
Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm працягвае публікаваць новыя доказы ўдзелу расейскіх артылерыстаў з 291-й брыгады ў вайне на Данбасе.
Ганебны баявы шлях 291-й артылерыйскай брыгады
291-я асобная артылерыйская брыгада (в/ч 64670, Інгушэтыя, станіца Троіцкая) 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі, мабыць, самае «славутае» артылерыйскае злучэньне Збройных Сілаў Расеі: за апошнія тры гады яна займела “славу” праз свае шматлікія ваенныя злачынствы. Толькі ў публікацыях міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm 291-я артбрыгада фігуруе 13 (!) разоў – гэта геаграфія і храналёгія падзеяў, абстрэлы Украіны «з-за парэбрыку» або з заездам на ўкраінскую тэрыторыю ўлетку – ўвосень 2014 году, якія спрычыніліся да гібелі сотняў украінскіх грамадзянаў. Пазьней адбываліся «ўкраінскія камандыроўкі», таксама артылерысты гэтага злучэньня зь Інгушэтыі ўдзельнічалі і ў сірыйскай вайне.
Здавалася б, пасьля таго, як мы ўзялі гэтую частку на прыцэл, зрабілі сэрыю публікацыяў, якія апісваюць ейны «баявы шлях», апублікавалі імёны дзясяткаў ейных жаўнераў, расейскія вайскоўцы й спэцслужбы меліся зьдзейсьніць комплексную працу й зачысьціць пакінутыя ў Сеціве сьляды. Але ў выніку новага OSINT-расьледаваньня выяўленыя яшчэ 40 артылерыстаў 291-й брыгады, якія маюць дачыненьне да злачынных абстрэлаў Украіны ў 2014 годзе. Так што новы пэрл ад Міністэрства абароны РФ у выглядзе законапраэкту, які абавязвае расейскіх вайскоўцаў даваць справаздачу пра публікацыі ў інтэрнэце і сацсетках, будзе такім жа бессэнсоўным, як і папярэднія спробы РФ схаваць праўду.
Агульны аналіз профіляў і фотаальбомаў
Аналіз фотаальбомаў пералічаных ніжэй артылерыстаў 291-й брыгады дэманструе, што вайскоўцы гэтага падразьдзяленьня, збольшага жаўнеры тэрміновае службы, рэкрутаваныя ўвосень 2013 году, што служылі ў гаўбічных (152-мм гаўбіцы 2А65 «Мста-Б») і рэактыўным дывізыёнах (220-мм РСЗВ 9К57 «Ураган»), з канца лета 2014 году былі перакінутыя ў памежны з Украінаю раён Растоўскае вобласьці. Большая частка здымкаў выкладзеная ў ліпені – верасьні 2014 году. Фатаздымкі адлюстроўваюць схаваныя стаянкі ў памежных лясных лагерох, а таксама «вандроўныя» пазыцыі расейскае артылерыі, збольшага ў Матвеева-Курганскім раёне Растоўскае вобласьці.
Досыць проста здагадацца, што гэта ня вышкалы: ў здымках – багацьце маскавальных сродкаў, у тым ліку ўжо знаёмыя нам гаўбіцы зь белымі плямамі, а самі вайскоўцы ў многіх здымках пазуюць у нестатутным выглядзе. У некаторых фатаздымках можна пабачыць артылерыйскія гарматы ў баявым стане, дзясяткі скрыняў з знарадамі да іх, камандны пункт, накрыты маскавальным сецівам, а таксама артылерыйскія цягачы й машыны падвозу боепрыпасаў, схаваныя ў лесе.
Па сутнасьці, гэтае расьледаваньне прысьвечанае падразьдзяленьню, якое фігуравала ў ранейшых расьледаваньнях InformNapalm, але ў ім пададзеныя новыя доказы датычнасьці расейскіх артылерыстаў да абстрэлаў Украіны і новыя прозьвішчы вайскоўцаў гэтае артбрыгады, якія выконвалі злачынныя загады вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ.
Інфаграфіка
За больш чымся тры гады сваёй дзейнасьці міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm зьдзейсьніла грандыёзную працу што да апазнаньня вайскоўцаў ЗС РФ, якія выконвалі злачынныя загады Крамля. Усе нашыя расьледаваньні грунтуюцца на візуальных доказах. Ідэнтыфікаваныя й апублікаваныя дадзеныя пра сотні расейскіх ваенных злачынцаў, і гэтая праца працягваецца. Нашая мэта – апазнаць кожнага ўдзельніка ганебнае вайны. Кожны пацьверджаны факт агрэсіі балюча б’е па рэпутацыі акупанта, якому раней ці пазьней давядзецца адказваць за ўчыненае. У новай інфаграфіцы сабраная інфармацыя ня толькі пра 40 фігурантаў гэтага расьледаваньня, але й яшчэ пра 39 артылерыстаў гэтае ж брыгады, якія былі ідэнтыфікаваныя ў мінулых расьледаваньнях, як у кантэксце так званых растоўска-ўкраінскіх (8), гэтак і сірыйскіх (31) камандыровак, у тым ліку 9 «узнагароджаных». Таксама падаем дадзеныя што да структуры й асноўнага ўзбраеньня 291-й артылерыйскай брыгады і ейных камандыраў – палкоўніка С. Казакова, камандуючага ў 2014 годзе, і падпалкоўніка А. Сьмялова, які быў прызначаны на гэтую пасаду ў 2016 годзе (інфармацыя пра «бацькоў» -камандыраў пададзеная ніжэй).
(для прагляду націсьніце на малюнак або скарыстайцеся спасылкай)
Ідэнтыфікаваныя вайскоўцы 291-й артбрыгады, датычныя да абстрэлаў Украіны
1. Аляксей Каршуноў
Нарадзіўся 28.11.1993 г. у с. Пачынкі Ніжненоўгарадзкае вобласьці. На тэрміновую службу быў рэкрутаваны напрыканцы восені 2013 году. Пасьля некалькіх месяцаў навучаньня ў 681-м рэгіянальным навучальным цэнтры (в/ч 43533, Муліна) быў разьмеркаваны ў 291-ю артбрыгаду, звольніўся напрыканцы лістапада 2014 году. Зараз зьяўляецца студэнтам аграрнае ВНУ. Нумар маб. тэлефону: 89506175687. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Каршунова маецца сэрыя фатаздымкаў, зробленых падчас ягонае тэрміновае службы ў 291-й артбрыгадзе, у тым ліку здымкі, выкладзеныя ў лістападзе 2014 году, якія адлюстроўваюць «растоўскія камандыроўкі» ягонага падразьдзяленьня, што хавалася ў памежным з Украінаю лясным масыве і на баявых пазыцыях у жніўні – верасьні (+ фота з гэтай жа сэрыі маюцца і ў іншых фігурантаў нашых публікацыяў, праз што быў вызначаны час здымкі).
2. Ігар Саленікаў
Нарадзіўся 19.04.1994 г. у г. Хадыжанск Апшаронскага раёну Краснадарскага краю. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ў сьнежні 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “ОК“.
У фотаальбоме І. Саленікава маецца сэрыя фатаздымкаў, зробленых падчас тэрміновае службы ў 291-й артбрыгадзе, у тым ліку здымкі «пікніка з шашлыкамі», выкладзеныя 14 верасьня 2014 году. Насамрэч гэта фатаздымкі, якія адлюстроўваюць «растоўскія камандыроўкі» ягонага падразьдзяленьня, што хавалася ля мяжы з Украінай (фота з гэтай жа сэрыі выяўленыя і ў іншых фігурантаў расьледаваньня).
3. Дзьмітры Чэрнікаў
Нарадзіўся ў пас. Харп Прыўральскага раёну Ямала-Ненецкае аўтаномнай акругі. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ў другой палове 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме Дзьм. Чэрнікава маецца сэрыя фатаздымкаў, зробленых падчас тэрміновае службы ў 291-й артбрыгадзе: здымкі пэрыяду «растоўскае камандыроўкі» ягонага падразьдзяленьня ў памежным лясным масыве і з таго ж «пікніка з шашлыкамі», выкладзеныя 14 верасьня 2014 году (фота гэтай жа сэрыі выяўленыя ў іншых фігурантаў расьледаваньня), а таксама фатаздымкі, выкладзеныя пазьней, якія таксама адлюстроўваюць баявую камандыроўку.
4. Даўлет Абатаў
Нарадзіўся 29.04.1995 г. у г. Соль-Ілецк Арэнбургскае вобласьці. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ўвосень 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме Д. Абатава шмат фатаздымкаў пэрыяду тэрміновае службы ў 291-й артбрыгады, у тым ліку здымкі з «растоўскае камандыроўкі» ягонага падразьдзяленьня, фатаздымкі пазыцыяў артылерыі, фота, выкладзеныя ў жніўні – верасьні 2014 году (фота з гэтай жа сэрыі выяўленыя ў іншых фігурантаў расьледаваньня) і пазьней, але з гэтай жа тэматыкай.
5. Іван Жарабцоў, ён жа «Багдан Громаў»
Нарадзіўся 1 лютага ў г. Арэнбург, год нараджэньня – н/в. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ўвосень 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), акаўнт у Instagram.
У фотаальбоме І. Жарабцова няшмат фатаздымкаў пэрыяду тэрміновае службы ў 291-й артбрыгадзе, але маюцца сярод іх фота, зробленыя падчас «растоўскае камандыроўкі» і падчас так званага «барбекю». Частка здымкаў выкладзеная ў жніўні – верасьні 2014 году, а некалькі фота з «настальгіяй» што да таго часу выкладзеныя ў 2015 і 2016 гадох.
Ягоны фотаальбом сьціплы, але сам Жарабцоў шматкроць зафіксаваны ў фатаздымках фігурантаў Саленікава (№2), Чэрнікава (№3) і Абатава (№4).
Больш за тое, фігурант І. Жарабцоў апынуўся зоркаю Інтэрнэта – разам з таварышам у службе Вадзімам Грыгор’евым (фігурант №6) пасьпеў праславіцца ўлетку 2014 году. Яшчэ ў ліпені абодва жаўнеры выклалі фатаздымкі, у якіх зафіксаванае перасоўваньне калёнаў артылерыі, пазыцыі ў памежных раёнах і апублікаваў відэа з залпам РСЗВ «Ураган» з камэнтаром «всю ноч долбили по Украине» (рас.). Апроч украінскіх мэдыя, гісторыю з Жарабцовым падхапілі і расейскія СМІ. Калі адчыніць спасылку, згаданую ў матар’ялах 2014 году як профіль Жарабцова, то можна пабачыць старонку «Багдана Громава» – пераназваную й зачышчаную скандальную старонку Івана “VK” №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), зь якой і была “зьлітая” ў Сеціва інфармацыя.
6. Вадзім Грыгор’еў
Нарадзіўся 30 верасьня ў г. Самара, год нараджэньня – н/в. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ўвосень 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профіля, фотаальбому, кантактаў), другая старонка Грыгор’ева, на якой была зьлітая інфармацыя пра «растоўска-ўкраінскую камандыроўку» 291-й артбрыгады у 2014 г., выдаленая.
У захаваным фотаальбоме В. Грыгор’ева няшмат сьведчаньняў пра падзеі ліпеня – верасьня 2014 году. Тут сьлед узгадаць відэа, апублікаванае на канале сэрвісу Youtube «Котофеич ᵞᵒᵘᵗᵘᵇᵉʳ» 27 ліпеня 2014 году. У ім маецца цікавы разгляд гісторыі “зьліву” Грыгор’ева – Жарабцова, у тым ліку зь сюжэтаў тэлеканалу «Россия 24», у стылі «я ня я, і кабыла не мая», дзе бяздарна спрабуюць абвергнуць відавочнае.
7. Раман Хаматаў
Нарадзіўся 14.09.1995 г. у г. Уфа. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ў сьнежні 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме Р. Хаматава няшмат сьведчаньняў пра вайсковую службу ў 291-й брыгадзе, ды і кола ягоных сяброў занадта малое і ня мае аніводнага таварыша ў службе. Але ягоны ўдзел у «растоўскай-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 г. раскрывае фота, у якім зафіксаваныя артылерысты ў балаклавах, выкладзенае ў жніўні 2014 году. Фатаздымкі з гэтай жа сэрыі InformNapalm публікаваў яшчэ ў сьнежні 2015 году. Гэтыя здымкі вайскоўцаў, што абстрэльвалі тэрыторыю Украіны, былі выкладзеныя ў верасьні 2014 году і выяўленыя на старонцы вайскоўца 291-й брыгады Ільнура Афлятунава.
8. Нурсултан Сагыналіеў
Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2013-2014 гадох. У сацыяльных сетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “VK” №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). Абедзьве старонкі неактыўныя з 2014 году (магчыма, Сагыналіеў мог карыстацца Інтэрнэтам толькі ў войску, і там, скуль ён родам, гэтае мажлівасьці няма і ня будзе).
Інфармацыі на старонках Н. Сагыналіева няшмат, але пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 г. сьведчыць здымак, зроблены на тле гаўбіцы 291-й брыгады, разгорнутай для стральбы.
9. Сяргей Хамутоў
Нарадзіўся 22.06.1994 г. у г. Растоў-на-Доне. На тэрміновую вайсковую службу быў рэруктаваны ўвосень 2013 году. Зараз служыць паводле кантракту, меркавана, у 22-й брыгадзе спэцназа ГРУ (в/ч 11659, г. Батайск і п. Сьцяпны, Растоўская вобл.). У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме С. Хамутова няшмат здымкаў, якія нагадваюць пра службу ў 291-й брыгадзе, але сярод іх маюцца кадры, знаёмыя нам з расьледаваньняў InformNapalm з 2014 і 2015 году. Яны выкладзеныя ў 2015 годзе: гаўбіцы «Мста-Б» абстрэльваюць тэрыторыю Украіны. Апроч гэтага, у фатаздымках Хамутова можна апазнаць ягоных таварышаў у службе – фігурантаў Абатава (№4), Жарабцова (№5) і Грыгор’ева (№6).
10. Мікалай Русакоў
Нарадзіўся 30.11.1993 г. у г. Дзімітраўград Ульянаўскае вобл. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2013-2014 гадох. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме М. Русакова выяўленая падборка здымкаў, выкладзеная ў жніўні – верасьні 2014 году. У іх зафіксаваныя артылерысты 291-й брыгады, якія па-партызанску хаваюцца ў лясным масыве на мяжы з Украінай падчас ужо знаёмага нам “барбекю”.
11. Басанг Пюрвееў
Нарадзіўся 12.02.1988 г. у пас. Малыя Дэрбеты, Калмыкія. Станам на 2014 год вайсковец-кантрактнік 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “VK” №2.
У фотаальбоме Б. Пюрвеева маецца некалькі здымкаў, выкладзеных у жніўні 2014 году, у тым ліку фота артылерыстаў 291-й брыгады ў памежным лесе. Таксама ў адным з фатаздымкаў апазнаны ягоны таварыш у службе й фігурант №3 Дзьм. Чэрнікаў.
12. Азамат Бесікінаў
Нарадзіўся 15.04.1994 г. у г. Краснадар. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2013-2014 гадох. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Бесікінава выяўленыя здымкі, выкладзеныя ў кастрычніку 2014 году, у тым ліку фатаздымкі пазыцыяў артылерыі 291-й брыгады, скіраванай на Украіну.
13. Арцём Казімагамедаў
Нарадзіўся 07.05.1994 г. у г. Анапа. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ўвесну 2014 году. Служыў ва ўзводзе кіраваньня 2-га гаўбічнага дывізыёну. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Казімагамедава няма здымкаў, якія наўпрост сьведчаць пра ягоны ўдзел у баявой камандыроўцы 291-й артбрыгады. Але нашую ўвагу прыцягнуў групавы фатаздымак артылерыстаў, выкладзены ў кастрычніку 2014 году. З дапамогаю гэтага фота былі апазнаныя некаторыя вайскоўцы, якія маюць дачыненне да «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі» 2014 году. Асоба ў камуфляжнай футболцы зафіксаваная ў фота на тле пазашляхавіка Nissan Pathfinder (рэгістрацыйны нумар М861УМ/05RUS), якія маюцца ў фотаальбоме фігуранту №3 Дзьм. Чэрнікава. Таксама ў альбоме маюцца здымкі, зробленыя на тле помніка-якара, які знаходзіцца ў памежным з Украінаю Матвеева-Курганскім раёне Растоўскае вобласьці.
14. Аслан Юсупхаджыеў
Нарадзіўся ў 1977 г у г. Урус Мартан, Чачэнія. Станам на 2014 год вайсковец-кантрактнік 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “OK”.
Нягледзячы на невялікую колькасьць дадзеных у профілі Юсупхаджыева, увагу прыцягвае фота, зробленае на тле пазначанага вышэй пазашляхавіка, выклазденае ў лістападзе 2014 году. На заднім пляне можна пабачыць накрытыя пад лесам грузавыя аўтамабілі КамАЗ і скрыні з знарадамі, а сам фатаздымак мае геатэг з лякацыяй ў памежным з Украінаю Фёдараўскім сельскім селішчы Няклінаўскага раёну Растоўскае вобласьці. Апроч гэтага, як ужо было зазначанае, фота Юсупхаджыева маецца у фотаальбомах іншых фігурантаў – удзельнікаў баявой камандыроўкі 291-й брыгады 2014 году – Чэрнікава (№3) і Казімагамедава (№13). А сярод профіляў сяброў Юсупхаджыева выяўлены адноўлены й зачышчаны профіль фігуранту нашага расьледаваньня Данілы Хіжняка, дэталёва прааналізаваны ў публікацыі InformNapalm з 11 сьнежня 2015 году. У іншым профілі чачэнца-кантрактніка выяўлены здымак, выкладзены 12 траўня 2017 году. У ім Юсупхаджыеў пазуе з старэйшымі афіцэрамі ЗС РФ (фота зробленае, меркавана, 9 траўня 2017 г. падчас параду ў г. Грозным, Чачэнія).
15. Саід Гвашэў
Нарадзіўся 07.11.1993 г. у г. Сочы. Станам на 2014 год жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме С. Гвашэва няма фота, зробленых падчас баявой камандыроўкі 2014 году, але яго выкрываюць здымкі ля помніку-якару з Матвеева-Курганскага раёну Растоўскае вобласьці, а таксама фатаздымак з кантрактнікам А. Юсупхаджыевым на тле пазашляхавіка (выкладзеныя ў кастрычніку 2014 і лютым 2015 году).
16. Раман Пераверзеў
Нарадзіўся 11.07.1992 г. у с. Белая Гліна Краснадарскага краю. Станам на 2014 год жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме Р. Пераверзева выяўленыя здымкі, выкладзеныя ў жніўні – кастрычніку 2014 году, якія адлюстроўваюць баявую камандыроўку, у тым ліку фатаграздымкі палявога лягеру ля ўкраінскае мяжы (на заднім пляне можна выразна пабачыць тэхніку, накрытую ў лесапаласе), калёны падчас маршу й здымкі вяртаньня ў частку.
17. Радзівон Гумераў
Нарадзіўся 12.04.1991 г. у пас. Тазоўскі Ямала-Ненецкае АА. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ўвосень 2013 году, служыў у 4-й гаўбічнай батарэі 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантатаў).
Нягледзячы на тое, што ў альбоме Р. Гумерава няма здымкаў, якія сьведчаць пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 году, ён быў апазнаны на жнівеньскім здымку 2014 году з альбому фігуранту №16 Р. Пераверзева.
18. Аляксандар Вануйта
Нарадзіўся 29.04.1993 г. у г. Цюмень. На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ў лістападзе 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Вануйты выяўленыя фатаздымкі з баявой камандыроўкі 291-й брыгады, выкладзеныя ў ліпені – кастрычніку 2014 году, у тым ліку групавыя фота з баявых пазыцыяў гаўбічнае артылерыі, зь якіх адбываўся абстрэл тэрыторыі Украіны.
Варта зазначыць, што сэрыя восеньскіх фатаздымкаў Вануйты была адлюстраваная ў публікацыі InformNapalm з 12 лiстапада 2014 году. Але ў той час мы рабілі асноўны акцэнт не на пэрсаналіях, а на ідэнтыфікацыі вайсковых частак РФ, якія маюць дачыненьне да вайны на Данбасе.
19. Арцём Агапаў
Нарадзіўся 28.05.1993 г. у г. Краснадар. На тэрміновую вайсковую службу рэкрутаваны ўвосень 2013 году. Служыў ва ўзводзе кіраваньня 2-га гаўбічнага дывізыёну. Напрыканцы 2015 году падаў заяўку на кантракт у 291-ю артбрыгаду. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Агапава маюцца здымкі з растоўскіх палёў, выкладзеныя ў верасьні – кастрычніку 2014 году, якія ўскосна сьведчаць пра ягоны ўдзел у баявой камандыроўцы 291-й брыгады.
20. Антон Уласаў
Нарадзіўся 16.08.1994 г. у г. Перм. На тэрміновую вайсковую службу рэкрутаваны ўвосень 2013 году. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Уласава ў ліпені – верасьні 2014 году была выкладзеная сэрыя здымкаў памежных з Украінаю растоўскіх палёў і лясных «шашлычных» базаў расейскіх артылерыстаў, а таксама групавыя фатаздымкі зь іншымі ўдзельнікамі баявой камандыроўкі 291-й брыгады, у тым ліку з ужо ідэнтыфікаваным С. Гвашавым (№15).
21. Сяргей Нецелеў
Нарадзіўся 09.10.1994 г. у г. Краснадар. Станам на восень 2014 году жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Нягледзячы на тое, што ў фотаальбоме С. Нецелева няма фатаздымкаў, якія адлюстроўваюць баявую камандыроўку 2014 году, а здымкі пэрыяду тэрміновае службы, выкладзеныя ў студзені 2016 году, ня надта інфарматыўныя, яго ўдалося апазнаць у групавых фота з альбому фігуранту №20 А. Уласава (у цэнтры з тэлефонам), а таксама Саіда Гвашава (№15). Таксама сярод сяброў Нецелева маюцца іншыя артылерысты 291-й брыгады, у тым ліку ідэнтыфікаваны вышэй фігурант №16 Раман Пераверзеў.
22. Сямён Іваноў
Нарадзіўся 17 студзеня ў г. Іркуцк, год нараджэньня – н/в. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Нягледзячы на тое, што ў фотаальбоме С. Іванова няма фатаздымкаў, якія адлюстроўваюць баявую камандыроўку 2014 году, яго ўдалося апазнаць (другі леваруч) у групавым фота з палёў з альбому фігуранту №18 А. Вануйты (з жэтонам на грудзёх), таксама ў здымках апазнаны фігурант мінулага расьледаваньня Д. Хіжняк (у цэнтры).
23. Іван Зезік
Нарадзіўся 10.05.1993 г. у г. Іркуцк. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме І. Зезіка няма сьведчаньняў што да ягонага ўдзелу ў баявой камандыроўцы 2014 году, але яго ўдалося апазнаць (апошні леваруч) у групавым фота з палёў з альбому фігуранту №18 А. Вануйты (з жэтонам на грудзёх). Таксама ў здымку апазнаныя С. Іваноў (другі леваруч, фігурант №22) і галоўны герой мінулага расьледаваньня Д. Хіжняк (у цэнтры).
24. Дзьмітры Кіршын
Нарадзіўся 15.07.1991 г. у г. Іркуцк. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “ОК” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У абодвух профілях Дзьм. Кіршына дастаткова фатаздымкаў, якія сьведчаць пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 г. у статусе артылерыста 291-й брыгады. Здымкі выкладзеныя ў верасьні – лістападзе 2014 году, гэта фота з палявых пазыцыяў артылерыі, якая страляе ў бок Украіны, здымкі «партызанскага» жыцьця артылерыстаў ў растоўскіх лясох, кадры ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня рознага кшталту, ад буксаваных «Мста-Б» і самаходных гаўбіцаў «Акацыя» да РСЗВ «Сьмерч» ды «Ураган».
25. Алег Кавалёў
Нарадзіўся ў 1995 г. у с. Міхайлава-Аляксандраўка Чарткоўскага раёну Растоўскае вобл. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “ОК” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Кавалёва няшмат фота, якія сьведчаць пра службу ў 291-й артбрыгадзе і баявыя камандыроўкі. Але ён быў выкрыты праз фота баявой ведамаснай узнагароды – мэдалю «За вайсковую доблесьць», якім Кавалёў быў узнагароджаны паводле загаду міністра абароны РФ №677 з 2 кастрычнiка 2014 году. Узнагароднае пасьведчаньне падпісанае камандырам в/ч 64670 палкоўнікам С. Казаковым.
26. Дзяніс Назаранка, ён жа «Сяргей Новік»
Нарадзіўся 5 сьнежня ў г. Славянск-на-Кубані Краснадарскага краю, год нараджэньня – н/в. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. З 2015 году вайсковец-кантрактнік аднаго з злучэньняў ПВА. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме «С. Новіка», насамрэч Дзяніса Назаранкі (гл. 1 і 2), дастаткова фатаздымкаў, якія сьведчаць пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 г. у статусе артылерыста 291-й брыгады. Здымкі выкладзеныя ў ліпені – кастрычніку 2014 году, гэта фота з палявых пазыцыяў артылерыі, якая страляе ў бок Украіны, здымкі «партызанскага» побыту артылерыстаў у растоўскіх лясох і кадры артылерыйскага ўзбраеньня рознага кшталту – буксаваных «Мста-Б», самаходных «Акацыя», РСЗВ «Сьмерч». Таксама сярод фота Назаранкі маюцца тыя ж фатаздымкі, што і ў фігуранту №10 Мікалая Русакова.
27. Сяргей Марозаў
Нарадзіўся 17 студзеня ў г. Крымск Краснадарскага краю, год нараджэньня – н/в. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У сьціплым фотаальбоме С. Марозава ўсяго некалькі фатаздымкаў, зробленых падчас службы ў 291-й артбрыгаде і выкладзеных у 2016 годзе. Няма аніводнага намёку на ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 году. Але ён быў выкрыты праз фатаздымкі з альбому таварыша ў службе, фігуранту №26 Дз. Назаранкі, у прыватнасьці, праз здымак з 12 кастрычніка 2014 году з подпісам (тут і далей пакідаем у арыгінале): «На них равняться нельзя, они портят наш коллектив — 1. Морозов С. С., 2. Назаренко Д. В., Гумеров Э. Ю.» (цалкам мажліва, Марозаў з таварышамі празьмерна сваволілі падчас «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі»). Таксама С. Марозаў апазнаны ў групавым фатаздымку з альбому Дз. Назаранкі, выкладзеным 27 жніўня 2014 году, сярод артылерыстаў-«партызанаў» (у ніжнім шэрагу апошні леваруч).
28. Эдуард Гумераў
Нарадзіўся 14.08.1994 г. у г. Наябрск Ямала-Ненецкай АА. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады, меркавана, у батарэі артылерыйскай выведкі. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў, “ОК”.
У фотаальбоме Э. Гумерава ўсяго некалькі фатаздымкаў, зробленых падчас службы ў 291-й артбрыгадзе і выкладзеных у 2014 і пазьней, у 2017 годзе. Ніводзін зь іх ня сьведчыць пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 году. Ён быў выкрыты праз фатаздымкі з альбому таварыша ў службе, фігуранту №26 Назаранкі, у прыватнасьці, праз здымак з 12 кастрычніка 2014 году з подпісам «На них равняться нельзя, они портят наш коллектив — 1. Морозов С. С., 2. Назаренко Д. В., Гумеров Э. Ю.».
29. Руслан Байко
Нарадзіўся 06.11.1992 г. у с. Краснаселькуп Ямала-Ненецкай АА. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме Р. Байко шмат фатаздымкаў, якія сьведчаць пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 году ў статусе артылерыста 291-й брыгады. Здымкі выкладзеныя ў ліпені 2014 году. Збольшага гэта фота калёны падчас маршу й здымак артылерыстаў-«партызанаў» у растоўскіх лясох, паводле якіх удалося апазнаць яшчэ некалькі таварышаў у службе Байко.
30. Мікіта Патрушаў
Нарадзіўся 28.02.1993 г. у с. Левакумскае Стаўрапальскага краю. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме М. Патрушава шмат здымкаў, выкладзеных у ліпені – сьнежні 2014 году, якія адлюстроўваюць «растоўска-ўкраінскую камандыроўку» 2014 году. У іх ліку летнія фатаздымкі калёны падчас маршу, нейкага «партызанскага» КПП, а таксама сьнежаньскія здымкі з Навачаркаска (Сабор Узьнясеньня) і Таганрога (помнік Пятру I). Апроч гэтага, ён апазнаны (апошні праваруч) у групавым фатаздымку артылерыстаў-“партызанаў” з альбому фігуранту №29 Р. Байко (выкладзены 27 ліпеня 2014 году).
31. Мага Тымурзіеў, ён жа «Аляксей Наглый»
Нарадзіўся 10.02.1994 г. у г. Усьць-Лабінск Краснадарскага краю. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому) і “VK” №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбомах М. Тымурзіева маецца сэрыя здымкаў, зробленых падчас службы ў 291-й артбрыгадзе, але няма аніводнага фота зь ягонай баявой камандыроўкі 2014 году. Нягледзячы на гэта, ён быў апазнаны (у цэнтры ў сіняй кашулі) у групавым фатаздымку артылерыстаў-“партызанаў” з альбому фігуранту №29 Р. Байко (выкладзены 27 ліпеня 2014 году).
32. Ігар Ялясаў
Нарадзіўся 02.11.1993 г. у г. Бійск Алтайскага краю. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбомах І. Ялясава маецца сэрыя здымкаў, зробленых падчас службы ў 291-й артбрыгадзе, у тым ліку тое жа групавое фота, што і ў альбоме фігуранту №29 Р. Байко, які адлюстроўвае баявую камандыроўку 2014 году, але выкладзенае значна пазьней – 17 ліпеня 2015 году (у гэтым здымку Ялясаў другі леваруч).
33. Андрэй Анафрэй
Нарадзіўся ў г. Наябрск Ямала-Ненецкай АА. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У сьціплым альбоме захоўвае некалькі здымкаў, зробленых падчас службы ў артбрыгадзе ў Інгушэтыі, у тым ліку фота ў маскавальным камбінэзоне ў начным лесе, выкладзенае ў верасьні 2014 году. Таксама яго ўдалося апазнаць у фатаздымку артылерыстаў-“партызанаў” з альбому фігуранту №29 Р. Байко (выкладзенае 26 ліпеня 2014 году, Анафрэй леваруч).
34. Міхаіл Капітонаў
Нарадзіўся 22.11.1995 г. у г. Гукава Растоўскае вобласьці. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Альбом М. Капітонава вельмі сьціплы, але яго ўдалося апазнаць у здымку (сядзіць леваруч), выкладзеным 6 верасьня 2014 году ў профілі ягонага таварыша ў службе, фігуранту №10 М. Русакова, у якім зафіксаваныя тры «партызаны»-артылерысты ў лесе.
35. Вячаслаў Усенка
Нарадзіўся 27.05.1994 г. у г. Чкалаўск Ніжненоўгарадзкае вобласьці. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады, ва ўзводзе кіраваньня 2-га артдывізыёну. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбомах В. Усенкі шмат здымкаў, зробленых падчас службы ў 291-й артбрыгадзе, у тым ліку некалькі зь іх сьведчаць пра ягоную баявую камандыроўку 2014 году. Выкладзеныя яны ў верасьні – лістападзе 2014 году.
36. Сьвятаслаў Карпаў
Нарадзіўся 21.07.1991 г. у г. Цюмень. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме С. Карпава няшмат фота з тэрміновай службы ў 291-й артбрыгадзе і нібы няма аніякіх сьведчаньняў пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы», хіба што некалькі здымкаў паголенага лысага жаўнера, выкладзеныя ў жніўні 2014 году. Але тут сьлед узгадаць публікацыю InformNapalm зь сьнежня 2015 году пра артылерыстаў з паголенымі галовамі з гэтай брыгады й накрытымі ў памежным з Украінаю лесе цягачамі КамАЗ.
37. Аляксандар Белазёраў
Нарадзіўся 28.01.1988 г. у г. Аляксееўск Амурскае вобласьці. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
Фотаальбом А. Белазёрава досыць інфарматыўны й мае ўнікальныя фатаздымкі баявой камандыроўкі артылерыстаў 291-й артбрыгады ўлетку – ўвосень 2014 году. Гэта фатаздымкі з баявых пазыцыяў гаўбічнае артылерыі, якая абстрэльвала Украіну, і здымкі крыху позьняга пэрыяду, зробленыя на часовых базах артылерыстаў-«партызанаў» у Растоўскае вобласьці, і выкладзеныя ў жніўні – кастрычніку 2014 году.
38. Ільшат Байрамаў
Родам з с. Лагерава, Башкартастан. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме І. Байрамава маецца шэраг здымкаў, якія сьведчаць пра ягоную службе ў 291-й артбрыгадзе, але няма аніводнага фота, зробленага падчас баявой камандыроўкі. Аднак фігурант быў выкрыты праз здымкі баявой ведамаснай узнагароды – мэдалю “За баявую адзнаку”.
39. Андрэй Іваноў
Нарадзіўся 1 сакавіка ў г. Зеленадольск, Татарстан, год нараджэньня – н/в. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 2-га дывізыёну 291-й артбрыгады. У сацыяльных сетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбоме А. Іванова выяўленыя характэрныя здымкі, якія сьведчаць пра ягоны ўдзел у баявой камандыроўцы 291-й артбрыгады. У прыватнасьці, фатаздымкі, выкладзеныя ў лістападзе 2015 году, у тым ліку фота, якое было апублікаванае ў матар’яле InformNapalm зь сьнежня 2015 году, з артылерыстамі гэтае брыгады. У гэтым здымку, зробленым улетку 2014 году, апазнаны і А. Іваноў (апошні праваруч). Маецца ў альбоме і групавы здымак узнагароджаных жаўнераў. А. Іваноў з баявым мэдалём “За баявую адзнаку” у ім трэйці леваруч.
40. Аляксандар Басьцін
Нарадзіўся 30.07.1993 г. у г. Дзімітраўград Ульянаўскае вобласьці. Станам на восень 2014 году – жаўнер тэрміновае службы 291-й артбрыгады, меркавана, рэактыўнага дывізыёну. У сацыяльных сетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “VK” №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “VK” №3 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
У фотаальбомах профіляў А. Басьціна маецца шмат доказаў ягонага ўдзелу ў баявой камандыроўцы 291-й артбрыгады ў 2014 годзе. Сярод іх: групавы фатаздымак артылерыстаў на тле РСЗВ «Ураган», выкладзены ў лістападзе 2014 году і пададзены ў публікацыі InformNapalm з чэрвеня 2016 году (А. Басьцін трэйці леваруч у верхнім шэрагу); фота, выкладзенае ў сьнежні 2014 году й зробленае ў кабіне грузавога аўтамабілю – ў ім Басьцін выхваляецца украінскімі грыўнямі; здымкі з Навачаркаска (Сабор Узьнясеньня) і Таганрога (Музэй авіяцыі); фота з растоўскіх палёў зь лістападу 2014 году.
Вядома ж, мы апазналі ня ўсіх удзельнікаў «растоўска-ўкраінскае камандыроўкі» 2014 году 291-й артбрыгады. У публікацыі пададзеныя толькі тыя вайскоўцы, у профілях якіх выяўленыя наўпроставыя або ўскосныя сьведчаньні гэтага ўдзелу альбо апазнаныя ў фатаздымках у альбомах іхных таварышаў у службе.
«Бацькі»-камандыры
Станам на 2014 год камандырам 291-й артбрыгады быў палкоўнік Казакоў Сяргей Вячаслававіч (спасылкі на крыніцы 1, 2), фатаздымкі падпісаных ім граматаў і ўзнагародных пасьведчаньняў да ведамасных і юбілейных мэдалёў артылерыстаў-«ветэранаў» былі пададзеныя ў нашых мінулых публікацыях. З красавіка 2016 году брыгадай камандуе падпалкоўнік Сьмялоў Аляксей Паўлавіч (спасылкі на крыніцы 1, 2, 3).
Даведка
291-я асобная артылерыйская брыгада
В/ч 64670, мейсца дысьлякацыі – Інгушэтыя, станіца Троіцкая. У першай палове 2011 году брыгада была перадысьлякаваная з г. Майкоп (Адыгея) у Інгушэтыю.
Злучэньне ўваходзіць у склад 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ. Меркаваны штат: 6 артылерыйскіх дывізыёнаў: самаходны гарматны, самаходны мінамётны, гаўбічны, рэактыўны, процітанкавы, выведвальны. А таксама батарэя кіраваньня, 2 роты забесьпячэньня (МЗ і тэхнічнага), 2 узводы (інжынэрна-сапёрны і РХБА). Ва ўзбраеньні: 18 адз. гаўбіцаў «Мста-Б», 8 адз. РСЗВ «Ураган», 6 адз. гарматаў «Рапіра», 18 адз. СПТРК «Хрызантэма-З», а таксама 3 адз. ПРП-4М і 2 адз. АЗК-7. З 2016 году ва ўзбраеньне брыгады прынятыя артсродкі вялікае магутнасьці, здольныя застасоўваць ядравыя боепрыпасы: 12 адз. СП «Малка» і 8 адз. СМ «Цюльпан». Асабовы склад – прыблізна 600 чалавек.
Нагадваем, што гэта ня першы выпадак групавой ідэнтыфікацыі расейскіх артылерыстаў, якія маюць дачыненне да абстрэлаў Украіны. Гэтак, у лістападзе 2016 году, былі апазнаныя вайскоўцы артылерыйскага дывізыёну й рэактыўнай батарэі 7-й вайсковай базы ЗС РФ (в/ч 09332, мейсца дысьлякацыі г. Гудаўта, акупаваная Абхазія, Грузія) – чытайце: “21 з 35: апазнаныя артылерысты 7-в/базы ЗС РФ, датычныя да абстрэлу Украіны. Інфаграфіка”.
Як было зазначанае вышэй 291-я артылерыйская брыгада ўжо неаднойчы фігуравала ў кантэксьце так званых растоўска-ўкраінскіх і сірыйскіх камандыровак – пра гэтае злучэньне маецца 13 OSINT-расьледаваньняў InformNapalm:
- Войскі РФ, якія “засьвяціліся” ўздоўж украінскай мяжы і на Данбасе
- Ідэнтыфікацыя сілаў уварваньня ЗС РФ. Падразьдзяленьні і іхныя страты на тэрыторыі Украіны
- Ідэнтыфікацыя частак і ўзбраеньня артылерыйскіх падразьдзяленьняў расейскіх сілаў уварваньня
- “Баявы шлях” 291-й артылерыйскай брыгады ад Крыма да Данбаса
- Расея. Фота пазыцыяў артылерыі ЗС РФ, якая абстрэльвала тэрыторыю Украіны ў 2014 годзе
- Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
- Расея пачала замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі
- Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
- Вайсковыя злачынствы 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ у гібрыднай вайне супроць Украіны. Частка 1
- Вайсковыя злачынствы 291-й артбрыгады ЗС РФ у вайне супроць Украіны. Частка 2
- Сірыйскія дывідэнды вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ
- Юбілейны “засьвет” 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ на Данбасе
- Ва ўзбраеньне 291-й артылерыйскай брыгады ПВА ЗС РФ, якая абстрэльвала Украіну, паступілі «Цюльпаны»
Базы дадзеных што да кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку расейска-тэрарыстычных сілаў даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm. Інфаграфіка Alex Alexidze.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа