• Languages
Language (Беларуская)
  • Українська (UA)
  • Русский (RU)
  • English (EN)
  • Deutsch (DE)
  • Français (FR)
  • Español (ES)
  • Беларуская (BY)
  • Български (BG)
  • Polska (PL)
  • Čeština (CZ)
  • Slovenský (SK)
  • Lietuvių (LT)
  • Latvijas (LV)
  • Nederlands (NL)
  • Português (PT)
  • Italiano (IT)
  • Svenska (SV)
  • Norsk (NO)
  • Dansk (DK)
  • ქართული (GE)
  • Română (RO)
  • Magyar (HU)
  • Ελληνικά (EL)
  • Deutsch (AT)
  • العربية (AR)
  • Türkçe (TR)
  • Azərbaycan (AZ)
  • Татарча (TAT)
  • 日本語 (JP)
  • 中文 (CN)
  • 한국어 (KR)

    Logo

    support informnapalm
    Navigation
    • Галоўная
    • Навіны
      • Беларусь
      • Данбас
      • Крым
      • Сірыя
      • Сьвет
      • Аналітыка
      • Іншае
    • Пра нас

    Экс-байцы ўкраінскага “Беркута” на службе ў міліцыі Беларусі

    on 2017-06-24 | 0 Comment | OSINT | Актуальна | Беларусь | Галоўнае | Падзеі Print This Post Print This Post
    • ru
    • de
    • by
    • cz
    • ua
    • en
    • bg

    У беларускую рэдакцыю міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm паступіла інфармацыя пра тое, што супрацоўнікі расфармаванага спэцпадразьдзяленьня МУС Украіны “Беркут”, датычныя да супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні ўдзельнікаў Рэвалюцыі Годнасьці, хаваюцца ня толькі ў Расейскай Фэдэрацыі і ў акупаваным Крыме, але й на тэрыторыі Беларусі. InformNapalm удалося знайсьці дакумантальныя пацьверджаньні гэтай рэзананснай інфармацыі.

    Вызначанае, што беларускія ўлады падобна расейскім калегам ня толькі даюць прытулак экс-байцам “Беркута”, але й ахвотна даюць ім працу ў сыстэме праваахоўных ворганаў дзяржавы. Як паказалі нядаўнія падзеі, набыты зьбеглымі ўкраінскімі сілавікамі досьвед перавышэньня службовых паўнамоцтваў у сілавым здушэньні мірных пратэстных акцыяў вельмі каштоўны як для Расеі, гэтак і для Беларусі.

    Чытайце таксама: Зьбеглыя ў РФ супрацоўнікі ўкраінскага «Беркута» ўжо зьбіваюць расейцаў на мітынгах

    У новым OSINT-расьледаваньні InformNapalm публікуецца інфармацыя пра колішніх супрацоўніках мікалаеўскага падразьдзяленьня “Беркут”, якія ўдзельнічалі ў сутыкненьнях на Майдане ў 2013-2014 гг. і якія, пасьля перамогі праэўрапейскіх і дэмакратычных сілаў, уцяклі ў Беларусь. Для аўтара расьледаваньня, непасрэднага ўдзельніка Рэвалюцыі Годнасьці, раскрыцьцё імёнаў гэтых “уцекачоў” зьяўляецца справай гонару, а таксама данінай павагі да ўсіх загінулых у выніку супрацьпраўных дзеяньняў з боку супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.

    Першым фігурантам гэтага расьледаваньня, у дачыненні да якога сабраная максымальная колькасць даступнай у адкрытых крыніцах інфармацыі, зьяўляецца баец “Беркута” Мікалай Стагарняк.

    Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:

    Мікалай Сяргеевіч Стагарняк, нарадзіўся 19.09.1988 г. у с. Стэпкіўка Первамайскага раёну Мікалаеўскае вобласьці, УССР. Пражываў у г. Первамайск Мікалаеўскае вобласьці. Пасьля праходжаньня тэрміновае вайсковае службы быў прыняты ў роту міліцыі спэцыяльнага прызначэньня “Беркут” пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскае вобласьці. У сацыяльных сетках: «VK» №1 (выдалены, архіў профілю, кантактаў), «VK» №2 (архіў профілю, кантактаў), «ОК» (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў).

    Нягледзячы на ​​вельмі асьцярожныя паводзіны фігуранту ў сацсетках і выдаленьне ім папярэдняга акаўнту, у якім быў пазначаны ягоны ўдзел у пабліку «ПМОП Беркут», а таксама выдаленьне ім усіх сваіх асабістых фатаздымкаў, дзякуючы ягоным сваякам і колішнім таварышам у службе атрыманая дастатковая колькасьць інфармацыі для ягонай ідэнтыфікацыі.

    Гэтак, напрыклад, у профілі сацсеціва ягонае сястры выяўленае фота Стагарняка разам з маці, якая прыехала да сына ў Менск пасьля працяглага растаньня ў лістападзе 2016 году. Фатаздымак зроблены на тэрыторыі агляднай пляцоўкі Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі.

    Ніжэй маецца адное з выдаленых Стагарняком фота, у якім ён зафіксаваны на тле беларускага архітэктурнага цуду ў стылі хай-тэк – будынку футбольнага стадыёну «Барысаў-Арэна».

    Падчас пошуку й збору факталягічнага матар’ялу, які пацьверджвае, што Мікалай Стагарняк зьяўляўся дзейным супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьня «Беркут», было выяўленае групавое фота, у якім ён зафіксаваны разам з сваімі таварышамі ў службе ў, меркавана, г. Первамайск Мікалаеўскае вобласьці. У фота ён апрануты, як і астатнія байцы падразьдзяленьня, у фірмовае «беркутаўскае» абмундыраваньне, а ягоныя пагоны сьведчаць пра сяржанцкае званьне.

    Мікалай Стагарняк другі праваруч ў першым шэрагу

    Што да пацьверджаньня службы Стагарняка ў праваахоўных ворганах Беларусі, то фігурант №1 гэтага расьледаваньня ўжо паспеў паўдзельнічаць у гвалтоўных затрыманьнях і судовых расправах над грамадзкімі актывістамі Беларусі. Гэтак Мікалай Стагарняк 13 сакавіка 2017 году ўдзельнічаў у якасьці сьведкі падчас судовага працэсу ў справе грамадзкага актывіста й анархіста Вячаслава Касінерава, абвінавачанага ва ўдзеле ў «Маршы недармаедаў» у Менску 17 лютага 2017 году. Стагарняк падчас суду адкрыта даваў ілжывыя сьведчаньні пра тое, што змог у цемры апазнаць па вачох Касінерава сярод астатніх дзьвюх тысячаў удзельнікаў акцыі пратэсту, пры гэтым яму было складана назваць дакладнае імя й прозьвішча абвінавачанага. Нягледзячы на відавочную сфабрыкаванасьць справы, Касінераў быў прысуджаны да 15 содняў арышту. У якасьці дакумантальнага пацьверджаньня службы колішняга байца “Беркута” Мікалая Стагарняка ў міліцыі Беларусі падаем фрагмэнты фатакопіі пастановы ў справе пра адміністратыўнае правапарушэньне №1009/17 з 13.03.2017 г.

    Фрагмэнты фатакопіі пастановы ў справе В. Касінерава

    Празь некалькі дзён пасьля гэтага, 16 траўня 2017 году, М. Стагарняк сьведчыў як супрацоўнік АМАПа на працэсе ў справе затрыманага ім за дзень да гэтага пасьля дазволенага ўладамі чарговага «Марша недармаедаў» Дзьмітрыя Мітрашэўскага, засуджанага ў выніку да 15 содняў арышту [1, 2]. Гэты казус, калі супрацоўнік праваахоўных ворганаў, які зьдзяйсьняў затрыманьне, і сьведка – адна і тая ж асоба – норма і штодзённасьць рэпрэсіўнага апарату Беларусі, які больш чымся за два дзесяцігодзьдзі нутранага акупацыйнага рэжыму адладжаны да апошняй кропкі ў тэксьце прысуду чалавека ў чорнай мантыі.

    Канваяваньне затрыманых у суд Цэнтральнага раёну Менска, 16.03.2017 г.

    Мікалай Стагарняк адкрыта ілжэсьведчыць і патурае судоваму свавольству ў Беларусі, але, разам з гэтым, сам баіцца судовага перасьледу ў сябе на радзіме, праз што і зьбег у Беларусь. Цалкам магчыма шлейф ягоных злачынстваў цягнецца ажно да падзеяў лістапада 2012 году, калі, пасьля заканчэньня выбарчай кампаніі ў Вярхоўную Раду, байцы «Беркута» прарвалі ачапленьне мітынгоўцаў і ўварваліся з штурмам ў памяшканьне 132-й акруговай выбарчай камісіі ў г. Первамайск Мікалаеўскае вобласьці і выкралі арыгіналы пратаколаў з «мокрымі» пячаткамі. Гэтыя дзеяньні, а таксама фальсіфікацыя вынікаў выбараў, былі зьдзейсьненыя для забесьпячэньня перамогі кандыдату ад “Партыі Рэгіёнаў» [1, 2, 3].

    Байцы «Беркута» ў будынку АВК № 132 у г.Первамайск | © nikvesti.com

    Другім фігурантам расьледаваньня, які зь вельмі вялікай доляю верагоднасьці знаходзіцца на гэты момант у Беларусі і, меркавана, таксама служыць у праваахоўных ворганах, зьяўляецца Сяргей Гаўрыляк. Ён выяўлены ў сьпісе сяброў фігуранту №1, Мікалая Стагарняка, у параўнаньні зь якім паводзіць сябе яшчэ больш асьцярожна і праяўляе значна менш актыўнасьці ў сацсетках. Аднак, нягледзячы на гэта, у дачыненьні да яго атрымалася ўсталяваць наступную інфармацыю.

    Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:

    Сяргей Мікалаевіч Гаўрыляк, нарадзіўся 06.02.1984 г. у с. Зялёнае Мікалаеўскага раёну Мікалаеўскае вобласьці, УССР. Пасьля праходжаньня тэрміновае вайсковае службы быў прыняты ў роту міліцыі спэцыяльнага прызначэньня “Беркут” пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскае вобласьці. У лістападзе 2013 году ў складзе мікалаеўскага падразьдзяленьня быў накіраваны ў Кіеў. У сацыяльных сетках: «VK» (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў).

    У выніку паглыбленага вывучэньня адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначанае, што С. Гаўрыляк у якасьці байца «Беркута» прымаў непасрэдны ўдзел у супрацьстаяньні на Майдане ў складзе свайго мікалаеўскага падразьдзяленьня. Пра гэта сьведчаць ягоныя ўласныя камэнтары да запісу пра просьбу 25 байцоў харкаўскага «Беркута» даць ім прытулак у акупаваным Расеяй Крыме (архіў).

    Быў выяўлены і іншы ягоны запіс з рэальнай ацэнкай свайго бягучага стану, у якім ён нават наважваецца пагражаць (архіў).

    Пададзены ніжэй запіс досыць выразна сьведчыць пра ягоныя погляды, якія даюць яснае разуменьне таго, што, калі ён калі-небудзь і вернецца ва Украіну, то толькі пад вартай (архіў).

    Наўпроставых доказаў таго, што ён хаваецца ў Беларусі, выяўленае не было, але ўскосна пра гэта сьведчыць пражываньне ягонае жонкі, Тацьцяны Гаўрыляк (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), разам зь дзецьмі ў Менску. Жонка ня толькі зазнала лёс свайго ўцекача-мужа, але й адкрыта яго падтрымлівае, публікуючы ва ўсіх сваіх акаўнтах сацсетак у так званы дзень «Беркута» сымбаль расфармаванага падразьдзяленьня [1, 2].

    Апроч гэтага вызначанае, што ёй была нададзеная праца памочніка выхавацелькі ў адным з установаў дашкольнае адукацыі г. Менска.

    Для апазнаньня пацярпелымі ў выніку ягоных супрацьпраўных дзеяньняў падаем больш якасны фатаздымак Сяргея Гаўрыляка 2011 году:

    Трэйцім фігурантам гэтага расьледаваньня зьяўляецца таварыш у службе Стагарняка і Гаўрыляка зь мікалаеўскага падразьдзяленьня «Беркута» Сяргей Панасенка. Выявіць інфармацыю ў дачыненьні да яго была найбольш складана, бо перад сваімі ўцёкамі ў Беларусь ён выдаліў практычна ўсю інфармацыю пра сябе, якая раней была ў сацсетках. Праз паглыблены аналіз ягонага новага акаўнту, выяўленага ў сьпісах кантактаў папярэдніх фігурантаў расьледаваньня, удалося сабраць неабходныя для ідэнтыфікацыі дадзеныя.

    Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:

    Сяргей Панасенка, нарадзіўся 1 лютага, меркавана, у Беразанскім раёне Мікалаеўскае вобласьці, УССР, год нараджэньня і сапраўднасьць прозьвішча вызначаюцца. Пасьля сканчэньня тэрміновае вайсковае службы быў прыняты ў роту міліцыі спэцыяльнага прызначэньня “Беркут” пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскае вобласьці. У лістападзе 2013 году ў складзе мікалаеўскага падразьдзяленьня быў накіраваны ў Кіеў. Зь вялікай доляй верагоднасьці выяўлены ягоны новы профіль у сацсеціве «VK» (архіў профілю, кантактаў). Гэты профіль маецца ў сьпісах кантактаў практычна ўсіх ягоных таварышаў у службе, а ў профілі фігуранту №2 – Сяргея Гаўрыляка – яму нададзены статус «лепшыя сябры».

    У вельмі інфарматыўных акаўнтах сацсетак ягоных сваякоў былі выяўленыя ўсе неабходныя дадзеныя, датычныя ня толькі ягонага непасрэднага ўдзелу ў сілавым супрацьстаяньні на Майдане падчас падзеяў Рэвалюцыі Годнасьці, але й ягонага знаходжаньня ў гэты момант на тэрыторыі Беларусі. Больш за ўсё інфармацыі ў дачыненьні да Сяргея Панасенкі маецца ў акаўнтах сацсетак ягонае сястры, прыхільніцы Януковіча й Партыі Рэгіёнаў, Алены Бандарэнка (Панасенка) (1, 2).

    У трох фота ніжэй (1, 2, 3) ён зафіксаваны 27 лістапада 2013 году за два зь лішкам дні да жорсткага сілавога разгону пратэстоўцаў на Майдане ўначы 30 лістапада.

    Зь вельмі маляўнічых запісаў Алены Бандарэнка пра свайго брата можна зрабіць выснову, што Сяргей Панасенка прымаў таксама ўдзел у абароне адміністрацыі Януковіча на вул. Банкавай у Кіеве і ягонае рэзыдэнцыі ў Межыгор’і [1, 2].

    3 кастрычніка 2015 году Алена Бандарэнка разам з сваёй сяброўкай вырашае паехаць у Беларусь, у Менск, каб наведаць пасьля працяглага растаньня свайго брата, Сяргея Панасенку.

    Сэлфі-прылады граюць далёка не апошнюю ролю ў раскрыцьці фігурантаў многіх расьледаваньняў. Ніжэй падазденыя «сэлфі», якія зафіксавалі трэйцяга фігуранта ў цэнтры Менска: на Кастрычніцкай плошчы і на ўзьбярэжнай р. Свіслач насупраць Траецкага прадмесьця.

    Словы Алены Бандарэнка ў камэнтары да фота, цалкам мажліва, зьяўляюцца сапраўднымі і сьведчаць пра тое, што як і ў выпадку з Стагарняком мясцовая міліцыя мае вялікую патрэбу ў падобных кадрах, якія маюць значны, хаця і адмоўны досьвед у абароне антыканстытуцыйных рэжымаў. Зь вялікай доляй верагоднасьці некаторыя з пералічаных у гэтым расьледаваньні фігурантаў прымалі ўдзел і ў жорсткім разгоне мірнай акцыі Дня Волі 25 сакавіка 2017 года ў Менску.

    Што змусіла іх сьпешна бегчы, пакідаць нажытыя мейсцы й родных? Цяжкі груз учыненых імі злачынстваў, зьдзекаў і катаваньняў удзельнікаў акцыяў пратэсту? Цалкам мажліва, што яны датычныя і да калецтваў і нават забойствах людзей на Майдане.

    Аўтар гэтых радкоў зьяўляецца непасрэдным удзельнікам сутыкненьняў на вуліцы Грушэўскага ў студзені 2014 году й можа асабіста сьведчыць пра мноства супрацьпраўных дзеяньняў з боку байцоў «Беркута». Сілавікі выкарыстоўвалі супроць дэманстрантаў кактэйлі «Молатава», зьдзяйсьнялі прыцэльную стральбу па вачох, выкарыстоўвалі паляўнічыю картэчу, бранябойныя латунныя набоі, якія выкарыстоўваюць для прымусовага спыну транспарту. Прымацоўвалі да сьветла-шумавых гранатаў мэталічнае начыньне, мэтаскіравана кідалі гранаты ў натоўп людзей, што спрычынялася да цяжкіх параненьняў.

    У гэтым расьледаваньні выяўленыя й ідэнтыфікаваныя колішнія байцы толькі мікалаеўскага падразьдзяленьня «Беркута», якія прымалі ўдзел у сутыкненьнях на Майдане падчас Рэвалюцыі Годнасьці. У дачыненні да аднаго байца дакумантальна пацьверджанае, што ён у гэты момант служыць у шэрагах міліцыі Беларусі, у дачыненні да другога маецца ўскоснае сьведчаньне бліжэйшага сваяка пра ягоную службу ў структуры МУС РБ. Рэжым Лукашэнкі мог даць прытулак і ўзяць на службу дзясяткі падобных уцекачоў зь іншых падразьдзяленьняў «Беркута». Важна выявіць і данесьці да грамадзтва любую інфармацыю, датычную мейсцазнаходжаньня і службы гэтых асобаў у праваахоўных ворганах Беларусі. Яны цалкам могуць быць выкарыстаныя ў самай бруднай працы што да здушэньня мірных акцый пратэсту. Важна не дапусціць зьяўленьне ў Беларусі сваёй «чорнай роты».

    Просьба да кампэтэнтных ворганаў Украіны праверыць усю наяўную інфармацыю ў дачыненьні да пададзеных у гэтым расьледаваньні фігурантаў і, у выпадку неабходнасьці, апэратыўна задзейнічаць увесь мэханізм працэдуры экстрадыцыі. Прамаруджваньне ў гэтым пытаньні можа паспрыяць уцёкам пазначаных асобаў ужо на тэрыторыю Расейскае Фэдэрацыі, скуль прыцягнуць іх да адказнасьці будзе вельмі складана.

    У сваіх публікацыях супольнасьць InformNapalm ўжо неаднаразова падавала інфармацыю пра тое, што ўлады Беларусі ня толькі даюць прытулак баявікам тэрарыстычных бандфармаваньняў «Л/ДНР» іхным прыхільнікам і памагатым, актыўна маніпулююць тэмай уцекачоў, але й, па сутнасьці, адкрылі другі фронт інфармацыйнай вайны супроць Украіны. Прыцягненьне ж зьбеглых байцоў «Беркута» да службы ў шэрагах міліцыі Беларусі і абароны свайго рэжыму ставіць ўлады ў адзін шэраг з расейскім агрэсарам і нівэлюе і бяз гэтага сумнеўнае значэньне менскай пляцоўкі для перамоваў ва ўрэгуляваньні на Данбасе.

    Дзяніс Івашын, рэдактар беларускай службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

    Чытайце таксама:

    • Выяўлены шлях перакідваньня прарасейскіх баявікоў у Беларусь
    • Палітычныя спэкуляцыі на тэме ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі
    • «Працоўная» міграцыя баявікоў тэрарыстычных бандфармаваньняў «Л/ДНР», іхных прыхільнікаў і памагатых у Беларусь
    • Масква ў Беларусі адкрыла новы фронт інфармацыйнай вайны супроць Украіны
    • Антыўкраінская гістэрыя і агонія рэжыму нутранай акупацыі Беларусі

    (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

    Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

    Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

    Recent Posts

    • РФ стварае гібрыдныя вайсковыя базы ў Беларусі пад выглядам “навучальна-баявых цэнтраў”

      2022-02-14 - 0 Comment
    • “Беларускія міратворцы” у Казахстане: хто прыляцеў назад?

      2022-01-24 - 0 Comment
    • Зьмены ў складзе амбасады РФ падчас ўзмацненьня ціску на Беларусь

      2021-12-31 - 0 Comment
    Comments are closed.

    Прочитайте нову книгу "Донбас у вогні". Це керівництво буде корисно для журналістів, дослідників, військових експертів, дипломатів та всіх, хто збирає інформацію про війну на Донбасі.

    Download free PDF

    Падпісвайцеся на абнаўленьні InformNapalm

    Атрымлівайце самую важную інфармацыю InformNapalm наўпрост на Вашую паштовую скрыню. Абяцаем не спаміць :)

    RSSSubscribe 0 Followers
    Inform Napalm Беларусь on FB
    • Popular
    • Recent
    • Comments
    • Беларусь: пратэктарат Расеі ці сувэрэннае дзяржаўнае ўтварэньне?

      2015-09-09 - 14 Comments
    • Прафэсыйная расейская армія ва Украіне. Дасьледаваньне і інфаграфіка

      2015-09-09 - 6 Comments
    • Апошні рэйс расейскага жаўнера для MH17

      2015-04-28 - 5 Comments
    • РФ стварае гібрыдныя вайсковыя базы ў Беларусі пад выглядам “навучальна-баявых цэнтраў”

      2022-02-14 - 0 Comment
    • “Беларускія міратворцы” у Казахстане: хто прыляцеў назад?

      2022-01-24 - 0 Comment
    • Зьмены ў складзе амбасады РФ падчас ўзмацненьня ціску на Беларусь

      2021-12-31 - 0 Comment
    • Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»

      […] Больш падрабязна пра гэта...
      2017-09-19 - Маніторынг стратэгічных вышкалаў «Запад-2017»: актыўная фаза (АБНАЎЛЯЕЦЦА)
    • Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат

      […] Паводле сайта InformNapalm […]
      2016-05-10 - Партыя БНФ » Дзяніс Івашын – пра дзейнасьць прарасейскіх баевікоў на тэрыторыі Беларусі
    • Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце

      […] Кантракт у баявікі...
      2016-03-29 - Сірыйскія дывідэнды вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ - InformNapalm.org (Беларуская)
    • Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі

      […] з моманту публікацыі...
      2016-03-29 - Сірыйскія дывідэнды вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ - InformNapalm.org (Беларуская)
    • 22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа

      […] зазначаў і раней, што шматлікія...
      2016-01-25 - Мэдаль «За адвагу» вайскоўца Саенкі з падмаскоўнага 606-га ЗРП - InformNapalm.org (Беларуская)

    Attribution CC BY

    88x31

    This license lets others distribute, remix, tweak, and build upon your work, even commercially, as long as they credit you for the original creation. This is the most accommodating of licenses offered. Recommended for maximum dissemination and use of licensed materials.

    Каляндар

    December 2023
    MTWTFSS
     123
    45678910
    11121314151617
    18192021222324
    25262728293031
    « Feb    

    Tags

    АТА ВС РФ ва Украіне Данбас ПКС РФ РФ Расея Россия Сірыя Украіна антытэрарыстычныя аперацыя расейская агрэсія тэрарысты

    Flickr Галерия

    • Галоўная
    • Палітыка прыватнасьці
    • Кантакты
    • Languages
    • Уваход
    © 2014-2015. «InformNapalm». All Rights Reserved.