10 кастрычніка 2016 г. у Страсбургу пачалася восеньская сэсія Парляманцкае асамблеі Рады Эўропы. Гэтая сэсія не абяцала для Расеі нічога добрага, нягледзячы на тое, што падчас ейнага адкрыцьця старшыня асамблеі Пэдра Аграмунт заявіў пра неабходнасьць вярнуць у плянарную залю прадстаўнікоў Расейскае Фэдэрацыі. Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm правяла паралелі паміж сытуацыяй на міжнароднай арэне і эскаляцыяй расейскай агрэсіі на ўсходніх рубяжах ЭЗ.
З першага дня восеньскай сэсіі ПАРЭ дзеля выніку працавалі ня толькі дыпляматы й спэцслужбы РФ. Расейскія СМІ сынхронна з стаўленікамі ў шэрагах тэрарыстычных войскаў «Л/ДНР» актыўна укідвалі ў інфармацыйную прастору заявы пра «абстрэлы мірных жыхароў з боку ЗСУ» і пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва, раскручвали з новай сілай тэмнік пра «нутраны ўкраінскі канфлікт».
Зьявілася цэлая сэрыя «тэрміновых зводаў» ад так званага «намесьніка камандыра апэратыўным камандаваньнем ДНР» Эдуарда Басурына. Рыторыка была стандартнаю: праз абстрэлы разбураныя хаты мірных жыхароў, параненыя ў чарэўную паражніну бабулі. Вядома ж, усе яны Якаўлеўны (верагодна, у тэмніках падаюць прыклады, якія выканаўцы ўспрымаюць літаральна і штампуюць пад капірку).
Далей тэма абстрэлаў Саханкі й «грамадзянскай вайны» мусавалася ва ўсіх расейскіх СМІ. Не засталіся ў баку нават ветэраны ПДВ РФ. Гэтак, 11 кастрычніка 2016 г. адыёзны палкоўнік РФ, экс-начальнік службы бясьпекі прэзыдэнта непрызнанай ПМР, старшыня «Рэгіянальнага аддзяленьня Міжнароднага саюза дэсантнікаў Расеі» Валеры Гратаў напісаў (падаем у рыгінале):
«<…> Кто ответит за Саханку? Я навел справки в 8-м центре ЦИБ ФСБ России по вопросу обстрела Саханки. Просил довести руководству жесткую позицию ветеранов ВДВ и готовность многих бойцов идти защитить мирных жителей. Но мне жестко дали понять, что вопрос решается на международной арене и из-за проблем в Сирии нас пока не могут поддержать. Что же делать простым людям Донбасса, ждать, пока Россия улучит благополучный момент для нового броска, как это было в Иловайске и Дебальцево, или самим вершить свою судьбу?! Несколько танковых атак отбросят киевскую хунту и решат вопрос. Танков на подступах у нас достаточно! Время бить в набат, гнать в шею ОБСЕ и действовать! Если выбирать между Сирией и Донбассом, то я выбираю Донбасс, а не размениваюсь на геополитические амбиции <…>»
Ужо 12 кастрычніка стала зразумела, што на міжнароднай арэне Расея з трэскам правальваецца. Аніякія правакацыі й апэрацыі ўкідваньня ў інфапрастору ідэі «нутранага ўкраінскага канфлікту» ня мелі посьпеху.
У ПАРЭ былі пададзеныя два гістарычныя даклады й прынятыя дзьве гістарычныя рэзалюцыі. Гэта рапарты нямецкага палітыка Мэры-Луізы Бэк і чэскай дэпутаткі Крысьціны Зелянковай наконт Данбаса. Першы віцэ-спікер Вярхоўнае Рады Ірына Гярашчанка 12 кастрычніка паведаміла:
«У дакладзе «Палітычныя наступствы расейскай агрэсіі ва Украіне» (ВЕЛЬМІ ВАЖНА, быў зьменены назоў дакладу і канфлікт на Данбасе прызнаны расейскай агрэсіяй!) і дакладзе «Сродкі праўнай абароны ў выпадках парушэньняў правоў чалавека на акупаваных украінскіх тэрыторыях, непадкантрольных украінскай уладзе» ёсьць ключавыя пазыцыі: гэта расейская вайна супроць Украіны; расейскія войскі маюць быць выведзеныя з Украіны; выбары на Данбасе ў цяперашніх умовах немагчымыя! Таму што там небясьпечна! Выбары не зьяўляюцца магчымымі паводле пратаколу да Эўрапейскае Канвэнцыі пра абарону правоў чалавека ЕТЅ 9. Расея мае поўную адказнасьць за акупаваныя тэрыторыі, таму што яна цалкам кантралюе сытуацыю там! На Данбасе і ў Крыме адбылося вайсковае ўварваньне! А так званыя «ЛНР» і «ДНР» створаныя і падтрымліваюцца РФ і не зьяўляюцца легітымнымі».
Правал Расеі на міжнароднай арэне традыцыйна спрычыніўся да своеасаблівай помсты ў выглядзе абвастрэньня на фронце.
Ужо да вечару 12 кастрычніка расейскія акупацыйныя войскі абстралялі з самаходнай артылерыйскай ўстаноўкі з калібрам 152-мм пасёлак Вадзяное, які знаходзіцца пад Марыюпалем. У выніку абстрэлу пачаўся пажар. Некалькі дамоў былі сур’ёзна пашкоджаныя.
У гэты ж час пачаліся баі і абстрэлы ў раёне Шырокіна.
Падрабязную і дакладную мапу абстрэлаў з 12 кастрычніка глядзіце на сэрвісе Infolight.
Група «Інфармацыйны супраціў» зрабіла разгорнуты аналіз абвастрэньня сытуацыі на фронце.
«На працягу содняў расейскія акупанты на дзялянцы ад Паўлапалю да Шырокіна актыўна абстрэльвалі перадавыя пазыцыі ўкраінскіх войскаў, а таксама шэраг аб’ектаў і населеных пунктаў у іхным тактычным тыле, выкарыстоўвалі разнастайныя вагнявыя сродкі разам з 122-мм ствольнай і рэактыўнай артылерыяй. Апроч гэтага, акупанты досыць інтэнсыўна выкарысталі на гэтай дзялянцы й мінамётны вагонь, застасавалі 82-мм і 120-мм мінамёты…
Сэрыя вагнявых налётаў і абстрэлаў відавочна мела правакацыйны характар і некалькі мэтаў. Паказальнымі што да гэтага сталіся дзялянкі, па якіх баявікі пачалі масаваную стральбу, у тым ліку з артылерыйскіх сыстэмаў…
Гэта, галоўным чынам, апорныя пункты ўкраінскіх войскаў і сёлы паабапал двух (з трох) асноўных транспартных камунікацыяў гэтага раёна – трасы Е58 (Наваазоўск – Адэса) і дарогі ад Марыюпалю на Тэльманава, а таксама дзялянкі прысутнасьці часовых або сталых пастоў назіральнікаў АБСЭ (дзялянкі з высокай верагоднасьцю іхнага зьяўлення ў гэтым раёне)…
Было зафіксаванае застасаваньне баявікамі ў гэтай зоне такіх сыстэмаў узбраеньня, як 122-мм САУ 2С1 «Гвазьдзіка», 122-мм РСЗВ БМ-21 «Град», буксаваных 122-мм гаўбіцаў 2А18 тыпу Д-30/30А, 82-мм мінамётаў тыпу 2Б14 «Паднос» і 2Б9 «Васілёк» (аўтаматычны варыянт), 120-мм мінамёту тыпу 2С12 «Сані» і г.д.».
Абвастрэньне сытуацыі й эскаляцыя канфлікту былі дастаткова прадказальнымі: відавочна, што Расея рыхтавалася да гэтага. Толькі за апошні месяц была зафіксаваная значная колькасьць цяжкога ўзбраеньня й тэхнікі расейскіх акупацыйных войскаў, нададзеных для ўзмацненьня незаконным збройным фармаваньням на Данбасе. Валянтэрская аэравыведка досыць часта пачала фіксаваць артылерыйскія дывізыёны супраціўніку й падаваць неабвержныя доказы парушэньняў патрабаваньняў пра адвод цяжкога ўзбраеньня паводле менскіх дамоўленасьцей.
Гэтак, напрыканцы верасьня валянтэрская аэравыведка зафіксавала як мінімум восем адзінак 122-мм САУ 2С1 «Гвазьдзіка» у ваколіцах Наваазоўску, непасрэдна ля раёну, у якім зараз адбываецца абвастрэньне сытуацыі й зьдзяйсьняюцца сталыя абстрэлы ўкраінскае тэрыторыі, у тым ліку з 122 -мм гарматаў.
Цалкам магчыма, абвастрэньне адбудзецца і на іншых дзялянках, бо за апошнія 2 тыдні валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm зьдзейсьнілі з дапамогаю аэрафатаздымкаў ідэнтыфікацыю пяці буйных скопішчаў узбраеньня расейскіх акупацыйных войскаў на Данбасе.
- Вялікае скопішча танкаў і САУ было зафіксаванае ў Данецку ўсяго за 15 км ад лініі разьмежаваньня.
- Танкі былі зафіксаваныя ў населеным пункце Раздольнае (за 10 км ад лініі разьмежаваньня).
- 122-мм САУ 2С1 «Гвазьдзіка» былі зафіксаваныя ў Наваазоўску (за 17 км ад лініі разьмежаваньня).
- Цэлы артылерыйскі дывізыён фіксаваўся на адкрытай пляцоўцы ў населеным пункце Урубаўскі.
- Танкі фіксаваліся ў Горлаўцы (за 14 км ад лініі разьмежаваньня).
Аніякія Менскія пагадненьні й міжнародныя дамоўленасьці ня здольныя замірыць агрэсара. Толькі жорсткая кансалідаваная пазыцыя ўсяе сусьветнае супольнасьці, эканамічны ціск і ліквідацыя права вета Расейскай Фэдэрацыі ў Радзе бясьпекі ААН здольныя паўплываць на сытуацыю.
Пададзены ўкраінскай дэлегацыяй на восеньскай сэсіі ПАРЭ даклад міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm «Узбраеньне РФ на Данбасе» надае дакладнае ўяўленьне і пералік доказаў таго, што Расейская Фэдэрацыя сыстэматычна забясьпечвала і працягвае забясьпечваць тэрарыстычныя сілы на Данбасе сучаснай вайсковай тэхнікай, а таксама накіроўвае вайскоўцаў, якія яе эксплюатуюць.
У зьвязку з гэтым Украіна мае патрэбу ня толькі ў эканамічнай, але й вайсковай дапамозе з боку сусьветнае супольнасьці. Сьмяротныя й несьмяротнай тыпы сучаснае зброі, якія паступілі ў Збройныя Сілы і Нацыянальную гвардыю Украіны, маглі б стаць значным фактарам стрыманьня амбіцыяў Крамля ў рэалізацыі паўзучай акупацыі ўкраінскае тэрыторыі й дэстабілізацыі сытуацыі на ўсходніх межах ЭЗ і NATO.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа