Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm выявіла фотадоказы, якія пацьверджваюць удзел вайскоўца 22-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня (АбрСпН) Галоўнага ўпраўленьня Генштабу (колішняе ГРУ) Збройных сілаў РФ у апэрацыі захопу Крыму й ягоны мажлівы ўдзел у спэцапэрацыях на акупаваным Данбасе пад прыкрыцьцём “гуманітарнага канвою”.
Падчас маніторынгу акаўнтаў сацсетак расейскіх вайскоўцаў супольнасьць InformNapalm выявіла старонку сацсеткі «VK» Яўгена Паўлава – удзельніка апэрацыі захопу Крыму.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:
Яўген Паўлаў (рас. – Евгений Павлов)
Нарадзіўся 24.09.1993 г.н. Жыве ў г. Растоў-на-Доне. У 2011-2012 гадох праходзіў тэрміновую вайсковую службу у 22-й АбрСпН ГУ ГШ (в/ч 11659, мейсца сталай дысьлякацыі – н.п. Сьцяпны, Растоўская вобласьць).
У сацсетках: “VK” (архіў акаўнту, кантактаў), “ОК” №1 (архіў), №2 (архіў), №3 (архіў).
Характэрна, што Яўген Паўлаў адкрыта пазначыў у сваім акаўнце сацсеціва мейсца й гады службы.
У выніку далейшага вывучэньня акаўнту Паўлава й старонак ягоных сяброў пацьверджанае, што пасьля сканчэньня тэрміновае вайсковае службы ў 22-й АБрСпН ГУ ГШ Збройных сілаў Расейскае Фэдэрацыі, ён працягнуў служыць паводле кантракту.
Валянтэры InformNapalm зьвярнулі асаблівую ўвагу на выкладзены фатаздымак Яўгена Паўлава поруч зь зьнішчальнікам МіГ-29, на якім можна пабачыць бартавы нумар “04” сіняга колеру. У камэнтарох да фота, зробленых у красавіку 2014 г., ён зазначыў, што яно зробленае не ў Растове.
У выніку дэталёвага аналізу вызначанае, што ў фота зафіксаваны ўкраінскі лятак МіГ-29 з аэрадрому Бэльбэк, які знаходзіцца ў Сэвастопалі, часова акупаваным Крыме. Фота зробленае ў сакавіку 2014 году падчас акупацыі расейскімі войскамі ўкраінскае паўвыспы.
Падаем здымак для параўнальнага аналізу элемэнтаў лятаку, якія пацьверджваюць, што гэта той самы МіГ-29, які быў захоплены ў Крыме.
10 красавіка 2014 году паводле пагадненьня з расейскім бокам, украінскія вайскоўцы пачалі вывядзеньне сваёй авіяцыйнай тэхнікі й маёмасьці з Крыму. Апроч Бэльбэку, тэхніку вывозілі з колішняга Дзяржаўнага авіяцыйнага навукова-выпрабавальнага цэнтру Збройных Сілаў Украіны (ДАНВЦ) з аэрадрому Кіраўскі паблізу Фэадосіі, а таксама зь іншых украінскіх вайсковых частак, захопленых падразьдзяленьнямі расейскае арміі.
Да чэрвеня 2014 году з акупаванае тэрыторыі Украіна вывезла 63 лятакі і 29 гэлікоптэраў, сярод якіх быў і гэты МіГ-29 зь сінім бартавым нумарам “04”. Кожны лятак для транспартаваньня разьбіралі й ладавалі з дапамогаю кранаў на аўтамабілі КрАЗ.
Падчас вывучэньня акаўнту Яўгена Паўлава выяўленае таксама ягонае фота на ўзьбярэжнай Сэвастопаля, зробленае падчас акупацыі Крыму.
Яшчэ адным доказам ягонага ўдзелу ў “крымскай апэрацыі” ЗС РФ ёсьць выяўленыя фатаздымкі, у якіх Паўлаў зафіксаваны ў форме МНС РФ разам з узнагародамі, сярод якіх маецца і мэдаль за акупацыю Крыму.
Падобным чынам “грушнікі” ператвараюцца на “выратавальнікаў МНС” дзеля выкананьня асаблівых заданьняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў.
Валянтэры InformNapalm зьвярнулі асаблівую ўвагу на наступныя тры ўзнагароды Яўгена Паўлава (найменьні падаем у арыгінале):
- «За ратную доблесть»;
- «За воинскую доблесть» 2 ступені;
- «За возвращение Крыма».
З мэдалём «За возвращение Крыма» ўсё зразумела, але сьлед зьвярнуць увагу на два першыя мэдалі. Мэдаль «За ратную доблесть» – узнагарода, заснаваная Усерасейскай грамадзкай арганізацыяй (рухам) ветэранаў “Боевое Братство” ў 2000 годзе. Гэтым мэдалём ушаноўваюць ветэранаў вайны ў Аўганістане і іншых лякальных канфліктаў.
Чытайце таксама: Беларусь у кіпцюрох “Боевого Братства”
Мэдаль «За воинскую доблесть» – ведамасная ўзнагарода Міністэрства абароны Расейскае Фэдэрацыі, заснаваная паводле загаду міністра абароны РФ № 608 з 22 сьнежня 1999 году. Згодна з Палажэньнем, мэдалём узнагароджваюць вайскоўцаў Збройных сілаў Расеі за:
- выдатныя паказьнікі ў баявой падрыхтоўцы, палявых (паветраных, марскіх) вышкалах;
- асаблівыя адзнакі падчас зьдзяйсьненьня баявой службы й баявой варты, на вышкалах і манэўрах;
- адвагу, самаадданасьць і іншыя заслугі, праяўленыя падчас выкананьня вайсковага абавязку.
Мэдаль «За ратную доблесть» можа сьведчыць пра ўдзел Яўгена Паўлава менавіта ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Украіны. Паказальна, што ў ягоным акаўнце таксама быў выяўлены групавы фатаздымак з таварышамі ў службе, зроблены на тле грузавых аўтамабіляў з так званага расейскага “гуманітарнага канвою”, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку для забесьпячэньня расейскага акупацыйнага кантынгенту на Данбасе боекамплектам, амуніцыяй, спэцсродкамі й палівам (1, 2, 3).
Апроч гэтага, паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Украіны, з дапамогаю расейскіх “гумканвояў” з Данбасу вывозяць целы забітых вайскоўцаў ЗС РФ. Расейскае акупацыйнае камандаваньне такім чынам намагаецца схаваць рэальныя страты асабовага складу.
Такія ж грузавікі былі выяўленыя ў фігурантаў нашага расьледаваньня пра вайскоўцаў 108-га дэсантна-штурмавога палку Расейскае Фэдэрацыі, якія ўдзельнічалі ў акупацыі Крыму й “гумканвоях” на Данбас. Тады адзін з расейскіх вайскоўцаў, які таксама пайшоў на службу ў МНС РФ, зрабіў сэлфі на тле дарожнага знака ля акупаванага Луганску.
Цікава, што вайсковая пракуратура Украіны ў спісе падразьдзяленьняў Збройных сілаў РФ, якія забясьпечвалі акупацыю Крыму, таксама пазначыла в/ч 11659 – 22-ю асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня ГУ ГШ. Гэтае расьледаваньне на прыкладзе канкрэтнага вайскоўца пацьвердждае гэтыя дадзеныя.
Нагадаем, што вайскоўцы 22-й БрСпН неаднаразова патраплялі ў поле зроку міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
У чэрвені 2015 году мы апублікавалі расьледаваньне пра ідэнтыфікацыю ў акупаваным Луганску трох вайскоўцаў 22-й АбрСпН ГУ ГШ з знакамі адрозьненьня так званай «Новороссии»: Іскандэра Гарыпава, Аляксандра Разанцава й Мікалая з пазыўным «Сварожич». Апроч гэтага, быў ідэнтыфікаваны шэраг вайскоўцаў Галоўнага ўпраўленьня Генштабу ЗС РФ, якія ўдзельнічалі ў баёх на Данбасе, у тым ліку Віталь Фатахаў.
Чытайце таксама: Ідэнтыфікаваныя вайскоўцы 22-й брыгады СпН ГУ ГШ РФ, якія выконваюць баявую задачу ў Луганску
У сакавіку 2017 года мы ідэнтыфікавалі вайскоўца 22-й АБрСпН Максіма Апанасава, які ваяваў пад прыкрыцьцём тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР».
У чэрвені 2017 г. падчас бою каля с. Жалабок Луганскае вобласьці жаўнеры Збройных Сілаў Украіны ўзялі ў палон “грушніка” 22-й АбрСпН Віктара Агеева, якога 7 верасьня 2019 году ў слкадзе групы іншых расейскіх баявікоў, тэрарыстаў і дывэрсантаў перадалі Расеі ў абмен на ўкраінскіх палітвязьняў і ваеннапалонных.
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Вы можаце падтрымаць нас дабрачынным ахвяраваньнем, каб дапамагчы кампэнсаваць выдаткі на ўтрыманьне сайту й спрыяць разьвіцьцю нашага валянтэрскага праэкту.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа