Публікуем журналісцкае расьледаваньне рэдактара беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніса Івашына, якое пабачыла сьвет у беларускім рэспубліканскім выданьні «Новы Час». У расьледаваньні надаецца факталягічная й вэрыфікаваная інфармацыя што да задзейнічаньня сілаў і сродкаў Міністэрства абароны РБ для задушэньня акцыяў пратэсту ў Беларусі й зьдзяйсьненьня тэрору супроць мірнага насельніцтва.
У межах гэтага журналісцкага расьледаваньня былі вывучаныя кадры сотняў відэаматар’ялаў, безьліч фатаздымкаў, зробленых падчас масавых вулічных пратэстаў па ўсёй Беларусі ў жніўні й верасьні 2020 году. Дасьледаваныя дзясяткі сьведчаньняў наўпроставых відавочцаў. У выніку можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць: апроч супрацоўнікаў ворганаў Унутраных справаў РБ, у тым ліку байцоў спэцпадразьдзяленьняў, унутраных войскаў, у жорсткім задушэньні масавых пратэстаў непасрэдна застасоўваюцца сілы й сродкі Збройных сілаў (ЗС) РБ.
Сьлед асабліва зазначыць, што Збройныя сілы РБ цалкам інтэґраваныя з фармаваньнямі 20-й агульнавайсковай арміі й, меркавана, 1-й танкавай арміі ЗС Расейскай Фэдэрацыі ў расейска-беларускую Адзіную рэґіянальную групоўку войскаў (сілаў). Разам з Расеяй створаная адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны, Беларусь уваходзіць з РФ ва ўсе мажлівыя вайскова-палітычныя хаўрусы, супольная абарона тэрыторыі так званага «Союзного Государства» ўхваленая ў адзінай вайсковай дактрыне.
Шматлікія прадстаўнікі вышэйшага камандаваньня ЗС РБ фігуруюць у матар’ялах што да вызначэньня патэнцыйных агентаў уплыву РФ як выпускнікі расейскіх вайсковых ВНУ. Шмат хто зь іх скончыў, перадусім, Вайсковую акадэмію Ґенштабу ЗС РФ. Сярод іх і начальнік Ґенштабу ЗС РБ – першы намесьнік міністра абароны РБ Аляксандар Вальфовіч і камандуючы Сіламі спэцыяльных апэрацыяў Вадзім Дзенісенка.
Відавочна, задзейнічаньне сілаў і сродкаў беларускіх Збройных сілаў для задушэньня мірных пратэстаў не было аднабаковай ініцыятывай рэжыму Лукашэнкі. У гэтым кантэксьце рэґулярныя рэйсы расейскіх спэцбортаў у жніўні й верасьні 2020 г., у тым ліку Міністэрства абароны Расеі ў Беларусь, могуць быць сьведчаньнем скаардынаваных дзеяньняў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва РБ і РФ. Пацьверджаньне Пуціным гатоўнасьці выкарыстаць на просьбу Лукашэнкі сфармаваны рэзэрв расейскіх сілавікоў толькі дадаткова павялічвае верагоднасьць гэтага.
Чытайце таксама: Беларусь – сувэрэнная дзяржава або пратэктарат РФ?
Першым пра выкарыстаньне Збройных сілаў у межах забесьпячэньня праваахоўных дзеяньняў заявіў 12 жніўня начальнік УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандар Астрэйка. Ён пацьвердзіў факт выкарыстаньня ў Берасьці 10 жніўня 2020 г. падразьдзяленьняў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыґады, якая структурна ўваходзіць у Сілы спэцыяльных апэрацыяў ЗС РБ. Вайскоўцы гэтага армейскага фармаваньня былі задзейнічаныя нібыта толькі ў межах ачапленьня той тэрыторыі, на якой, цытуем словы Астрэйкі: “ужо быў адноўлены парадак, а таксама для фізычнага кантролю, каб ня даць іншым правапарушальнікам туды вярнуцца й паноўна праводзіць нейкія дзеяньні”.
Цікава, што паводле сьведчаньняў Астрэйкі, рашэньне пра мабілізацыю байцоў 38-й брыґады ён ухваляў асабіста. Аднак вядома, што Збройныя сілы РБ падпарадкоўвацца Міністэрству абароны, але не МУС. Гэта цалкам розныя ведамствы з сваёй уласнай герархіяй і структурай камандаваньня.
17 жніўня ўжо начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Вадзім Сіняўскі заявіў, што зафіксаваная ў Горадні падчас пратэстаў вайсковая машына з кулямётам на даху выкарыстоўвалася ў якасьці прыкрыцьця, а сама зброя была заладаваная нібыта халастымі патронамі. Як і ў выпадку з Астрэйкам, міліцэйскі чыноўнік даў тлумачэньні за дзеяньні абароннага ведамства, да якога ня мае аніякага дачыненьня.
Базавай інфармацыяй, на якой ґрунтуецца гэтае расьледаваньне, зьяўляюцца факты выкарыстаньня сілаў і сродкаў ЗС РБ у Горадні. Нягледзячы на намаганьні дзяржслужбоўцаў схаваць праўду, гэтыя факты цалкам раскрываюць мэтаскіраванае задзейнічаньне сілаў і сродкаў беларускае арміі для задушэньня мірных пратэстаў.
Ідэнтыфікацыя й выяўленьне
У межах гэтага расьледаваньня сілавікоў, якія арганізоўвалі ґвалтоўныя затрыманьні з дапамогаю транспартных сродкаў, сярод якіх былі бронеаўтамабілі, – называем байцамі зводнай групы. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, часта яны былі апранутыя ў чорную форму з балаклавамі, без знакаў адрозьненьняў і пазнакаў. Аднак нават нягледзячы на надпісы прынажленасьці да атраду міліцыі асаблівага прызначэньня, гэта не абавязкова маглі быць байцы АМАПу.
Выкарыстаньне зводных групаў для задушэньня мірных акцыяў пратэстаў стала асабліва характэрнай праявай карнай дзейнасьці сілавікоў перадусім у Горадні. У першыя дні пратэстаў, калі адбываліся найбольш жорсткія катаваньні пратэстоўцаў, досыць часта ў зводных групах фіксаваліся адразу па два бронеаўтамабілі.
Фота зводнай групы з двума бронеаўтамабілямі на скрыжаваньні вуліцаў Гарнавых і Гагарына, 11 жніўня 2020 г. / autogrodno.by
Было вырашанае зьдзейсьніць іхную ідэнтыфікацыю й вызначэньне прыналежнасьці да пэўнага сілавога ведамства. Сьлед зазначыць, што шмат, хто блытае іх з расейскімі бранявікамі «Тыгр» ці расейска-беларускімі «Ліс-ПМ», якія маюцца ва ўзбраеньні ўнутраных войскаў МУС РБ і якія таксама застасоўваюцца для разгону пратэстных акцыяў.
Вызначанае, што ў складзе зводных групаў у Горадні выкарыстоўваюцца кітайскія бронеаўтамабілі CS/VN3 Dajiang (大江, кіт. «Вялікая Рака»).
CS/VN3 Dajiang («Цмок»)
Упершыню лёгкабраняваныя машыны CS/VN3 Dajiang былі прадэманстраваныя на кітайскай выставе ўзбраеньняў Zhuhai Air Show у 2014 годзе. Яны сэрыйна вырабляюцца з 2013 году прадрыемствам Chongqing Tiema Industries Group Co. (Завод №256, г. Чунцын у цэнтральнай частцы Кітаю), якое ўваходзіць у кампанію China North Industries Group Corporation (CNGC, больш вядомая з скаротам Norinco). Пэўная колькасьць гэтых бронеаўтамабіляў маецца ва ўзбраеньні Народнай арміі абароны Кітаю і Народнай збройнай паліцыі КНР.
Ва ўзбраеньне беларускае арміі яны паступілі ў 2017 годзе, ім надалі ўласную назву «Цмок» (рас. – «Дракон»). Выяўленыя ня менш за дзьве партыі паставак гэтых бранявікоў, якія ў Беларусь з Кітаю былі дастаўленыя кітайскім транспартным лятаком кампаніі Air China Cargo ў чэрвені 2017 году, а таксама ў студзені 2018 году.
Пастаўка першай партыі «Цмокаў» з Кітаю, чэрвень 2017 г.
Характэрна, што Беларусь сталася першай краінай, у якую Кітай распачаў экспарт гэтага бронеаўтамабілю. Пастаўкі зьдзяйсьняліся паводле пагадненьня паміж Міністэрствам абароны РБ і Міністэрствам нацыянальнай абароны Кітаю што да наданьня бескаштоўнай вайскова-тэхнічнай дапамогі.
Для патрэбаў Збройных сілаў РБ яны былі значна дапрацаваныя. У Беларусь быў пастаўлены перадусім штурмавы варыянт гэтых бронеаўтамабіляў, прызначаных у тым ліку для выкананьня задачаў у гарадзкіх умовах. Яны прызначаныя для хуткага разгортваньня й правядзеньня спэцапэрацыяў.
Бранявікі «Цмок» у парадных разьліках беларускае арміі падчас рэпэтыцыі вайсковага параду / фота: ВІА УС РБ «Ваяр»
Паводле словаў намесьніка міністра абароны па ўзбраеньні Сяргея Сіманенкі, агулам з Кітаю плянавалася паставіць у Беларусь да 30 гэтых машынаў.
«Цмокі» маюць браню 4-й клясы, якая вытрымлівае кулю калібрам 7,62 мм і патрапленьне аськепкаў. Кузаў выраблены ў выглядзе бронекапсулы, яна можа абараніць ад падрыву фугасу ў некалькі кіляграмаў у трацілавым эквіваленце. Бронешкло вытрымлівае патрапленьне кулі калібрам 5,45 мм. У бранявіку могуць разьмясьціцца да 9 чалавек у поўным баявым экіпаваньні. Маса «Цмоку» складае 8700 кг, ён абсталяваны рухавіком з магутнасьцю 245 л.с. і аб’ёмам 7 л, здатны разганяцца да 120 км на гадзіну, пры гэтым на 100 км спажывае прыблізна да 30 л паліва.
На даху бронеаўтамабілю разьмешчаная адмысловая паваротная платформа для 12,7-мм буйнакалібэрнага кулямёту НСВТ.
Сьпярша «Цмокі» паступілі ў батальён аховы 361-й базы аховы й абслугоўваньня цэнтральных органаў вайсковага кіраваньня (ЦОВК) для праходжаньня дасьледніцкіх выпрабаваньняў што да вызначэньня тэхнічных характарыстык, заяўленых заводам-вырабніком, і для тэставаньня машыны ў палявых і гарадзкіх умоваў. Упершыню выкарыстаньне гэтых бранявікоў беларускай арміяй было зафіксаванае падчас расейска-беларускіх супольных стратэгічных вышкалаў «Запад-2017», а таксама супольных апэратыўных вышкалаў «Щит Союза – 2019».
Падчас вышкалаў «Щит Союза – 2019» / mil.ru
Чытайце таксама: Маніторынгавая кампанія вайсковых вышкалаў «Запад-2017». Вынікі й высновы
У першую чаргу гэтыя бронеаўтамабілі выкарыстоўваюць Сілы спэцыяльных апэрацыяў, а таксама вайсковыя часткі ЦОВК. Вызначанае, што ў гарадзенскі ґарнізон бранявікі «Цмок» паступілі ва ўзбраеньне аднай з частак ЦОВК, а менавіта ў 250-ы асобны батальён аховы й абслугоўваньня (250-ы АБАА, в/ч 97035) камандаваньня й кіраваньня Заходняга апэратыўнага камандаваньня (ЗАК).
Таксама пэўная іх колькасьць можа знаходзіцца і ва ўзбраеньні 22-й асобнай роты спэцыяльнага прызначэньня, якая дысьлякуецца ў тым жа вайсковым гарадку, што і 250-ы АБАА (пункт сталай дысьлякацыі – Горадня, вул.Славінскага, 2).
Прыналежнасьць бронеаўтамабіляў да МА РБ
Як правіла, усе аўто зводнай групы разам з армейскімі бранявікамі «Цмок» ня маюць нумароў дзяржрэестрацыі. Зробленае гэта, на думку аўтара, наўмысна, дзеля ўскладненьня вызначэньня прыналежнасьці аўто да пэўных падразьдзяленьняў сілавых ведамстваў. Відавочна, паводле задумы, для сярэднестатыстычнага грамадзяніна зводная група мае выглядаць у якасьці сілаў й сродкаў адной сілавой структуры, але не адразу некалькіх. Да таго ж яўнае выкарыстаньне вайсковае тэхнікі з нумарамі абароннага ведамства для, па-сутнасьці, правядзеньня карных апэрацыяў супроць мірнага насельніцтва можа значна падарваць давер да арміі, асноўная функцыя якой – абарона дзяржавы ад вонкавых ворагаў.
Каб адкінуць якія-кольвек сумневы, што ў тэроры супроць сваіх жа суграмадзянаў былі застасаваныя сілы й сродкі беларускай арміі, было зьдзейсьненае выяўленьне знакаў дзяржрэестрацыі зафіксаваных у зводных групах бронеаўтамабіляў.
Кожны бронеаўтамабіль зводнай групы мае ўнікальную камуфляжную афарбоўку з выкарыстаньнем трохколеравай схемы. З дапамогаю параўнальнага аналізу гэтага вайсковага маскаваньня ў фота зафіксаваных машынаў зводнай групы з фатаздымкамі й відэа адкрытага доступу, перадусім з параду войскаў гарадзенскага ґарнізону з 2018 і 2019 гг., былі дакладна вызначаныя нумары дзяржрэестрацыі бронеаўтамабіляў: МК 0717-0 і МК 0719-0.
Параўнальны аналіз фатаздымкаў і кадраў відэа, з дапамогаю якога быў выяўлены нумар дзяржрэестрацыі аднаго з «Цмокаў» у складзе зводнай групы – МК 0719-0. Аналягічным чынам быў вызначаны нумар і іншага бронеаўтамабілю
Паводле дзяржстандарту РБ СТБ 914-99 «Знакі рэестрацыйныя й знак адметны транспартных сродкаў», код рэестрацыйнага знаку «0» замацаваны за наступнымі ведамствамі: Дзяржаўны памежны камітэт, Міністэрства абароны, Унутраныя войскі МУС, транспартныя сродкі КДБ РБ, замацаваныя на праве апэратыўнага кіраваньня за в/ч 04152, а таксама тыя, што знаходзяцца ў штаце вайсковага часу. Сэрыя МК і МО – гэта Міністэрства абароны РБ.
30 жніўня 2020 г. два бронеаўтамабілі «Цмок» былі непасрэдна зафіксаваныя ля штабу ЗАК у Горадні, а праз тыдзень, 6 верасьня, бранявік зводнай групы быў зафіксаваны ў выставе вайсковай тэхнікі й узбраеньня, прымеркаванай да гадавога сьвята Заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Бронеаўтамабіль «Цмок» (МК 0719-0) з ужо нанесенымі перад выставай на бакавыя дзьверы чырвона-зялёнымі сьцягамі й перафарбаванай цалкам на зялёны колер верхняй планкай, якая закрывае радыятарныя краткі, 06.09.2020 Горадня / Фота аўтара
Паляваньне «Цмокаў» на людзей
Пасьля ідэнтыфікацыі й вызначэньня прыналежнасьці бронеаўтамабіляў зводных групаў пяройдзем да ня менш важнага пытаньня. Ці адпавядаюць рэчаіснасьці заявы прадстаўнікоў МУС, а таксама вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва РБ пра тое, што падчас «пацыфікацыі» пратэставае актыўнасьці армейскія падразьдзяленьні выкарыстоўваліся выключна для прыкрыцьця, а таксама фізычнага кантролю ачэпленай тэрыторыі?
Разгледзім наступную факталягічную й вэрыфікаваную базу доказаў, якая гэта цалкам абвяргае.
Выкарыстаньне армейскага бронеаўтамабілю «Цмок», што засьведчыў начальнік абласной гарадзенскай міліцыі Вадзім Сіняўскі, было зафіксаванае ў Горадні на другі дзень пратэстаў, 10 жніўня.
Аўтар гэтага расьледаваньня асабіста атрымаў фотадоказы застасаваньня бранявіка ў складзе зводнай групы, у якую ўваходзіў таксама мікрааўтобус Ford Transit і аўтобус МАЗ-256.
Фотафіксацыя зводнай групы аўтатранспарту сілавікоў на вул. Дарвіна ў Горадні, 10.08.2020 г. Нумар дзяржрэестрацыі бронеўтамабілю «Цмокаў» МК 0717-0
Увечары 10 жніўня, паводле сьведчаньня аднаго з відавочцаў, які разам зь сябрам знаходзіўся на паркоўцы ў сваім аўтамабілі непадалёк абласной філярмоніі, проста на ходнікі заехаў бранявік і аўтазак. Байцы спэцпадразьздяленьняў намагаліся затрымаць людзей, якія там шпацыравалі. Людзі хутка разьбегліся і пляцоўка стала пустою, тады некалькі сілавікоў падбеглі да аўтамабіля відавочцы, пачалі тузаць за ручкі, аднак дзьверы пасьпелі своечасова заблякаваць. Па аўтамабілю пачаліся ўдары дручкамі, ад аднаго зь якіх было разбітае ветравое шкло і пашкоджанае крыло. Відавочцу з сваім сябрам удалося зьехаць адтуль, яны не былі затрыманыя.
Значна менш пашанцавала гарадзенскаму таксісту Аляксею Лапу. 11 жніўня ён скончыў сваю працу і прыехаў да сяброў да гіпэрмаркету «Алмі» на вул. Савецкіх памежнікаў. Раптоўна з бронеаўтамабіля й мікрааўтобуса, што праязджалі побач, выбеглі людзі ў чорным – і аналягічным чынам напалі на ягоны аўтамабіль Škoda Rapid.
Выкадраваньне відэафіксацыі нападу байцоў зводнай групы на аўто Аляксея Лапы (леваруч уверсе, побач зь ім – армейскі бронеаўтамабіль «Цмок», МК 0717-0) / t.me/autogrodnoby
Аляксею разам зь сябрамі таксама ўдалося тады зьехаць, аднак у выніку спэцапэрацыі з удзелам другога бранявіка, у межах якой была перакрытая цэлая вуліца, машына была спыненая. Усіх людзей, хто быў унутры, груба дасталі, паклалі на асфальт й пачалі гвалтоўна зьбіваць. Енкі, крыкі й катаваньні людзей зафіксавананыя ў відэа, якія зрабілі відавочцы. Аляксею зламалі нос і верхнюю сківіцу, у выніку катаваньняў ён атрымаў і іншыя цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Працяглы час усіх затрыманых трымалі проста на праезнай частцы, а Аляксею, які згубіў шмат крыві, нават не надавалі мэдычную дапамогу.
Фота ґвалтоўных дзеяньняў байцоў зводнай групы ў межах спэцапэрацыі блякаваньня праезнай часткі на вул. Паповіча ў Горадні. Бронеаўтамабіль «Цмок» (МК 0719-0) зафіксаваны ў другім фатаздымку праваруч, 11.08.2020 / hrodna.life
У выніку Аляксея ўсё ж даставілі пад канвоем у больніцу хуткай мэдычнай дапамогі, скуль перавялі ў рэанімацыю Гарадзенскай унівэрсытэцкай клінікі, дзе ён быў праапэраваны. Паказальна, што падчас апэрацыі ён быў прыкаваны кайданкамі да апэрацыйнага сталу. З траўмамі галавы былі шпіталізаваныя і два іншых пасажыры зь ягонага аўто.
Брутальна зьбіты байцамі зводнай групы Аляксей Лапа / hrodna.life
Цынізмам ёсьць тое, што ў дачыненьні да Аляксея Лапы распачалі крымінальную справу паводле арт. 364 КК РБ нібыта за ўчыненьне ґвалту да міліцыянта.
З правядзеньнем гэтай спэцапэрацыі зьвязаны яшчэ адзін інцыдэнт, які стаўся шокам для ўсёй Беларусі.
Падчас ґвалтоўнага затрыманьня Аляксея Лапы байцы зводнай групы таксама зьдзейсьнілі напад на легкавік VW Passat, у якім ехала маладая сям’я Уладзімера і Іны Чараўхаў з дачкой. Сям’я вярталася дахаты й на вул. Паповіча патрапіла ў калёну машынаў. Перад імі было некалькі аўтамабіляў і адзін армейскі бранявік. Яшчэ адзін бронеаўтамабіль знаходзіўся за імі. Яны пабачылі, што першы бранявік пачаў падразаць мікрааўтобус, які стаў паварочвацца бокам. Паводле словаў Уладзімера, раптам на таксі Škoda Rapid (аўто Аляксея Лапы – заўв. аўт.), што стаяла наперадзе, выбеглі ля 6 чалавек у чорнай форме без пазнакаў і пачалі дручкамі біць шыбы.
Уладзімер вырашыў іх аб’ехаць і выехаў на сустрэчную паласу. Празь імгненьне на іхную машыну накінуліся байцы зводнай групы й пачалі біць таксама дручкамі па машыне, разьбілі ветравое шкло, бакавая шыбы й люстэркі. Пасьля гэтага ззаду адбыўся моцны ўдар – іхную машыну пратараніў другі бранявік. Нагадаем, што маса бронеаўтамабілю «Цмок» – амаль 9 тонаў.
Ніжэй відэафіксацыя падзеяў пасьля тарану “Цмокам” аўтамабіля сям’і Чараўхаў, апублікаваная ў Telegram-каналах (Увага! Маецца абсцэнная лексіка!).
Выкадраваньне відэа, бронеаўтамабіль «Цмок» МК 0719-0 і пратаранены ім VW Passat
Юля Чараўха, 5-гадовая дачка Уладзімера й Іны, знаходзілася на заднім сядзеньні й была вельмі блізка да шыбы, якую разьбілі сілавікі. У выніку яна атрымала вельмі сур’ёзнае параненьне галавы, увесь ейны твар быў заліты крывёю.
Фота параненай Юлі Чараўха / Instagram
Ейны бацька выйшаў з машыны, каб дастаць параненае дзіцяці й атрымаў ад байца зводнай групы ўдар дручком па галаве, які расьсек яму лоб. Апроч гэтага супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго для разьбіральніцтва.
Аўто сям’і Чараўхаў, пашкоджанае байцамі зводнай групы / svaboda.org
Траўму галавы атрымала і Іна Чараўха, пазьней яна разам з дачкой была шпіталізаваная. У больніцы ейнай дачцэ наклалі на рану чатыры швы й дыяґнаставалі расьсячэньне правай скроневай частцы й ЧМТ.
У першыя дні пратэстаў зводная група была задзейнічаная ў апэрацыях што да затрыманьняў людзей па ўсяму гораду. Непасрэдныя сьведкі падзеяў фіксавалі гэтую групу ў шматлікіх лякацыях Горадні. Ніжэй падаем кадар зь відэафіксацыі транспартных сродкаў групы, уключна з бронеаўтамабілем «Цмок» (МК 0719-0), на пешаходнай зоне ў гарадзкім парку Жылібэра.
Выкадраваньне зь відэа t.me/autogrodnoby
У відэа ніжэй можна пабачыць, як байцы зводнай группы дэсантуюцца з бранявіка «Цмок» (МК 0719-0) на прыпынку грамадзкага транспарту на вул. Перамогі, што непадалёк абласной філярмоніі, і пачынаюць затрымліваць людзей.
Адной з асноўных мэтаў і задачаў зводнай групы, апроч удзелу ў апэрацыях «пацыфікацыі» мірнага насельніцтва, – безумоўна, ёсьць спрыяньне максымальнаму застрашэньню людзей. Менавіта гэтым і можна патлумачыць наяўнасьць армейскага бронеаўтамабілю ў ейным складзе.
Зводная група з бронеаўтамабілем «Цмок» (МК 0719-0) падчас рэйдаў у межах «пацыфікацыі» мірных пратэстаў / social media
Менавіта дзеля запужваньня людзей на паваротную плятформу на даху «Цмока» байцы групы ўсталёўваюць буйнакалібэрны кулямёт НСВТ.
На фоне адкрытага тэрору сілавікоў супроць мірнага насельніцтва Беларусі пытаньне, ці мог ён быць выкарыстаны для вагню на паражэньне, – ёсьць цалкам рытарычным.
Бронеаўтамабіль «Цмок» (МК 0719-0) з стралком і ўсталяваным кулямётам НСВТ ля гандлёвага цэнтру «Карона» на пр. Я.Купалы ў Горадні, 11.08.2020 / t.me/strana888_live
Падрыў нацыянальнай бясьпекі Беларусі
23, 30 жніўня і 6 верасьня вакол стэлы «Менск – горад-герой» Мінабароны выставіла ачапленьне нібы дзеля аховы Музэя Вялікай айчыннай вайны. Дадаткова жаўнеры абнесьлі калючым дротам досыць вялікую тэрыторыю вакол. Таксама 6 верасьня азнакі ваеннага становішча зьявіліся на цэнтральнай, Кастрычніцкай плошчы Менска. Прастору перад Палацам Рэспублікі атачыла таксама вайсковае ачапленьне з калючым дротам, цалкам давяршаючы гэты адзін з самых знакамітых сымбаляў архітэктурнай таталітарнай эстэтыкі Беларусі.
Міністар абароны РБ Віктар Хрэнін падчас закрытай нарады з кіраўнікамі структурных падразьдзяленьняў МА, ГШ і ЗС ня выключыў мажлівасьць пачатку грамадзянскай вайны і ваеннага канфлікту. Цытаты зь ягонай прамовы апублікавала выданьне «Наша Ніва». Ён зьвярнуў увагу прысутных, што “можа, некаторыя гэтага хочуць, каб потым нас, мяне, абвінавацілі ў ґенацыдзе супраць уласнага народа, таму што калі ўжываецца зброя, гінуць мірныя людзі”.
Чытайце таксама: Гібрыдная агрэсія РФ: Беларусь і Украіна ў прыцэле расейскага нэаімпэрыялізму (OSINT-аналіз)
Усё гэта сьведчыць, што рэжым Лукашэнкі імкліва набліжаецца да тыповай вайсковай хунты, што ўтрымлівае ўладу з дапамогаю ґвалту й тэрору сілавога блоку ў дачыненьні сваіх жа грамадзянаў.
Неправамоцнае выкарыстаньне сілаў і сродкаў вайскоўцамі Міністэрства абароны РБ супроць уласнага народу мае абавязкова стаць падставай да належнага расьледаваньня й засуджэньня ў дэмакратычнай Беларусі. Факты застасаваньня арміі супроць мірнага насельніцтва ня толькі значна зьмяншаюць прэстыж службы ў ёй, але й катастрафічна падрываюць давер да яе. У выпадку ж скаардынаванасьці сілавых дзеяньняў у дачыненьні беларускага народу паміж рэжымам Лукашэнкі і Расейскай Фэдэрацыяй, для апошняй адкрываецца вельмі шырокі калідор мажлівасьцяў для гібрыднай ваеннай агрэсіі і акупацыі нашай краіны.
Дзяніс Івашын, рэдактар InformNapalm Беларусь
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Загалоўнае фота – grodnoplustv.by.
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа