Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm атрымалі для вывучэньня эксклюзіўныя здымкі з БпЛА і зьдзейсьнілі дадатковую геалякацыю, каб вызначыць дакладныя каардынаты як мейсца ўварваньня расейскіх вайсковых калёнаў ва Украіну, гэтак і пункту іхнага прыбыцьця на тэрыторыі акупаванага Данбасу.
У штодзённай справаздачы Спэцыяльная маніторынгавая місія (СММ) АБСЭ №134/2020 з 6 чэрвеня 2020 г. паведамляе, што з дапамогаю бесьпілётнага лятальнага апарату (БпЛА) далёкасяжнага радыюсу дзеяньня была зафіксаваная аўтакалёна грузавікоў, якая схавана заехала на тэрыторыю Украіны ў непадкантрольным раёне Луганскае вобласьці паблізу мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй празь мейсцы, не абсталяваныя сыстэмай пропуску.
Перасоўваньне грузавікоў з РФ досыць падрабязна апісанае ў справаздачы СММ АБСЭ. Аднак не стае візуальных дэталяў, якія маглі б пацьвердзіць грубае парушэньне тэрытарыяльнае цэласнасьці Украіны з боку Расейскае Фэдэрацыі. Валянтэры InformNapalm атрымалі эксклюзіўныя здымкі з БпЛА і зьдзейсьнілі ґеапазыцыянаваньне мясцовасьці дзеля вызначэньня дакладных каардынатаў мейсца ўварваньня на тэрыторыю Украіны вайсковых калёнаў Збройных сілаў РФ і пункту іхнага прызначэньня на тэрыторыі Луганскае вобласьці.
Здымкі з БпЛА СММ АБСЭ і ідэнтыфікацыя ад InformNapalm
Публікуем эксклюзіўныя здымкі з БпЛА, якія пацьверджаюць тэкставую частку справаздачы СММ АБСЭ №134/2020 з 6 чэрвеня 2020 г.
З дапамогаю дадзеных, пазначаных у справаздачы АБСЭ, валянтэры InformNapalm зьдзейсьнілі ґеапазыцыянаваньне фатаздымкаў з БпЛА і вызначылі дакладныя каардынаты мейсца фотафіксацыі.
У першым здымку зафіксаваная калёна грузавікоў непасрэдна ля мяжы з РФ, падаем каардынаты гэтай мясцовасьці: 48.160698, 39.904193.
У другім фота зафіксаванае прыбыцьцё грузавікоў у пункт прызначэньня з каардынатамі ў Луганску: 48.538979, 39.325941.
Валянтэры InformNapalm з дапамогай маніторынгу адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначылі, што гэтую тэрыторую даўно выкарыстоўваюць расейскія акупацыйныя войскі ў якасьці базы для асобнага батальёну матар’яльнага забесьпячэньня 2-га армейскага корпуса (Луганск) 8-й агульнавайсковай арміі Збройных сілаў РФ. Пра гэта сьведчыць відэа, якое было апублікаванае прапаґандыстамі тэрарыстычнае арганізацыі «ЛНР» ў 2015 годзе.
Нагадаем, што ў сакавіку 2020 году міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm прадэманстравала эксклюзіўны аэрафатаздымак, які дапоўніў тэкставыя дадзеныя справаздачы СММ АБСЭ №60/20 з 12 сакавiка 2020 г. што да выкрыцьця 3-х сучасных расейскіх комплексаў радыёэлектроннае барацьбы (РЭБ): РБ-341В «Леер-3», Р-934Б «Сініца» і РБ-636 «Свет-КУ». Пасьля публікацыі й пашырэньня гэтай адчувальнай для расейскага аґрэсара інфармацыі ўсе афіцыйныя старонкі моўных вэрсіяў сайту InformNapalm у Twitter упершыню за 6 гадоў былі часова заблякаваныя.
Выснова
Расейская Фэдэрацыя цягам 6 апошніх гадоў працягвае публічна не вызнаваць свой непасрэдны ўдзел у вайне на Данбасе, аднак шматлікія доказы міжнародных назіральнікаў і валянтэраў сьведчаць, што РФ цягам усяго пэрыяду ваеннага канфлікту груба парушае нормы міжнароднага права, працягвае перакідваць вайсковую тэхніку й узбраеньне, выкарыстоўваць сваіх кадравых вайскоўцаў, а таксама наймітаў, якія пераважна маюць грамадзянства Расейскае Фэдэрацыі.
Замірэньне на Данбасе немажліва без вывядзеньня расейскіх ґібрыдных збройных фармаваньняў і расейскае вайсковае тэхнікі з тэрыторыі Украіны: асобных раёнаў Луганскае й Данецкае абласьцей. Таму любыя палітычныя спэкуляцыі адносна «выбараў на Данбасе» зьяўляюцца ашуканствам і не спрыяюць сапраўднаму сканчэньню вайны.
З улікам таго, што Крэмль не адмаўляецца ад сваіх аґрэсіўных намераў цягам апошніх 6 гадоў, міжнародная супольнасьць мае ўзмацніць санкцыйны ўплыў у дачыненьні дзяржавы-аґрэсара й кансалідавана працягваць дыпляматычны, эканамічны й іншыя варыянты ціску на кіраўніцтва РФ.
Пытаньне вяртаньня акупаванага Расеяй украінскага Крыму таксама непарыўна зьвязанае з вайной і акупацыяй часткі ўкраінскага Данбасу, таму яго сьлед вырашаць комплексна, а санкцыі за працяг вайны й акупацыю неабходна ўзмацняць да поўнага вяртаньня акупаваных тэрыторыяў пад кантроль Украіны, аднаўленьня разбуранае інфраструктуры Данбаса й выплаты рэпарацыяў Расейскай Фэдэрацыяй як краінай, якая распачала вайну супроць сувэрэннай незалежнай дзяржавы й спрычынілася да значных беззваротных стратаў: сьмерцяў і калецтваў дзясяткаў тысячаў чалавек.
Мы заклікаем міжнародную супольнасьць пасьлядоўна ўзмацняць ціск на аґрэсара, які ў 21 стагодзьдзі пачаў крывавую вайну на эўрапейскім кантынэнце. За ваенныя злачынствы мае абавязкова надыйсьці пакараньне, бо толькі такім чынам можна прадухіліць патэнцыйнае пашырэньне расейскае ваеннае экспансіі на іншыя эўрапейскія дзяржавы.
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа