«Сьпіс «672» утрымлівае дадзеныя пра палітычнае й вайсковае кіраўніцтва РФ, а таксама пэрсанальныя дадзеныя расейскіх вайскоўцаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ва ўварваньні ў Грузію ў жніўні 2008 году. Матар’ял падрыхтаваны грузінскай ініцыятыўнай групай «რუსეთს რა?!» («Rusets Ra?!»).
Пакуль грузінскія палітыкі й недзяржаўныя арганізацыі спрачаюцца і ніяк ня могуць прыйсьці да адзінага рашэньня што да «Сьпісу Татунашвілі – Атхазорыя» (сьпіс асобаў, якія пачынаючы з 1991 г. зьдзейсьнілі злачынствы ў адносінах да грамадзянаў Грузіі на акупаваных тэрыторыях), грузінская ініцыятыўная група «რუსეთს რა?!» («Rusets Ra?!») да дзясятай гадавіны расейскага ўварваньня ў Грузію сабрала масыў дадзеных пра расейскае ўварваньне ў Грузію. Гэта ідэнтыфікацыйныя дадзеныя й фатаздымкі больш за 500 расейскіх кадравых вайскоўцаў і цывільных службовых асобаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ці маюць дачыненьне да плянаваньня й рэалізацыі агрэсіі супроць Грузіі ў жніўні 2008 году.
Апублікаваныя дадзеныя – вынік шматмесяцовай карпатлівай працы грузінскіх валянтэраў, якія з дапамогаю выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (OSINT) дасьледавалі вялікую колькасьць дакумантацыі, публікацыяў і відэаматар’ялаў, у тым ліку загады пра ўзнагароджаньні, артыкулы й тэлерэпартажы пра расейскіх вайскоўцаў. Апроч дадзеных з сацыяльных сетак значная частка ідэнтыфікаваных удзельнікаў расейскага ўварваньня 2008 году выяўленая ў тэматычных групах, на форумах, з наступным вывучэньнем і аналізам профільных дадзеных і кантактаў фігурантаў.
Інфармацыя сыстэматызаваная ў некалькі тэматычных блёкаў (сьпісаў), большасьць выяўленых агрэсараў – афіцэры й кантрактнікі частак і злучэньняў Паўночнакаўказкае вайсковае акругі (рас. “СКВО”, пазьней – Паўднёвая вайсковая акруга – ПВА), Чарнаморскага флёту ВМФ, авіяцыі, спэцназу й паветрана-дэсантных войскаў ЗС РФ. Таксама ў сьпісах маецца й палітычная эліта РФ (станам на жнівень 2008 году), кіраўніцтва Міністэрства абароны й Генэральнага штабу Збройных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі.
Для спрашчэньня азнаямленьня з сабраным масывам інфармацыі пра «ветэранаў» уварваньня, ён зведзены ў некалькі тэматычных інфаграфікаў, якія візуалізаваў грузінскі валянтэр супольнасьці InformNapalm Алекс Алексідзэ.
Сьпіс №1 – створаны на падставе публікацыі расейскімі СМІ сьпісу «Выздоравливайте, родные» (рас., пералік вайскоўцаў РФ, параненых падчас уварваньня ў Цхінвальскі рэгіён Грузіі). З пазначаных 280 чалавек праз выведку адкрытых крыніцаў інфармацыі ідэнтыфікаваныя 196 вайскоўцаў, ня вызначаныя пакуль 84.
Для павялічэньня націсьніце на выяву.
Сьпіс №2 – сабраныя разам дадзеныя 50 вайскоўцаў – ветэранаў ўварваньня з складу СКВО й ПДВ. Сьпіс створаны на падставе расьледаваньняў InformNapalm:
- Вызначаныя 22 вайскоўцы РФ, якія ўдзельнічалі ў нападзе на Грузію. 5 зь іх – захоплівалі Крым.
- Раскрытыя асабістыя дадзеныя 140 афіцэраў і сяржантаў 4-й акупацыйнай базы РФ у Грузіі.
- Кар’ерны рост містэра «Бонда»: Ад акупаванага Цхінвалі да акупаванага Крыму.
- Дынастыя расейскіх ваенных злачынцаў. Біяграфія акупанту
- Настальгія па забойствах. Расейскі даішнік у шэрагах НЗФ “Рязань”
- Ордэн Мужнасьці як кампэнсацыя за маўчаньне сям’і забітага на Данбасе «героя» Расеі.
- Ці мажлівыя заганныя сувязі ІДІЛ і спэцслужбаў РФ: трафейны Humvee і расейская штабная машына ў Сірыі.
- Ідэнтыфікаваны ўдзельнік расстрэлу ўкраінскіх вайскоўцаў пад Ілавайскам
- Вайскоўцы 136-й АМСБр ЗС РФ падставілі генэрала Гурулёва.
- Апазнаныя вайскоўцы роты РЭБ 200-й брыгады ПФ, якія ваявалі на Данбасе
- Пакаяньне пскоўскага дэсантніка.
Сьпіс №3 і №4 – палітычная эліта РФ станам на жнівень 2008 году: урад, адміністрацыя прэзыдэнта, кіраўнікі сілавых ведамстваў, Фэдэральны Сход – агулам 37 службовых асобаў; кіраўніцтва Міністэрства абароны, Генэральнага штабу, камандуючыя родамі й відамі войскаў, кіраўнікі службаў Збройных Сілаў РФ – 54 службовыя асобы.
Для павялічэньня націсьніце на выяву.
Сьпіс №5 – Чарнаморскі флёт ВМФ РФ (камандаваньне, камандыры караблёў, старэйшыя афіцэры) – 16 ідэнтыфікаваных, 12 пакуль ня выяўленыя;
Сьпіс №6 – Вайскова-паветраныя сілы ЗС РФ (камандаваньне, лётны склад, пэрсанал) – 14 ідэнтыфікаваных;
Сьпіс №7 – Паветрана-дэсантныя войскі ЗС РФ (камандыры злучэньняў, частак, падразьдзяленьняў і асобныя вайскоўцы) – 18 ідэнтыфікаваных;
Сьпіс №8 – Паўночна-Каўказская вайсковая акруга (камандаваньне акругі, камандаваньне дывізіяў, палкоў, батальёнаў / дывізіёнаў і іншых падразьдзяленьняў, асобныя вайскоўцы й памагатыя – цывільныя асобы, якія забясьпечвалі дзеяньні сілаў уварваньня) – 115 ідэнтыфікаваных, 76 пакуль ня выяўленыя.
У інфаграфіцы скампіляваная інфармацыя зь сьпісаў №№ 2, 5, 6, 7 і 8. Для павялічэньня націсьніце на выяву.
Агулам у сьпісе фігуруюць 672 чалавекі, зь іх ідэнтыфікаваныя 500, часткова вызначаныя – 172.
Грузінскія актывісты зазначылі, што пададзены імі «сьпіс 672» – толькі першы этап, ён ня ўлічвае імёны цалкам усіх расейскіх агрэсараў, бо падобныя дасьледаваньні раней ніхто не зьдзяйсьняў. Інфармацыя пра ўсіх выяўленых асобаў падмацаваная адпаведнымі спасылкамі й архівамі, у якіх маецца інфармацыя пра ўдзел (датычнасьць) грамадзянаў РФ да ўварваньня ў Грузію ў жніўні 2008 году. Дадзеныя можна выкарыстоўваць для фармаваньня паўнавартаснага «Сьпісу Татунашвілі – Атхазорыя», зараз патрэбная толькі палітычная воля грузінскае дзяржавы.
Паводле сьцьверджаньняў грузінскіх актывістаў, яны маюць дадзеныя ня толькі пра сотні вайскоўцаў акупацыйных вайсковых базаў, дысьлякаваных у Цхінвальскім рэгіёне і ў Абхазіі, але й дадзеныя пра памежнікаў ФСБ РФ і прадстаўнікоў іншых сілавых і дзяржаўных ведамстваў Расейскае Фэдэрацыі, а таксама пра прадстаўнікоў марыянэткавых рэжымаў, што знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Грузіі. Гэтую інфармацыю актывісты абяцалі перадаваць супольнасьці InformNapalm, як адказ на ваенныя злачынствы расейскіх акупантаў і іхных памагатых у Грузіі.
Нагадаем, што напачатку сакавіка 2018 году група «Rusets Ra?!», у адказ на выкраданьне й забойства грамадзяніна Грузіі Арчыла Татунашвілі, раскрыла асабістыя дадзеныя 140 афіцэраў і сяржантаў 4-й расейскай акупацыйнай базы, разгорнутай у Цхінвальскім рэгіёне Грузіі.
З усім масывам інфармацыі што да ідэнтыфікацыйных дадзеных 672 расейскіх вайскоўцаў і іхных памагатых, якія рэалізоўвалі ў жніўні 2008 году ваенную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супроць Грузіі, можна падрабязна азнаёміцца праз спасылку.
Матар’ял падрыхтаваны грузінскай ініцыятыўнай групай «რუსეთს რა?!» («Rusets Ra?!»).
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа