятляла сьледзтва. Свастыка ў публічнай дэманстрацыі пасьведчаньня групы людзей ня можа быць выпадковай. Выкарыстаньне ейнай выявы перасьледуецца паводле заканадаўства.
Тут ніжэй падаю агульную копію пасьведчаньня “живорожденных” і выкадроўку павялічанага фону.
Выкадроўка з фота пасьведчаньня з забароненай заканадаўствам Беларусі выявай свастыкі:
На заключэньне мушу яшчэ й яшчэ раз зьвярнуцца да беларусаў: “Рыхтуймася да абароны краіны, да збройнай барацьбы за ейную Свабоду й Незалежнасьць! Што трэба рабіць – сапраўдныя мужчыны ведаюць. Ды й я пра тое не аднойчы пісаў.
Абарона Народнага Мэмарыялу Курапаты
Другі спэктакль нон-фікшн зацягнуўся ў сэрыял і зьвязаны з генэральнай атакай усіх цёмных сілаў на Народны Мэмарыял Курапаты.
Нагадаю, што дзеяньне пачалося зь незаконнай пабудовы маскоўцамі ў ахоўнай зоне Курапатаў так званага рэстаран-бардэлю “Поедем-Поедим” (колішні “Бульбашъ-холл” – заўв. рэд.). Расейскія спэцслужбы падрыхтавалі тут групу ўласьнікаў і саўдзельнікаў з адной этнічнай прыналежнасьцю. Індывідуальныя ролі дакладна расьпісаныя. Суб’ект з прозьвішчам Ізраілевіч пачаў выкарыстоўваць тэму антысэмітызму. То бок пераконваць грамадзкую думку, што ўсе пратэсты супроць парушэньня закону забудоўнікамі злачыннага аб’екту ёсьць антысэмітызм і нападкі на габрэяў, бо забудоўнікі – габрэі. Першай ахвярай антысэмітызму сьмелы Ізраілевіч выбраў тое, што расейскім спэцслужбам і трэба было: Таварыства Беларускае Мовы й спадарыню Анісім. Але нешта пайшло ня так, і агрэсару давялося жаласна прасіць прабачэньня.
З другога заходу ён напаў на газэту й журналістаў, вызначыў нават суму маральнае “шкоды” за антысэмітызм. Але зноў – перакасяк. Суд адкінуў прэтэнзіі як беспадстаўныя.
З трэцяга заходу ўпарты Ізраілевіч сам трапіў пад сьледзтва і пад варту. І ўсё, здаецца, было зь ім для гэтай ролі ў парадку: поўная адсутнасьць сумленьня, што да подласьці – ўсё ў норме, ды не хапіла розуму. Такое там не даруюць. Чацьверты заход завершыцца для Ізраілевіча камэрай з кратамі на вакенцы. Ну, хіба што зжаляцца, калі падзеліцца ды ахвяруецца. А то забыўся, дзе жыве.
Тут захваляваўся і спадар Зайдэс. Ні ён, ні спэцслужбы аніяк не чакалі такога зацятага супраціву ад абаронцаў памяці расстраляных і пратэстоўцаў перад брамай ганебнай рэстарацыі. Усё пайшло на перакасяк у спадара Зайдэса і канторскіх стратэгаў. Доўга ж трываць падобнага “лузэра” ня будуць. І што рабіць? Спаліць? Здагадаюцца. Прадаць кітайцам? Крадзенае ня купяць. Ды й замоўнікі не дазволяць. І тады Зайдэс (а ён жа разумны) вырашыў не прадаць, але купіць. Таней будзе. Знайшоў і тавар падыходны. Гэта кліенты так званага Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры спадары Астаповіч і Меляшкевіч. За 20 тысячаў рублёў купіліся (дакладней, прадаліся). Яны, праўда, ніколі Курапатамі не займаліся, але ж грошы ня пахнуць. І зоймуцца яны за гэта інвэнтарызацыяй крыжоў, пастаўленых людзьмі й сябрамі КХП-БНФ, будуць складаць сьпісы для Міністэрства Культуры (гэта там, дзе сядзіць узгаданы вышэй Леанід Гуляка), якое ўсё апрыходуе, накладзе лапу й пакажа народу, як на могілкі хадзіць.
Усе маюць выгаду. І спадар Зайдэс, і кліенты-інвэнтарызатары, і Мінкульт. Вось толькі “народзец” (на іхным жаргоне), які 80 гадоў таму пытаўся тут ля расстрэльных ямінаў “за што?”, вось толькі ён апынецца ні пры чым, і ня з чым.
Хабар з рукаў крыміналу кліенты яшчэ не ўзялі. І хай потым не займаюцца дэмагогіяй, пра “справу” й добрыя намеры. У Беларусі ня дурні. Высновы будуць жорсткія, а вынікі маркотныя.
Цалкам мажліва, давядзецца й спадару Зайдэсу пайсьці дарожкай свайго сябра й бізнэс-партнэра Ізраілевіча. Хутка ён можа страціць сваю ўпэўненасьць, пабачыўшы неба ў краты. І ня будзе ведаць, адкуль што бярэцца. Ня будзе, бо ня дадзенае. І “антысемітызм” тут не дапаможа. Расейская транспартная фірма “Энергия”, што зьдзяйсьняла грузаперпавозкі ў «Л/ДНР” і дзяліла плот з рэстарацыяй Зайдэса, сышла адразу (гэтаму пэўна паспрыяў артыкул-выкрыцьцё З.Пазьняка і нашае ўласнае расьледаваньне – заўв. рэд.). Уцямілі. Застаўся адзін Зайдэс. Мы пачакаем. А варта курапацкае памяці будзе стаяць да перамогі. І яны яе пабачаць, гэтую перамогу, пад гукі рэстараннага вальсу “На сопках Маньчжурыі”, што прагучыць усьлед небараку, які думаў абпляваць сьмерць.
Зянон Пазьняк
Арыгінальны тэкст артыкулу апублікаваны на сайце pazniak.info.
Рэдагаваў артыкул Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа