Расейская Фэдэрацыя з 2014 году пастаўляла баявікам тэрарыстычных фармаваньняў «Л/ДНР» сучасныя ўзбраеньні й высокатэхналягічныя сродкі выведкі, а таксама вайсковых спэцыялістаў для кіраваньня гэтымі сыстэмамі.
Падчас расьледаваньня валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm выявілі чарговае пацьверджаньне паставак на акупаваную частку ўкраінскага Данбаса расейскіх бесьпілётных лятальных комплексаў: «Арлан-10», «Тахіён» і «Элерон-3СВ».
Ідэнтыфікацыя тыпаў БПЛА ў фатаздымку
Расьледаваньне было распачатае на падставе фатаздымку, які перадаў для супольнасьці InformNapalm вайсковы аглядальнік Дзьмітры Пуцята. У здымку з зафіксаванымі стэндамі мы ідэнтыфікавалі расейскія БПЛА: «Арлан-10», «Тахіён» і «Элерон-3СВ».
Геапазыцыянаваньне здымку
Валянтэры InformNapalm таксама зьдзейсьнілі геапазыцыянаваньне здымку. Фота было зробленае на базе «Транспеле» ТАА «Лаа-Транс», якая знаходзіцца ва акупаваным расейскімі баявікамі ўкраінскім горадзе Луганску. На вялікіх пляцоўках тэрыторыі гэтае базы неаднаразова ўжо былі зафіксаваныя скопішчы расейскае вайсковае тэхнікі.
Для візуальнага параўнаньня будынкаў падаем таксама фота з гэтае базы.
Вызначэньне прыналежнасьці БПЛА «Арлан-10»
У здымку на мейсцы бартавога нумару БПЛА «Арлан-10» можна пабачыць лічбы «..73». З дапамогаю папярэдняга расьледаваньня InformNapalm мы з высокай ступеньню верагоднасці сьцьвярджаем, што ў фота зафіксаваны «Арлан-10» з бартавым нумарам 10273, які належыць 83-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе (АДШБр) ЗС РФ (в/ч 71289, мейсца сталай дысьлякацыі – г. Усурыйск Прыморскага краю). Поўны нумар быў выяўлены ў ведамасьці пра «пазаштатныя сілы й сродкі паветранае выведкі» так званага 2-га армейскага корпусу «ЛНР» (2-і акупацыйны корпус РФ на Данбасе).
Пазначаны борт зьяўляецца пеленгатарам з складу расейскага комплексу РЭБ РБ-341В «Леер-3» і ўжо фігураваў у нашых расьледаваньнях, зьдзейсьненых на падставе аналізу дадзеных з кампутару начальніка выведкі другога акупацыйнага корпусу РФ на Данбасе. Таксама мы вызначылі, што экіпаж гэтага БПЛА складаўся зь ліку кадравых расейскіх вайскоўцаў 83-й АДШБр:
- начальнік разьліку БПЛА (старэйшы апэратар) – старэйшы лейтэнант Якееў Яўген Іванавіч, асабісты нумар Э-672367;
- апэратар карыснай нагрузкі БЛА – яфрэйтар Урэкяну Радзівон Сававіч, асабісты нумар МТ-382941;
- тэхнік БЛА – шараговец Аглы Дзьмітры Рустамавіч, асабісты нумар Ю-771177.
Больш падрабязна пра мэтадалёгію ідэнтыфікацыі пазначаных расейскіх вайскоўцаў можна даведацца ў расьледаваньні: «Начальнік выведкі 2-га АК пад кантролем UCA. Part 1: БЛА «Арлан-10»».
Пастаўкі БПЛА ва ўзбраеньне баявікоў «Л/ДНР»
Пазначаныя вышэй факты – гэта не адзіны інцыдэнт перадачы высокатэхналягічных сродкаў выведкі для бандфармаваньняў.
InformNapalm таксама захоўвае ў сваёй базе дадзеных здымак даверанасьці што да перадачы 5 расейскіх БПЛА камандыру роты радыёэлектроннай выведкі так званага 1-га армейскага корпусу «ДНР» (1-ы акупацыйны корпус РФ на Данбасе). Здымак даверанасьці зроблены 11 сьнежня 2014 году а 00:19:51. Дата выдачы даверанасьці – 10 сьнежня 2014 году. Тэрмін дзеяньня да 20 сьнежня 2014 году. У дакуманце пазначанае, што так званы “1-ы АК ДНР” у асобе камандыра роты РЭР Пятніцы Віталя Эдуардавіча (дакуманты МА «ДНР» сэрыя З №988) гатовы прыняць ад 12-га камандаваньня рэзэрву Збройных Сілаў Расейскае Фэдэрацыі (г. Новачаркаск, Растоўская вобласьць , в/ч 89462) матар’яльныя каштоўнасьці паводле формы №12, менавіта:
- адзін камплект комплексу БЛА «Арлан-10»;
- два камплекты комплексу БЛА «Элерон»;
- два камплекты комплексу БЛА «Тахіён».
Падрабязна пра гэта чытайце ў расьледаваньні: «Расейскае камандаваньне пастаўляе на Данбас вайсковыя комплексы БПЛА. Фота дакуманту».
Высновы
Такім чынам, на падставе аналізу фатаздымку атрыманае чарговае пацьверджаньне дадзеных пра пастаўку й выкарыстаньне на акупаваных тэрыторыях асобных раёнаў Луганскае й Данецкае абласьцей Украіны сучасных расейскіх тыпаў узбраеньняў і тэхнікі.
Станам на кастрычнік 2017 году міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm у выніку ўласных расьледаваньняў выявіла ўжо 44 тыпы расейскае вайсковае тэхнікі на тэрыторыі акупаванага Данбаса, якой няма ва ўзбраеньні ўкраінскае арміі і/або якая ня магла стаць трафеем падчас баявых дзеяньняў. Зь іх 7 тыпаў тэхнікі належаць да расейскіх комплексах БПЛА.
Падаем таксама інфаграфіку, зробленую на падставе дадзеных расьледаваньняў InformNapalm. Для павялічэньня націсьніце на выяву.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Міхаіл Кузьняцоў адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа