Міжнародная супольнасьць InformNapalm падчас маніторынгу й выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (аналіз спадарожнікавых здымкаў, відэа, зробленага выпадковымі сьведкамі, асабістых фота з профіляў сацыяльных сетак наймітаў і кадравых расейскіх вайскоўцаў) зьдзейсьніла ідэнтыфікацыю больш за 30 тыпаў узбраеньня й спэцтэхнікі ЗС РФ на Данбасе . Большая частка тэхнікі зьяўляецца сучаснай, паступіла ва ўзбраеньне ЗС РФ з 2004 па 2015 год. Наяўнасьць пададзеных у справаздачы відаў узбраеньня й тэхнікі ў акупаваных раёнах Луганскае й Данецкае абласьцей сьведчыць пра іхнае расейскае паходжаньне. Гэтая справаздача апэруе выключна пацьверджанымі дадзенымі; у базу, напрыклад, не ўвайшлі адзінкі ўзбраеньня, пра якія паведамлялі выведвальныя структуры Украіны, бо яны былі пададзеныя без фота- або відеадоказаў. Таксама ў базе дадзеных пакуль няма ЗРК «Бук» (з дапамогаю якога быў зьбіты рэйс MH17), бо неўзабаве мае быць афіцыйная справаздача сьледчай групы, якая паведаміць пра дакладны тып ракеты. Гэта надасьць магчымасьць пазначыць мадыфікацыю ЗРК, зь якога яе запусьцілі.
Зазначым, што выкарыстаньне найноўшай расейскай вайсковай тэхнікі на Данбасе не зьяўляецца масавым, збольшага, адбываюцца ейныя выпрабаваньні. Большая частка выяўленых комплексаў зьяўляецца сродкамі РЭБ і РЭР. Гэтыя тыпы ўзбраеньня могуць абслугоўваць толькі кваліфікаваныя спэцыялісты – кадравыя расейскія вайскоўцы, таму перадача гэтай тэхнікі баявікам незаконных збройных фармаваньняў выключанае. Паралельна з выпрабаваньнем на Данбасе найноўшых тыпаў узбраеньня вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі раскансэрвоўвае на складох узбраеньне старога савецкага ўзору й насычае ім акупаваныя тэрыторыі.
У выніку зьдзейсьненых з 2014 па 2016 год уласных OSINT-расьледаваньняў супольнасьці InformNapalm сфармаваная адмысловая база дадзеных. Сталая спасылка на базу: bit.ly/RuWeaponryDonbasBY .
Таксама паводле вынікаў справаздачы сфармаваны блёк інфаграфічных матар’ялаў:
Бронеаўтамабіль ГАЗ-233014 «Тыгр»
Паступіў ва ўзбраеньне Міністэрства абароны РФ у 2005 годзе. Ва Украіну паставак не было. Выяўлены на тэрыторыі Луганскае вобласьці, фігуруе ў некалькіх расьледаваньнях InformNapalm. Вызначаная прыналежнасьць бронеаўтамабілю да 136-й асобнай мотастралковай брыгады 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ.
«Тыгр» мае 3-ю клясу балістычнае абароны паводле ГОСТ Р 50963-96. У даху машыны маецца адзіны вялікі паваротны люк і кранштэйны для мацаваньня зброі.
Бронеаўтамабіль ГАЗ-39371 «Воднік»
Расейскі аўтамабіль для транспартаваньня людзей і грузаў у цяжкапраходных раёнах. Забясьпечвае абарону экіпажа ад стралковае зброі. Паступіў ва ўзбраеньне Міністэрства абароны Расеі ў 2005 годзе. Ва Украіну не пастаўляўся.
Зафіксаваны ў відэа з 10 студзеня 2015 году ў горадзе Сарокіна (колішні Краснадон, Луганская вобласьць).
Бронеаўтамабіль КамАЗ-43269 «Выстрел» (рас.)
Расейскі лёгкабраняваны бронеаўтамабіль. Узбраенне мантуецца ў паваротную вежу. Можна ўсталяваць 14,5-мм кулямёт КПВТ або 12,7-мм кулямёт «Корд», 30-мм гранатамёт «Пламя» (рас.), процітанкавы ракетны комплекс. Праходзіў экспэрымэнтальныя выпрабаваньні на 7-й вайсковай базе ў Гудаўце. З 2009 году машыны гэтага тыпу фіксаваліся ў Грузіі, на расейскіх акупацыйных вайсковых базах у Абхазіі і Самачабло (Цхінвальскі рэгіён). У прыватнасьці, на 4-й расейскай акупацыйнай базе ў Цхінвалі, в/ч 66431, раней былі зафіксаваныя 4 адзінкі з бартавымі нумарамі 300, 301, 302 і 303 зь ідэнтычным камуфляжам. Яны мелі прыналежнасьць да выведвальнага падразьдзяленьня, якое мае ва ўзбраеньні комплекс выведкі БПЛА «Дазор».
Бронеаўтамабіль таксама выкарыстоўваюць рэгіянальныя спэцпадразьдзяленьні ФСВП РФ. Зафіксаваны ў Луганску і Луганскае вобласьці і фігуруе ў некалькіх расьледаваньнях InformNapalm. На Данбасе зафіксаваныя больш за 10 адзінак тэхнікі гэтага тыпу.
Расьледаваньне №1 Расьледаваньне №2 Расьледаваньне №3
Бронетранспартэр БТР-82А
Расейскі бронетранспартэр; глыбокая мадэрнізацыя БТР-80. Узбраеньне: скорастрэльная 30-мм гармата 2A72, спараная з 7,62-мм кулямётам ПКТМ у модулі БППУ. Паступіў ва ўзбраеньне Міністэрства абароны Расеі ў 2013 годзе. Ва Украіну не экспартаваўся. Выяўлены на тэрыторыі Луганскае вобласьці, фігуруе ў некалькіх расьледаваньнях InformNapalm. Вызначаная прыналежнасьць да падразьдзяленьня 18-й асобнай мотастралковай брыгады ЗС РФ.
Танк Т-72Б узору 1989
Мадэрнізаваны варыянт танку Т-72Б з уладаванай дынамічнай абаронай (УДА) «Кантакт-5». Абсталяваны комплексам кіраванага ўзбраеньня 9К120 «Сьвір», рухавіком В-84, сыстэмай кіраваньня вагню 1А40 і гарматна-пускавой ўстаноўкай 2А46М.
Ва ўзбраеньні ўкраінскае арміі няма і ва Украіну ніколі не пастаўляўся. Выяўлены на тэрыторыі гарадоў Луганск, Дэбальцава й Макееўка, фігуруе ў некалькіх расьледаваннях InformNapalm. Вызначаная прыналежнасьць да 5-й танкавай брыгады Усходняе вайсковае акругі ЗС РФ.
Танк Т-72БА ўзору 1999
Мадэрнізацыя падчас капітальнага рамонту Т-72Б на заводзе УВЗ. Першыя партыі машынаў былі зробленыя яшчэ ў 1999-2000 гадох. Мадэрнізацыя прадугледжвала ўдасканаленьне да ўзроўню апошніх узораў Т-72Б выпуску 1991 году СУО 1А40-1 (пазьней 1А40-1М, а з 2005 году – 1А40-М2), усталяваньне новага стабілізатара ўзбраеньня 2Э42-4 «Жасмин» (рас.), узмацненьне супрацьміннай трываласьці дна дадатковай бронеплітой у раёне сядзеньня мэханіка-кіроўцы, замену хадавой часткі й рухавіка (рухавік В-84МС або В-92С2 з 2003 году) і ўсталяваньне УДА «Кантакт-5». Ад звычайнай мадыфікацыі машына адрозьніваецца ня толькі гусеніцамі і УДА, але й датчыкам ветру, які добра бачны на вежы. Ва Украіну не пастаўляўся.
Зафіксаванае зьнішчэньне расейскіх танкаў гэтай мадыфікацыі пад Старабешавам (Данецкая вобласьць). Вызначаная прыналежнасьць да 21-й асобнай мотастралковай брыгады ЗС РФ.
Танк Т-72Б3 узору 2011
Мадэрнізаваная вэрсія Т-72. У расейскую армію пачаў паступаць у 2012 годзе. На танку ўсталяваная найноўшая сыстэма кіраваньня вагнём (СКВ), УДА «Кантакт-5», рухавік В-84-1 з магутнасьцю 840 л.с., цеплавізійны прыцэл «Сасна-У», датчык ветру, найноўшыя сродкі сувязі, удасканалены стабілізатар узбраеньня й комплекс абароны ад зброі масавага паражэньня. Дапрацаваны аўтамат ладункаваньня гарматы новымі боепрыпасамі і ўдасканаленая хадавая частка, якая атрымала гусенічныя тракі з паралельным шарнірам. Ва Украіну не экспартаваўся.
Выяўлены на тэрыторыі гарадоў Луганск, Ілавайск, Дэбальцава, фігуруе ў некалькіх расьледаваньнях InformNapalm. Танк гэтай мадыфікацыі быў зьнішчаны ў ваколіцах Дэбальцава. Вызначаная прыналежнасьць тэхнікі да 6-й асобнай танкавай брыгады ЗС РФ.
Танк Т-90А ўзору 2006
Мадыфікацыя Т-90А. Усталяваны больш сучасны цеплавізар другога пакаленьня «ЭССА», стабілізаваны ў дзьвюх плашчынях, інтэграваны з асноўным прыцэлам і ягоным далёкамерным каналам, што надало магчымасьць павялічыць далёкасьць начнога бачаньня з 1800 да 4000 м. Ва Украіну не пастаўляўся.
Выяўлены выведвальнай супольнасьцю InformNapalm на тэрыторыі Луганскае вобласьці. Вызначаная прыналежнасьць да 136-й асобнай мотастралковай брыгады ЗС РФ.
Танк Т-72С1
Экспартны варыянт Т-72Б1 Расея пастаўляла ў Іран, а таксама ў Вэнэсуэлу ў 2011-2012 гадох. Асноўныя вонкавыя адрозьненьні ад Т-72Б – начны прыцэл наводніка ТПН-3-49 і датчык ветру ДВЕ-БС. Паступіў ва ўзбраеньне ЗС РФ у 1993 годзе пасьля зрыву шэрагу экспартных паставак. Ва Украіну не пастаўляўся. Выведвальная супольнасьць InformNapalm выявіла танк на тэрыторыі заводу ў пасёлку Белае (Луганская вобласьць) непадалёк аўтамагістралі M04, за 3 км на захад ад чыгуначнай станцыі Зборная.
Грузавік КамАЗ-5350 «Мустанг»
Расейскі аўтамабіль вайсковага прызначэньня з колавай формулай 6×6. Ва Украіну не пастаўляўся. Быў зафіксаваны на тэрыторыі Луганскае й Данецкае абласьцей. Таксама ў горадзе Хрустальны (колішні Красны Луч, Луганская вобласьць) зафіксаванае зьнішчэньне вэрсіі аўтамабілю з камплектам дадатковае абароны й шматфункцыянальным модулем ММ-501 для перавозкі асабовага складу.
Грузавік «Урал-632301»
Расейскі грузавік шматмэтавага прызначэньня з перавозкаю грузаў да 14 тонаў з колавай формулай 8×8 для Міністэрства абароны РФ. Паступіў ва ўзбраеньне ў 2004 годзе. Ва Украіну не пастаўляўся. Фігуруе ў расьледаваньнях InformNapalm, датычных Данецкае вобласьці.
Грузавік «Урал-43206»
Расейскі грузавік шматмэтавага прызначэньня з колавай формулай 4×4. Ва ўзбраеньне ЗС РФ пачаў паступаць з 2008 году. Ва Украіну не пастаўляўся. У расьледаваньнях InformNapalm фігуруе ў інцыдэнтах, датычных Луганскае вобласьці.
РСЗВ 2Б26
Мадэрнізацыя РСЗВ «Град» з пераносам баявой часткі з шасі аўтамабілю «Урал-375Д» на новыя шасі аўтамабілю КамАЗ-5350.
Ва ўзбраеньне расейскай арміі пачала паступаць з 2011 году. Ва Украіну не пастаўлялася. Выяўленая ў горадзе Чысьцякова (колішні Тарэз, Данецкая вобласьць), фігуруе ў некалькіх расьледаваньнях InformNapalm.
РСЗВ 9К58 «Сьмерч»
Рэактыўная сыстэма залпавага вагню з калібрам 300 мм. Маецца ва ўзбраеньні як ЗС РФ, гэтак і ўкраінскае арміі, але факты захопу гэтай РСЗВ баявікамі расейскай арміі ў выглядзе трафеяў невядомыя. 22 студзеня 2015 году ўстаноўка 9К58 была зафіксаваная ў акупаваным горадзе Макееўка (Данецкая вобласьць), а ўжо 10 лютага 2015 году баявікі зьдзейсьнілі ракетны абстрэл вайсковага аэрадрому й жылых кварталаў гораду Краматорск, падчас якога загінулі й атрымалі параненьні ўкраінскія вайскоўцы і мірныя жыхары.
СНАР 1РЛ232-2М
Мадэрнізаваная мабільная браняваная радыёлякацыйная станцыя выведкі рухомых наземных і надводных цэляў 1РЛ232-2М. Прызначаная для выведкі калёнаў падчас руху, паадзінкавых рухомых цэляў, надводных цэляў і нізкалётных цэляў. Высокая дакладнасьць вызначэньня каардынатаў цэляў і выбухаў знарадаў і мінаў дае магчымасць зьдзяйсьняць карэктаваньне стральбы сваёй артылерыі. Радыёэлектроннае абсталяваньне дазваляе сачыць за сытуацыяй на адлегласьці ад 200 м да 40 км. Упершыню была прадэманстраваная на выставе «Оборонэкспо-2014» (рас.). Ва Украіну не пастаўлялася.
Выяўленая ў горадзе Дэбальцава (Данецкая вобласьць), фігуруе ў расьледаваньнях InformNapalm.
ЗРК 9К330 «Тор», 9К331 «Тор М-1» і 9К332 «Тор М-2»
Тактычны зэнітны ракетны комплекс, прызначаны для вырашэньня задачаў супрацьпаветранае й супрацьракетнае абароны на ўзроўні дывізыённага зьвяна ў любых ўмовах надвор’я. 9К330 «Тор» выведзены з узбраеньня ўкраінскае арміі ў 2001 годзе. Фактаў захопу гэтага тыпу ЗРК баявікамі расейскай арміі ў выглядзе трафеяў няма. Паводле расьледаваньняў InformNapalm ЗРК 9К330 быў зафіксаваны ў горадзе Данецку, а ягоная найноўшая расейская мадыфікацыя 9К332 была выяўленая 20 студзеня 2015 года ў горадзе Шахтарску (Данецкая вобласьць).
ЗРГК 96К6 «Панцыр-С1»
Расейскі самаходны зэнітны ракетна-гарматны комплекс наземнага базаваньня. Прызначаны для блізкага прыкрыцьця цывільных і вайсковых аб’ектаў (у тым ліку комплексаў СПА вялікай далёкасьці) ад усіх сучасных і пэрспэктыўных сродкаў паветранага нападу. Таксама можа зьдзяйсьняць абарону аб’ектаў ад наземных і надводных пагрозаў. 16 лістапада 2012 году ЗРГК «Панцыр-С1» паступіў ва ўзбраеньне расейскай арміі. Ва Украіну не экспартаваўся. Выведвальная супольнасьць InformNapalm зафіксавала комплекс у Луганску і Шахтарску (Данецкая вобласьць).
Радыёстанцыя Р-166-0,5
Рухомая УКХ-КХ-радыёстанцыя сярэдняй магутнасьці для армейскіх радыёсетак на базе K1Ш1. Паступіла ва ўзбраеньне Міністэрства абароны Расеі ў 2005 годзе. Ва Украіну не пастаўлялася.
Выведвальная супольнасьць InformNapalm зафіксавала станцыю ў Дэбальцава (Данецкая вобласьць).
Радыёстанцыя Р-441-ОВ «Лівень»
Мабільная станцыя спадарожнікавае сувязі. Прызначаная для арганізацыі абароненай ад перашкодаў спадарожнікавае сувязі для вайсковых частак і падразьдзяленьняў тактычнага й апэратыўна-тактычнага зьвёнаў кіраваньня, а таксама асобных аб’ектаў апэратыўнага й апэратыўна-стратэгічнага зьвёнаў кіраваньня. Прынятая ва ўзбраеньне Міністэрствам абароны Расеі ў 2007 годзе. Ва Украіну не пастаўлялася. Зафіксаваная выведвальнай супольнасьцю InformNapalm у Луганску.
КШМ Р-149БМР «Кушетка-Б» (рас.)
Расейская камандна-штабная машына апэратыўна-тактычнага зьвяна на базе К1Ш1. Прызначаная для забесьпячэньня маніторынгу сытуацыі ў зоне баявых дзеяньняў. У склад абсталяваньня ўваходзяць КХ- і УКХ-радыёстанцыі, апаратура навігацыі. Ва Украіну не экспартавалася. Зафіксаваная ў Луганскае вобласьці.
РЭБ РБ-341В «Леер-3»
Расейскі комплекс падаўленьня GSM-сувязі праз перашкоды, якія ствараюцца з дапамогаю бесьпілётнага лятальнага апарату. У комплекс уваходзіць машына кіраваньня на базе шасі КамАЗ-5350 і БПЛА тыпу «Арлан-10». Задачы: падаўленьне мабільнае сувязі, імітацыя працы базавай станцыі сотавай сувязі ў дыяпазонах GSM 900 і GSM 1800 і перадача ілжывых сыгналаў (паведамленьняў), зьдзяйсьненьне выведкі праз вызначэньне пунктаў выпраменьваньня апаратаў у сетках GSM, выяўленьне абанэнцкіх пунктаў (мабільныя тэлефоны, пляншэты і іншыя комплексы сувязі), перадача дадзеных пра дысьлякацыю абанэнцкіх пунктаў артылерыйскім разьлікам для вагнявога ўдару. Упершыню комплекс быў прадэманстраваны напачатку кастрычніка 2015 году. Ва Украіну не экспартаваўся. Быў зафіксаваны выведвальнай супольнасьцю InformNapalm у Данецку.
РЭБ Р-378Б «Барысаглебск-2»
Расейская аўтаматызаваная станцыя радыёперашкодаў на базе МТ-ЛБ. Прызначаная для выяўленьня й падаўлення лініяў КХ-радыёсувязі супраціўніку ў тактычным зьвяне кіраваньня. Ва Украіну не экспартавалася. Зафіксаваная выведвальнай супольнасьцю InformNapalm у Кадзіеўцы (колішні Стаханаў) і Луганску.
РЭБ Р-934УМ
Расейская аўтаматызаваная станцыя радыёперашкодаў. Забясьпечвае аўтаматызаванае выяўленьне, пеленгаваньне й аналіз сыгналаў крыніцыў радыёвыпраменьваньня ў дыяпазоне частотаў 100-2000 МГц, а таксама стварэньне радыёперашкодаў УКХ-радыётэлефоннай сувязі й базавым станцыям транкінгавых сыстэмаў рухомай радыёсувязі. Ва Украіну не пастаўлялася. Зафіксаваная выведвальнай супольнасьцю InformNapalm у Луганску.
РЭБ Р-330Ж «Житель»
Расейская аўтаматызаваная станцыя радыёперашкодаў. Прызначаная для аўтаматызаванага выяўленьня, пеленгаваньня й аналізу сыгналаў крыніцаў радыёвыпраменьваньня ў дыяпазоне частотаў 100-2000 МГц, а таксама для стварэньня радыёперашкодаў пераносным і мабільным наземным станцыям (абанэнцкім тэрміналам) сыстэмаў спадарожнікавае сувязі «ІНМАРСАТ» і «ІРЫДЫЮМ», навігацыйнай апаратуры спажыўцоў спадарожнікавае радыёнавігацыйнае сыстэмы «НАВСТАР» (GPS) і базавым станцыям сотавае сыстэмы сувязі GSM-900/1800. Ва Украіну не экспартавалася. Шматкроць зафіксаваная выведвальнай супольнасьцю InformNapalm у Макееўцы і Горлаўцы (Данецкая вобласьць).
РЭБ «Торн»
Расейская аўтаматызаваная станцыя радыёперашкодаў. Тэхнічныя характарыстыкі невядомыя. Адбываюцца выпрабаваньні ў ЗС РФ. Ва Украіну не пастаўлялася. Зафіксаваная выведвальнай супольнасьцю InformNapalm у Данецку.
РЭБ «Ртуть-БМ» (рас.)
Станцыя «Ртуть-БМ» прызначаная для абароны асабовага складу й вайсковай тэхнікі ад паражэньня знарадамі й ракетамі з радыёўзрывальнікамі розных тыпаў падчас залпавае стральбы й паадзінкавага вагню. Апроч гэтага комплексы могуць быць выкарыстаныя для падаўленьня сыстэмаў сувязі й радыёлякацыі. Першая сэрыя была зробленая ў 2011 годзе. Паступіла ва ўзбраеньне ЗС РФ у 2013 годзе. Ва Украіну не экспартавалася. Выведнікі супольнасьці InformNapalm зафіксавалі ў Данецку.
«Свет-КУ» (рас.)
Комплекс прызначаны для кантролю за становішчам і адсочваньня разнастайных крыніцаў радыёсыгналаў. Сыстэмы машыны здольныя назіраць за сытуацыяй і абараняць ад перахопу інфармацыю, якая перадаецца праз бесправадныя каналы. Апаратура комплексу адсочвае сыгналы разнастайных радыёэлектронных сыстэмаў, зьдзяйсьняе іхны аналіз й вылічвае каардынаты крыніцы гэтых сыгналаў. Комплекс «Свет-КУ» здатны прыймаць сыгналы ў дыяпазоне частотаў ад 25 МГц да 18 ГГц. Папярэдні варыянт комплексу РБ-636АМ2 базаваўся на шасі двухвоснага КамАЗ-4350. Новы варыянт комплексу, прадэманстраваны на выставе 2015 году, змантаваны на шасі тыпу Ford Transit. Паступіў ва ўзбраеньне Мінабароны РФ у 2012 годзе. Ва Украіну не пастаўляўся. Выведная супольнасьць InformNapalm зафіксавала комплекс у Луганску.
БПЛА «Гранат-1»
Расейскі бесьпілётны лятальны апарат у складзе комплексу дыстанцыйнага назіраньня й рэтрансьляцыі, здольны зьдзяйсьняць паветраную выведку з дапамогаю фота-, відэа- і цеплавізійнай апаратуры на адлегласьці да 15 км. Дата завяршэньня распрацоўкі комплексу – 2010 год. Ва Украіну не экспартаваўся. Зафіксаваны выведнікамі InformNapalm у Дэбальцава.
БПЛА «Гранат-2»
Расейскі бесьпілётны лятальны апарат у складзе комплексу дыстанцыйнага назіраньня й рэтрансьляцыі, здольны зьдзяйсьняць паветраную выведку з дапамогаю фота-, відэа- й цеплавізійнае апаратуры на адлегласьці да 15 км. Дата завяршэньня распрацоўкі комплексу – 2010 год. Ва Украіну не пастаўляўся. Зафіксаваны выведнікамі InformNapalm у Дэбальцава.
БПЛА «Фарпост»
Расейскі бесьпілётны лятальны апарат. Ліцэнзійная копія ізраільскага БПЛА IAI “Searcher 2”. Выпускаецца з 2012 года на Уральскім заводзе цывільнае авіяцыі. Максымальная далёкасьць дзеяньня – 250 км. Ва Украіну не экспартаваўся.
20 траўня 2015 году БПЛА гэтага тыпу з нумарам 923 быў зьбіты ўкраінскімі вайскоўцамі ў Данецкае вобласьці. Супольнасьць InformNapalm вызначыла, што станам на 2015 год БПЛА «Фарпост» знаходзіўся ва ўзбраеньні толькі ў пяці вайсковых частках ЗС РФ. Агульная колькасьць – 10 адзінак (па 2 адзінкі ў кожнай вайсковай частцы).
БПЛА «Арлан-10»
Расейскі бесьпілётны лятальны апарат. Максымальная далёкасьць дзеяньня – 120 км. Дата пачатку эксплюатацыі комплексу – 2010 год. Ва Украіну не пастаўляўся. Зафіксаваны ў населеных пунктах Зеленапольле (Луганская вобласьць) і Амвросіеўка (Данецкая вобласьць).
БПЛА «Элерон-3СВ»
Расейскі бесьпілётны лятальны апарат. Максымальная далёкасьць дзеяньня – 25 км. Ва Украіну не экспартаваўся. Выведвальная супольнасьць InformNapalm зафіксавала БПЛА ў населеным пункце Яленаўка (Данецкая вобласьць).
БПЛА «Застава»
Расейскі бесьпілётны лятальны апарат. Ліцэнзійная копія ізраільскага БПЛА кампаніі IAI. Вырабляецца з 2010 года на Уральскім заводзе цывільнае авіяцыі. Максымальная далёкасьць дзеяньня – 10 км. Маецца ва ўзбраеньні ЗС РФ. Ва Украіну не экспартаваўся. БПЛА зьбілі ўкраінскія памежнікі ў раёне населенага пункту Герасімаўка (Луганская вобласьць).
Сабраныя матар’ялы сьведчаць пра вызначальную й галоўную ролю Расейскай Фэдэрацыі ў распальваньні вайны на Усходзе Украіны, спансаваньні тэрарызму й зьдзяйсьненьні спэцыяльных вайсковых апэрацыяў на ўкраінскае тэрыторыі.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў, блёгераў і журналістаў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.