Нам часта задаюць пытаньні, як паўстала Супольнасьць InformNapalm, чым яна займаецца, хто ейныя валантэры, як яна функцыянуе, хто яе фінансуе і хто чытае нашыя матар’ялы? Мы вырашылі сабраць усе адказы на часта задаваныя пытаньні ў адну нататку.
Супольнасьць InformNapalm была створаная ў лютым-сакавіку 2014 году, як спроба прарыву інфармацыйнае блякады і дэманстрацыя доказаў расейскай агрэсыі, якая на пачатковым этапе маскавалася пад дзеяньнямі “крымскай самаабароны” і нутрыўкраінскага грамадзянскага супрацьстаяньня. Пабачыўшы разгубленасьць афіцыйных структураў, украінскія патрыёты пачалі самі выконваць функцыю збору доказаў і інфармаваньня шырокай сусьветнай грамадзкасьці на некалькіх мовах пра паўнамаштабную вайсковую інтэрвэнцыю Расейскай Фэдэрацыі ў Крым.
На сёньняшні момант Супольнасьць InformNapalm зьяўляецца адным з наймагутных рэсурсаў, якія асьвятляюць уласныя расьледаваньні й асобныя дадзеныя пра факты расейскай агрэсыі ва Украіне. Валантэры Супольнасьці старанна зьбіраюць, аналізуюць і прадстаўляюць шырокай грамадзкасьці факты ўдзелу расейскіх войскаў у неабвешчанай вайне на Данбасе. Апроч валантэраў-выведнікаў, якія ажыцьцяўляюць збор і аналіз інфармацыі з адкрытых крыніцаў (відэа і фотафакты, дадзеныя спадарожнікавых здымкаў, інфармацыя з профіляў ў сацыяльных сетках), а таксама інсайдэраў, якія непасрэдна знаходзяцца ў зоне АТА, немалую частку Супольнасьці InformNapalm складаюць валантэры-перакладчыкі, якія разьмяшчаюць назьбіраныя дадзеныя і публікуюць іх на 20-ці мовах. Наш валантэрскі праэкт зьяўляецца сеткавай камунікацыяй людзей розных прафэсыяў, палітычных поглядаў, нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў з розных куткоў сьвету. Іх аб’ядноўвае жаданьне дапамагчы Украіне перамагчы агрэсара і дамагчыся міру.
Заснавальнік, галоўны рэдактар сайта InformNapalm.org і валантэр Супольнасьці InformNapalm – вайсковы журналіст Раман Бурко (Украіна). Сузаснавальнік супольнасьці – дасьледчык і вайсковы аналітык Іраклі Камахідзэ (Грузыя).
Геаграфія Супольнасьці вельмі шырокая, у яе ўваходзяць валантэры з постсавецкіх краінаў, ЭЗ, ЗША, Ізраіля, Грузыі і нават ПАР. Ня ўсіх інфармацыйных выведнікаў InformNapalm можна назваць. Ёсьць сярод іх і дужа закансьпіраваныя, якія дзейнічаюць на акупаванай тэрыторыі. Некаторыя з OSINT-дасьледчыкаў ужо даўно зарэкамэндавалі сябе ў экспертным асяродзьдзі – гэта Irakli Komaxidze (Грузыя), Anton Pavlushko (Нямеччына), Al Gri (Ізраіль), Vitalij J. (Украіна, Луганск), Viktory К. (Украіна, Краматорск) і іншыя.
Валантэры Супольнасьці InformNapalm камунікуюць міжсобку ў сацыяльных сетках, таксама ўзаемадзейнічаюць праз крыптачаты. Праз сацсеткі наладжаная й асноўная камунікацыя з чытачамі. Апроч гэтага, Супольнасьць мае некалькі каналаў YouTube, на якіх выкладвае вынікі расьледаваньняў. Характэрна, што адзін зь першых відэаролікаў, які быў выкладзены InformNapalm, дэманстраваў дзеяньні вайскоўцаў РФ (“зялёных чалавечкаў”) супраць украінскай вайсковай часткі ў Сэвастопалі. За першыя содні гэтае відэа назьбірала ля 2 млн. праглядаў толькі на нашым канале YouTube. Гэтыя кадры ёсьць неабвержным доказам для сусьветнай супольнасьці, якія дапамаглі шмат каму зразумець сутнасьць таго, што адбывалася ў першыя дні расейскай спэцаперацыі ў акупацыі Крыма.
У той жа час, ня ўся інфармацыя, якой валодае Супольніцтва InformNapalm, падаецца для шырокага карыстаньня. Інфармацыя – гэта зброя, якую можна супаставіць з ядравай энэргіяй, якая вырашае мноства чалавечых праблемаў, але ў той жа час можа стаць разбуральнай і сьмяротнай сілай. Большую частку здабытай інфармацыі ўдзельнікі Супольнасьці перадаюць сілавым структурам Украіны, у кампэтэнцыі якіх – праводзіць давыведку і выяўленьне, ініцыяваць спэцаперацыі ў затрыманьні альбо зьнішчэньні ворага. Пры гэтым InformNapalm не працуе на замову якой-кольвек дзяржструктуры або палітсілы. Мы – нефармальная супольнасьць аднадумцаў без субардынацыі, рангаў або пасадаў. Усе прыкладаюць намаганьні, у адпаведнасьці з мажлівасьцямі, дзеля агульнай перамогі.
З красавіка 2014 году Супольнасьць засяродзілася ў здабываньні інфармацыі, якая зьяўляецца карыснай для сілаў АТА ў барацьбе супроць баявікоў на Данбасе. Асноўных напрамкаў працы было некалькі. Сярод іх: праслухоўваньне каналаў “Zello”, якімі карысталіся тэрарысты для каардынацыі сваёй дзейнасьці; пошук і складаньне мапы блёкпастоў ворагу, ягонай інфраструктуры, скопішчаў асабістага складу й тэхнікі. Праз тое, што ў той час выразнай лініі разьмежаваньня сілаў яшчэ не існавала, валантэры InformNapalm дапамагалі вайскоўцам прааналізаваць мясцовасьць і, з дапамогай інфармацыі ад інсайдэраў на акупаваных тэрыторыях, складалі аналітычныя зводы паводле дзеяньняў супраціўніка. Адным з рэзанансных матар’ялаў таго часу стаў артыкул «”Дарога Ха Шы Міна” або калі ўкраінскія сілавікі замкнуць кола вакол Славянска?», у якім былі пазначаныя маршруты, празь якія баявікі працягвалі прасочвацца у горад, які быў фармальна аточаны падразьдзяленьнямі АТА.
Сіла журналістыкі і публічнага асьвятленьня падзеяў у тым, што калі палітыкі і генэралы пачынаюць сабатаваць дадзеныя выведкі, аддаючы перавагу не рашучым крокам, але бязьдзейнасьці, то пад ціскам грамадзкай думкі атрымоўваецца прымусіць іх прымаць адказныя рашэньні.
“Таемная збройня”
Ужо ўвесну-улетку 2014 году баявікі выкарыстоўвалі супраць сілаў АТА досыць грознае ўзбраеньне, улучна з снайпэрскімі вінтоўкамі, гранатамётамі, бранетэхнікай, зэнітнымі ўстаноўкамі, бесьпілётнікамі. Шмат зброі баявікоў мела выключна расейскае паходжаньне. Таму Супольнасьць InformNapalm займалася пошукам і дэманстрацыяй адзінак узбраеньня і тэхнікі расейскага “ваенторга”, які быў заўважаны на Данбасе.
“Зводы вайны”
Улетку-увосень 2014 году на Данбасе разгарнуліся паўнамаштабныя вайсковая дзеяньні, у якіх удзельнічалі і рэгулярныя расейскія войскі. У гэты час валантэры Супольнасьці Арцём Васіленка і Раман Бурко публікавалі рэгулярныя зводы з поля бою. У матар’ялах зводаў меўся моцны аналітычны чыньнік, у прыватнасьці, засьцярогі сілам АТА што да небясьпечных манэўраў ворагу. Менавіта ў зводах Супольнасьці ўпершыню было папярэджанае пра пагрозу катастрофы ў Сэктары “Д” (Ілавайскі кацёл). Усе зводы ілюстраваныя мапамі, якія супраціўнік пасьля называў “натаўскімі”.
“Знаёмства з ворагам”
Праз спробу схаваць свой удзел у вайне на Данбасе, Крэмль любым чынам утойваў інфармацыю пра загінулых ва Украіне вайскоўцаў ЗС РФ. Актывісты Супольнасьці знаходзілі пэрсанальную інфармацыю пра загінулых і параненых жаўнераў і надавалі ёй галоснасьць. Украінскія сілавікі неаднаразова перадавалі валантэрам эксклюзыўныя відэа з допытамі палонных расейскіх баявікоў і вайскоўцаў ЗС РФ, бо лічаць інфармацыйную працу нашае нефармальнае Супольнасьці дастаткова эфэктыўнай і карыснай. Яскравыя прыклады – гэта апублікаваныя сьведчанні вайскоўца в/ч 30616-6 (523-ці гвардзейскі навучальны матастралковы полк) сяржанта расейскай арміі Яўгена Тура і расейскага баявіка з складу ДНР Фёдара Устынава.
Дакладная мапа разьмежаваньня
Пасьля падпісаньня першых Менскіх пагадненьняў у верасьні 2014 году, праз доўгі час немагчыма было знайсьці дэталёвую інфармацыю што да разьмежаваньня сілаў на Данбасе. Але ў сьнежні 2014 году валантэры Супольнасьці здабылі арыгінал электроннай вэрсыі апэратыўнай мапы, якім карысталася бліжэйшае атачэньне кіраўніка ЛНР І.Платніцкага. 8 студзеня 2015 году гэтая мапа была апублікаваная на сайце InformNapalm.org, дзе шырокая грамадзкасьць атрымала доступ да яе заладаваньня, вывучэньня й аналізу.
MH17
Валантэры Супольнасьці InformNapalm прынялі актыўны ўдзел у зборы доказаў датычнасьці Расейскай Фэдэрацыі да зьнішчэння малазійскага Боінга 777 у небе над Данбасам. У прыватнасьці, матар’ялы двух расьледаваньняў InformNapalm былі прадастаўленыя паліцыі Нідэрляндаў.
Першае расьледаваньне было зьвязанае з ідэнтыфікацыяй у профілі сацыяльнага сеціва расейскага вайскоўца тэрміновай службы аўтамабільнага батальёну в/ч 83466 147 АБМЗ РФ Дзьмітрыя Зубава фатаздымкаў з перакідваньнем калёны ЗРК “Бук” да ўкраінскай мяжы. Перакідваньне было зьдзейсьненае акурат за 14 содняў да трагедыі MH17. Пасьля публікацыі акаўнт Дзьмітрыя Зубава быў хутка выдалены і была зьдзейсьненая спроба зацерці інфармацыю, але яна захавалася ў архівах і па-ранейшаму даступная для азнаямленьня.
Другое расьледаваньне InformNapalm было датычнае ўжо цягача Volvo, які перавозіў “Бук” праз тэрыторыю, якую кантралююць баявікі. Фатаздымак гэтага цягача, як рэчавы доказ, ёсьць і ў справаздачах сьледчай групы.
Таксама валантэры InformNapalm вызначылі дакладнае мейсцазнаходжаньне базы тэхнікі баявікоў, на якой пазначаны аўтацягач быў зафіксаваны ўжо ў кастрычніку, празь некалькі месяцаў пасьля трагедыі: гэта горад Сьнежнае, непадалёк ад шахты “Ударнік”, на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем баявікоў. Варта зазначыць, што падзеньне абломкаў Боінга было зафіксаванае ў раёне Шахтарска, а гэта крыху больш за 20 кілямэтраў ад Сьнежнага, дзе і быў зафіксаваны цягач Volvo.
Цікава, што абодва расьледаваньні зьдзесьнілі валантэры InformNapalm, якія ўвесь час знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў на лініі фронту і ў тыле варожых груповак, таму назваць іх “канапавымі ваярамі”, як гэта любяць казаць пра блёгераў, наўпрост не выпадае. Яны грамадзяне Украіны, якія рызыкуючы сабой, спрабуюць зрабіць усё магчымае для перамогі, у тым ліку і на інфармацыйным фронце.
OSINT – выведка адкрытых крыніцаў
Апошнім часам большасьць публікацыяў Супольнасьці InformNapalm прысьвечаныя выяўленьню расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў ва Украіне і побач з ўкраінскай мяжой. Паводле матар’ялаў, якія выклалі расейскія жаўнеры ў сацыяльныя сеткі, публікуюцца разгорнутыя артыкулы, якія ілюстраваныя скрыншотамі з старонак сацыяльных сетак “Укантакце” і “Аднакласнікі”. Таксама зьдзяйсьняецца ідэнтыфікацыя зброі і тэхнікі паводле відэа, якое выкладваюць прапагандысцкія каналы баявікоў і расейскія СМІ, аналізуюцца дадзеныя БПЛА і спадарожнікавыя здымкі. Нават вайскоўцы элітных расейскіх падразьдзяленьняў часта зьяўляюцца аб’ектам інфармацыйнай распрацоўкі, бо пакідаюць багата фота- і відэаматар’ялу з Данбаса, дзе фіксуюць сябе на так званыя “сэлфі”.
Хто фінансуе Супольнасьць?
Супольнасьць не зьяўляецца камэрцыйным праэктам. На сёньняшні момант яна не фармалізаваная нават у выглядзе грамадзкай арганізацыі. Усе выдаткі на падтрыманьне праэкта зьдзяйсьняюць самі валантэры, якія актыўна ўдзельнічаюць у зборы інфармацыі, адміністраваньні вэб-рэсурсу і перакладах матар’ялаў. Патрэбы на тэхнічныя выдаткі Праэкта задавалюняюцца й коштам паступленьняў ад кантэкстнай рэклямы на сайце. Дзяржаўныя інстытуцыі пры гэтым застаюцца ў баку, і падтрымліваюць праэкт толькі “маральна”.
Хто чытае InformNapalm?
Наша Супольнасьць ўдзячна ўсім уважлівым чытачам і людзям, якія шчыра падтрымліваюць працу валантэраў. Без Вашых рэпостаў і прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці, валантэраў InformNapalm ніколі б ня пачулі ў мейсцах, дзе распрацоўваюць і прымаюць палітычныя рашэньні! Дзякуючы зладжанай інфармацыйнай працы, факты злачынстваў Крамля набываюць вядомасьць далёка за межамі Украіны. Вось толькі з увядзеньнем атрыманых зьвестак у абарот вайсковых штабоў, дзяржструктураў, дыпляматычных кабінэтаў і сусьветных СМІ не заўсёды выходзіць проста. Таму ў працы Супольнасьці асаблівы акцэнт зроблены на данясеньні інфармацыі тым, хто здольны скарыстацца ёю, як зброяй.
Валантэры супольнасьці неаднаразова праводзілі кансультатыўныя сустрэчы з прадстаўнікамі розных арганізацыяў і дыпляматамі розных краінаў. Дзяліліся інфармацыяй пра хаду вайсковага канфлікту на Данбасе і пра факты расейскай агрэсыі ва Украіне. Таксама мы ўвесь час фіксуем праяву цікавасьці да нашых публікацыяў і расьледаваньняў замежных дзяржаўных структураў. З аналізу IP-адрэсаў наведвальнікаў сайта вынікае, што яго чытаюць у Дзярждэпартамэнце ЗША, урадавыя структуры Швэцыі, Нямеччыны, Францыі, Баўгарыі, Бразыліі, Нідэрляндаў, Канады, Ізраіля, Славаччыны, Эстоніі, Грузыі, Латвіі, структуры НАТА і іншыя.
(Заўвага: гэта ня патас, тэх.адмін рэсурсу зьдзейсьніў аналіз запытаў і гэта толькі невялікі пералік структураў, чые IP-адрэсы мы адсачылі і адшукалі запыты да сайта).
Гэта пацьверджвае эфэктыўнасьць і неабходнасьць працы, якую мы робім. Агульная ж колькасьць наведвальнікаў на сайце InformNapalm.org вагаецца ад 10 тыс. да 30 тыс. унікальных наведвальнікаў за содні, што для рэсурсу з вузкай ськіраванасьцю і зь невялікай пэрыядычнасьцю абнаўленьняў (1-3 матар’ялы за содні) можна лічыць дастаткова добрым паказчыкам.
Пераклады матар’ялаў
На сённяшні момант, на сайце Супольнасьці працуюць 20 моўных рэдакцыяў, кожная зь якіх робіць абнаўленьні незалежна і дае не машынныя пераклады, але матар’ялы, якія падрыхтаваныя жывымі людзьмі.
Апроч падставовых эўрапейскіх моваў, такіх як ангельская, нямецкая, гішпанская і французская, на сайце працуе украінская, беларуская, расейская, турэцкая, кітайская, грузынская і іншыя рэдакцыі.
Апроч перакладу і распаўсюджваньня матар’ялаў уласных расьледаваньняў, валантэры InformNapalm таксама супрацоўнічаюць зь міжнароднымі экспэртамі. У прыватнасьці, адзін зь нядаўніх дакладаў амэрыканскай недзяржаўнай арганізацыі Atlantic Council (Атлянтычная Рада) “Хаваючыся навідавоку: Вайна Пуціна ва Украіне”, прысьвечаны расейскай агрэсыі ва Украіне, афіцыйна пераклалі на расейскую мову менавіта валантэры Супольнасьці, пра што згадана і на старонках самога дакладу. Таксама ў гэтай справаздачы былі выкарыстаныя і матар’ялы расьледаваньняў InformNapalm.org. У гэты момант на заключнай стадыі знаходзіцца пераклад гэтай справаздачы на ўкраінскую мову, цалкам мачыма, будзе і на беларускую. Супольнасьць InformNapalm шануе намаганьні міжнародных арганізацыяў, якія ўважліва сочаць за падзеямі ва Украіне, і імкнецца садзейнічаць іхнай працы для як мага хутчэйшага надыходу міру і дабрабыту ва Украіне.
Актыўныя намаганьні і спэцпраэкты Супольнасьці InformNapalm
У гэты момант Супольнасьць InformNapalm засяроджаная на падрыхтоўцы сэрыі інфаграфікі паводле матар’ялаў уласных расьледаваньняў. У лютым 2015 году нашыя валантэры прадставілі інфаграфіку “Топ 10 фактаў расейскае прысутнасьці на Данбасе” што да ўзбраеньня і тэхнікі РФ, якая ня можа быць трафейнай, што ёсьць наўпроставым доказам удзелу Расеі ў вайне. Да канца жніўня InformNapalm плянуе прадставіць новы, яшчэ больш шырокі матар’ял – “Топ 100 фактаў” расейскае прысутнасьці, у які ўвойдуць статыстычныя дадзеныя паводле вынікаў расьледаваньняў з канкрэтнымі вайсковымі падразьдзяленьнямі ЗС РФ, якія былі ідэнтыфікаваныя на Данбасе з дапамогай OSINT.
Ахапіць усе напрамкі працы Супольнасьці InformNapalm у адным артыкуле немагчыма.
Гэта прыклад кансалідацыі намаганьняў і сапраўды валантэрскай інфармацыйнай працы, якая пабудаваная на сеткавым узаемадзеяньні людзей з розных краінаў сьвету. Гэтыя людзі актыўныя, крэатыўныя і самаадданыя. Жыцьцёвыя гісторыі кожнага зь іх па-свойму цікавыя і, верагодна, калісьці ўвойдуць у найноўшую гісторыю барацьбы за свабоду і незалежнасьць Украіны…
Слава Україні! Жыве Беларусь!
Пераклад Дзяніса Івашына
One Response to “Гісторыя InformNapalm. Адказы на часта задаваныя пытаньні (FAQ)”
2015-11-03
Сірыя. Інфаграфіка: афіцэры ВКС РФ – вайсковыя злачынцы Крамлю - InformNapalm.org (Беларуская)[…] валянтэрская супольнасьць InformNapalm супольна з Infographics [UA] падрыхтавала першую частку […]