Анатоль Баронін, Da Vinci AG, адмыслова для InformNapalm.
Расейская Фэдэрацыя ўзмацняе сваю вайсковую прысутнасьць уздоўж пэрымэтру Арабійскае паўвыспы
12 сьнежня 2017 году расейскі карэспандэнт «Комсомольской правды» (рас.) Аляксандар Коц апублікаваў відэакадры, якія сьведчаць пра актывізацыю вайсковае прысутнасьці РФ у Судане. Паводле сьцьверджаньняў карэспандэнта, у кадрах зафіксаваны пэрсанал расейскае прыватнае вайсковае кампаніі (ПВК), які навучае суданскіх вайскоўцаў. У відэа можна пабачыць адпрацаваньне практыкаваньняў што да зачысткі населеных пунктаў. Характар вышкалаў і практыкаваньняў падобны да манэўраў, якія зьдзяйсьнялі падразьдзяленьні ПДВ і ССА РФ у Эгіпце ў верасьні 2016 году.
Будни российской ЧВК в Судане (голос за кадром). Не Южном, как анонсировалось ранее, а просто в Судане. На фиг нужен Южный, у него и выхода к морю нет. pic.twitter.com/qoSQ9I3ben
— Александр Коц (@sashakots) December 12, 2017
Паводле нашых ацэнак, існуе высокая ступень верагоднасьці, што навучаньне суданскіх вайскоўцаў зьдзяйсьняюць не прадстаўнікі ПВК, але менавіта рэгулярныя падразьдзяленьні Сілаў спэцыяльных апэрацыяў (ССА) Расейскай Фэдэрацыі. У іхныя задачы ўваходзіць наданьне ваеннай дапамогі замежным дзяржавам (military assistance). Расея мае недастаткова людзкіх рэсурсах, якія валодаюць мінімальнымі ведамі арабскае мовы. Большасьць супрацоўнікаў ПВК з адпаведнымі ведамі ў гэты момант задзейнічаныя ў апэрацыях на тэрыторыі Сірыйскае арабскае рэспублікі. Маўленчыя крытэры чалавека, які аддае каманды за кадрам, відавочна сьведчаць пра тое, што ён належыць да расейскамоўных. Гэта выключае вэрсію пра спэцыяльныя падразьдзяленьні РФ з Каўказа.
Шматгадовая гісторыя вайсковае супрацы можа працягнуцца
У чэрвені 2008 году надыйшла інфармацыя пра сьмерць расейскага лётніка ў Судане, які пілятаваў зьнішчальнік МіГ-29. Было зазначанае, што расейскія пілёты – якія служаць у Збройных Сілах РФ і адстаўныя – зьдзяйсьняюць палёты на 14 суданскіх МіГ-29. Тады гэтае рашэньне зьвязвалі з складанасьцямі падчас навучаньня суданскіх пілётаў і «неадэкватнасьцю іхных паводзінаў».
Гэты факт сьведчыць пра існаваньне шматгадовае расейскае вайсковае дапамогі рэжыму Амара Башыра, які знаходзіцца пад ціскам Міжнароднага Крымінальнага Суду й мае тыя ж матывы, што і Башар Асад у Сірыі. Рэгулярнае галасаваньне Судана ў ААН супроць украінскіх рэзалюцыяў што да Крыма таксама ўскосна сьведчыць пра наяўнасьць вайскова-палітычнага ўзаемадзеяньня на высокім узроўні паміж Масквой і Хартумам, як мінімум на працягу апошніх трох гадоў.
Верагодна, Крэмль імкнецца да пашырэньня й паглыбленьня падобнае супрацы, якая мае ператварыцца на непасрэдную расейскую вайсковую прысутнасьць у краіне паводле сірыйскае схемы: гарантыі палітычнаму рэжыму ў абмен на неабмежаваны вайсковы кантынгент і разьмяшчэньне вайсковае інфраструктуры.
Высновы й прагнозы
Такім чынам, фармуецца тэндэнцыя выкарыстаньня Расеяй замежных лякальных канфліктаў дзеля пашырэньня вайсковае прысутнасьці РФ на гэтых тэрыторыях у абмен на вайсковую падтрымку й гарантыі дзейным аўтарытарным рэжымам. Аналягічным чынам Расея надае падтрымку лібійскаму лідэру Халіфе Хафтару (які кантралюе ўсходнюю частку краіны) дзеля разьмяшчэньня вайсковых базаў непадалёк Бэнгазі.
Чытайце таксама: «Пэрспэктывы расейска-эгіпецкай кампаніі ў Лібіі»
Нягледзячы на сэрыю крытычных публікацыяў у расейскіх СМІ што да мэтазгоднасьці разьмяшчэньня вайсковае інфраструктуры ў Судане пасьля візыту Амара Башыра ў Маскву ў лістападзе 2017 году, Крэмль, цалкам мажліва, ухваліць пазытыўнае рашэньне ўжо ў першай палове 2018 году. Сумневы ў мэтазгоднасьці падобнага рашэньня мелі дачыненьне да рэакцыі Захаду на гэты крок, а таксама дастатковасьці фінансавых рэсурсаў для падобнага праэкту.
Разам з тым затратны фінансавы чыньнік праэкту, цалкам мажліва, стане асноўным фактарам, які будзе вызначаць пазыцыю МА РФ у кантэксьце зьніжэньня інтэнсіўнасьці дзеяньняў у Сірыі і, адпаведна, скарачэньня фінансавых выдаткаў/патокаў, якія праходзяць праз гэтае ведамства.
З палітычнага пункту гледжаньня Крэмль пойдзе на падобную нятанную авантуру, бо гэта надасьць мажлівасьць чарговага разу прадэманстраваць патэнцыял канфрантацыі з Вашынгтонам, які мае значную прыстунасьць у рэгіёне, і дазволіць атрымаць падтрымку краінаў, якія імкнуцца зьменшыць уплыў Вашынгтона або гандлявацца зь ім. Апроч гэтага, гэта дазволіць кантраляваць лягістычныя маршруты пастаўкі энэрганосьбітаў цераз Чырвонае мора, а ў каардынацыі зь Іранам, у выпадку неабходнасьці блякаваць экспарт нафты з Арабійскае паўвыспы, зьдзяйсьняць значны ўплыў на дынаміку сусьветных коштаў. Тым ня менш, для вырашэньня падобнае задачы неабходная прысутнасьць сталае марское групоўкі РФ, што ўзмоцніць фінансавы ціск на бюджэт. У выніку, паводле нашых ацэнак, Крэмль можа распачаць будаўніцтва тэхнічнае базы, аналягічнай той, што маецца ў Тартусе (Сірыя) з мажлівасьцю сытуацыйнага разгортваньня часовае абмежаванае марское групоўкі. Такі сцэнар досыць верагодны, калі ўзяць пад увагу ўзровень узаемінаў Крамля з Эгіптам і Этыёпіяй, якія ня будуць замінаць праходжаньню вайсковых караблёў РФ.
У выпадку разьмяшчэньня вайскова-марской базы (ВМБ) у Судане, Расея можа сутыкнуцца з узмацненьнем канкурэнцыі з боку КНР у рэгіёне, які мае істотныя інтарэсы ў гэтай краіне, а таксама з пазыцыяй Савудаўскай Арабіі, для якой расейская ВМБ ў Порт-Судане мае ня толькі рызыкі для нафтавай галіны, але й нацыянальнай бясьпецы ў кантэксьце зручнай лягістыкі для вайсковых паставак хусіцкім паўстанцам у Емэне. Зьяўленьне расейскай ВМБ ў Судане таксама значна паслабіць рэгіянальную вагу Этыёпіі, як аднаго з рэгіянальных цэнтраў ўплыву. Гэта мажліва адаб’ецца на падвышэньні для Расеі ставак далейшай дзейнасьці ў рэгіёне.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа