Пасьля Чарнобыльскай катастрофы мінула траціна стагодзьдзя, але людзей паноўна рыхтуюць да ўдзелу ў масавых травеньскіх мерапрыемствах, у так званым “парадзе перамогі”, прымушаюць удзельнічаць у “суботніках”, старанна хаваюць і цынічна абыходзяць бокам інфармацыю пра рэальны маштаб эпідэміі COVID-19 у дзяржаве. Клінічнае праяўленьне чарговага адмаўленьня пануючай надзвычайнай сытуацыі будзе сьмяротна небясьпечным для вялікай колькасьці людзей і стане своеасаблівай кульмінацыяй разьвіцьця й функцыянаваньня аўтарытарнай сыстэмы дзяржкіраваньня ў Беларусі.
Напрыканцы 1980-х гг. праўда пра масавыя мэтаскіраваныя расстрэлы жыхароў Беларусі, пра Чарнобыльскую катастрофу расплюшчыла вочы людзям, пачалося сапраўднае народнае рушаньне, эпоха нацыянальнага Адраджэньня. Зараз мы перажываем аналягічныя часіны, нібы Бог надае нам усім другі шанец разьвітацца з рудымэнтарнай састарэлай сыстэмай дзяржаўнага мысьленьня й кіраваньня, якая мелася ўжо даўно спарахнець на сьметніцы гісторыі.
Вызначальным чыньнікам пануючага ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму сталася ягоная няздольнасьць ва ўмовах надзвычайнай катастрафічнай сытуацыі да ўхваленьня й рэалізацыі крытычна неабходных стратэгічных рашэньняў. Дзяржаўныя інстытуцыі зьдзейсьнілі ледзьве не самаўхіленьне ад разьвязаньня пытаньняў з эпідэміяй, абмяжоўваючы свае дзеяньні практычна сілавым утрыманьнем тых, хто кантактаваў зь інфікаванымі й дэкляруючы пры гэтым «асаблівы лібэральны падыход», а таксама жахлівую канцэпцыю «калектыўнай імунізацыі».
На гэтым тле грамадзтва наадварот прадэманстравала салідарнасьць, адсутнасьць панікі, узорную гарызантальную самаарганізацыю, якая дапамагае зараз эфэктыўна выконваць функцыі што да забесьпячэньня сыстэмы аховы здароўя ўсім неабходным.
Аднак прамаруджваньне з увядзеньнем агульнага карантыну сямімільнымі крокамі набліжае эпідэміялагічную катастрофу ў Беларусі. Маса азнакаў сьведчыць пра тое, што сытуацыя з распаўсюджваньнем COVID-19 ужо мае незваротны й некантраляваны характар. Паводле сваёй сілы, эфэкту й наступстваў гэтую катастрофу можна будзе шмат у чым параўноўваць з Чарнобыльскай. Калі ў большасьці краінаў сьвету уведзены жорсткі супрацьэпідэмічны рэжым і агмені эпідэміі лякалізаваныя, што надае мажлівасьць зьдзяйсьняць перакідваньне ў заражаныя раёны дадатковага мэдпэрсаналу зь менш праблемных рэгіёнаў, то нічога падобнага ў Беларусі на гэты момант няма. У выніку спатрэбіцца дапамога й умяшальніцтва міжнароднае супольнасьці, якая вымушаная будзе распачаць шырокамаштабную гуманітарную апэрацыю ў самым цэнтры Эўропы.
Карантын зьяўляецца адною з самых эфэктыўных існых мэтодаў барацьбы з эпідэміяй. Стратэгія палягае ў тым, каб лякалізаваць і ізаляваць агмяні распаўсюду вельмі кантагіёзнага вірусу. Каб расцягнуць у часе і гэтым мінімізаваць нагрузку на мэдычную сыстэму. У разе адсутнасьці карантыну гэтая нагрузка набудзе максымальнае значэньне, што можа спрычыніцца да фатальных наступстваў для жыцьця і здароўя вялікае колькасьці людзей. Пры гэтым у большасьці цывілізаваных дзяржаваў сьвету разумеюць, што галоўнай стратэгіяй да зьяўленьня дзейснай вакцыны мае быць зьберажэньне жыцьця сваіх грамадзянаў, але не захаваньне эканамічных паказьнікаў.
Суцэльны сацыяльны экспэрымэнт
На жаль, у Беларусі абраная менавіта стратэгія ратаваньня эканомікі, паказьнікі якой, тым ня менш, катастрафічна зьніжаюцца й пагражаюць у бліжэйшай пэрспэктыве спрычыніцца да сытуацыі абвяшчэньня сувэрэннага дэфолту. Разам з тым улада панічна баіцца паўтору агульнанацыянальных маштабных народных выступленьняў, якія адбываліся ў Беларусі ў 2017 годзе і сталіся вынікам правядзеньня бязглуздай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Дадатковы ўзровень складанасьці надае і неабходнасьць правядзеньня сёлета чарговай электаральнай кампаніі што да пераабраньня кіраўніка РБ, якая ператварылся на дэ-факта своеасаблівую ўсеагульную прысягу на вернасьць дыктатару. Менавіта ўсім гэтым, а таксама паталягічным страхам пазбыцца сваёй улады можна патлумачыць адмову рэжыму ад застасаваньня эфэктыўнай стратэгіі большасьці цывілізаваных краінаў сьвету ў барацьбе з наступствамі эпідэміі – карантыну. Пры гэтым дыктатарскі рэжым у Беларусі чарговага разу засьведчыў, што людзі для падобнай сыстэмы дзяржкіраваньня ёсьць выключна рэсурсам і расходным матар’ялам.
Адбываецца жахлівы паводле сваіх будучых наступстваў сацыяльны экспэрымэнт, падчас якога прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя (МінАЗ) паведамляюць, што сытуацыя стабілізавалася й усё знаходзіцца пад кантролем, а паступленьне новых хворых зьніжаецца. Пры гэтым, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыіі аховы здароўя (СААЗ) што да забароны ўсіх масавых мерапрыемстваў і застасаваньня ўсіх мажлівых захадаў, у тым ліку й карантыну, адбываецца практычна мэтаскіраванае заражэньне людзей з дапамогаю адчыненых установаў культуры й адпачынку: тэатраў, кінатэатраў, рэстарацыяў, бараў, начных клюбаў; спартовых аб’ектаў і правядзеньня спартовых спаборніцтваў; адкрытых аздараўленчых аб’ектаў, сярод якіх асноўным эпіцэнтрам інфікаваньня сталіся перадусім санаторыі.
Чытайце таксама: Антыўкраінская гістэрыя і агонія рэжыму нутранай акупацыі Беларусі
Адмова ад ізаляваньня ў стацыянарных умовах хворых на COVID-19 у лёгкай форме, а таксама кантактаў 1-га ўзроўню сьведчыць перадусім пра поўны скрышальны правал ухваленай стратэгіі ў барацьбе з эпідэміяй, якая першапачаткова была пройгрышнай. Пры гэтым ніякага пляну «Б» ва ўлады папросту няма. Больш за тое – адбывалася й адбываецца ў гэты момант ледзьве не наўмыснае заражэньне людзей каронавіруснай хваробай у карантынных зонах. Кантакты 1-га ўзроўню ўтрымлівалі ўсіх разам, што спрычынялася да іхнага максымальнага інфікаваньня. Многія зь іх фізычна былі засуджаныя на заражэньне.
Лідэры грамадзкага меркаваньня ўжо адкрыта заяўляюць, што пануючая ў Беларусі сытуацыя мае ўсе азнакі генацыду й правядзеньня біялягічнай вайны супроць уласнага народу.
Патэнцыял мэдычнай сыстэмы Беларусі
Пра што думалі тыя, хто ўхваляў гэтую шкодную стратэгію ва ўмовах адутнасьці ўсеагульнага карантыну й дастатковай колькасьці якасных тэстаў? Было зразумела зь першых дзён, што больнічны ложкавы фонд Беларусі ёсьць абмежаваным, а заявы афіцыйных асобаў пра тое, што палова яго, то бок ля 40 тыс. ложкаў, можна перапрафіляваць для інфікаваных, зьяўляюцца канцылярскай прапагандай, якая можа выклікаць адно толькі ваніты. Гэта ж датычыць і заяўленых дадзеных пра апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ), а таксама наркозна-дыхальных апаратаў, якіх разам налічваецца нібыта 3500 шт. Якая колькасць зь іх спраўная – пра гэта ўвогуле няма ніякай дакладнай інфармацыі. Таксама няма зьвестак пра тое, ці маецца неабходная колькасць кваліфікаванага пэрсаналу для працы зь імі: складаная тэхніка ў неспрактыкаваных руках можа стацца прычынаю сьмерці людзей.
Паводле нэўроляга Джэніфэра Фронтэра з Мэдычнага цэнтру Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту, значная частка загінулых ад каронавіруснае інфэкцыі памірае ў тым ліку і ад ныркавае недастатковасьці. Таму апроч апаратаў ШВЛ маецца гострая неабходнасьць і ў апаратах для дыалізу. Іхны недахоп ва ўмовах перагрузкі мэдычнай сыстэмы праз адсутнасьць агульнага карантыну спрычыніцца да шматлікіх сьмерцяў.
Зыходзячы з афіцыйных дадзеных, сыстэма аховы здароўя Беларусі цалкам верагодна будзе ўжо перагружаная пры 20-25 тысячах інфікаваных. І гэта яшчэ вельмі аптымістычная ацэнка. Паводле зьвестак дзяржаўных прапагандыстаў, з улікам перапрафіляваных клінікаў на гэты момант у Беларусі маецца ўсяго ля 10 тысячаў абсталяваных ложка-мейсцаў для лекаваньня хворых на каронавірус у сярэдняй і цяжкой форме.
Першыя азнакі эпідэміялягічнай катастрофы
З улікам афіцыйных зьвестак і мадэляваньня дынамічнага штодзённага прыросту хворых на COVID-19 у Беларусі, якое зьдзяйсьняе сам аўтар гэтых радкоў, пік застасаваньня мэдычнаю сыстэмаю сваіх максымальных мажлівасьцяў адбудзецца ў перыяд з 8 па 15 траўня, пасьля якога можа адбыцца каляпс усяе сыстэмы аховы здароўя РБ. Прадвесьцем будучага крушэньня мэдычнай сыстэмы, якая імкліва набліжаецца, менавіта і зьяўляецца пасьлядоўны ланцужок рашэньняў пра перавод на самаізаляцыю ў хатніх умовах кантакаў 1-га ўзроўню, а затым хворых на каронавірус у лёгкай форме. Паводле афіцыйных дадзеных, на стацыянарным лекаваньні засталіся толькі хворыя сярэдняй ступені цяжкасьці і цяжкахворыя.
Ужо зараз па ўсёй Беларусі скасавалі правядзеньне плянавай шпіталізацыі пацыэнтаў. Мэдычная сыстэма можа апынуцца практычна ў ваенных умовах, калі мэдпэрсаналу давядзецца вырашаць, каму з крытычна хворых ратаваць жыцьцё, а каго наракаць на сьмерць. Першымі сьведчаньнямі катастрофы, як бы гэта жахліва ні гучэла, будзе каляпс дзейнасьці камбінатаў камунальна-бытавога абслугоўваньня, якія ня будуць пасьпяваць хаваць памерлых. Усяго гэтага можна яшчэ пазьбегнуць, хаця ўжо і не на сто адсоткаў, калі задзейнічаць ўсеагульны антывірусны локдаўн паводле прыкладу практычна ўсяго цывілізаванага сьвету, перадусім у Эўропе. Гэтая стратэгія ўжо паказвае сваю эфэктыўнасьць: цягам апошніх тыдняў у большасьці эўрапейскіх краінаў значна зьнізіўся прырост новых выпадкаў інфікаваньня, неўзабаве можа распачацца пэрыяд дынамічнага й паступовага зьмяншэньня наступстваў эпідэміі.
Чытайце таксама: AntiFake: “гуманітарны рэйс” з Кітаю ў Беларусь для барацьбы з COVID-19 (Фактчэкінг)
Калі б у Беларусі своечасова быў застасаваны карантын – не было успышак заражэньняў у санаторыях, школах і дзіцячых садках. Зараз жа, пасьля аднаўленьня навучальнага працэсу 20 красавіка, прымусу ўдзельнічаць у так званых “суботніках”, масавай прысутнасьці вернікаў у цэрквах падчас Вербнае нядзелі й Вялікадня, сьвяткаваньня Радаўніцы і, урэшце, заплянаванага “параду перамогі” – мы ўсе зь вялікай верагоднасьцю станем відавочцамі велізарнай хвалі новых захворваньняў. Гэты эпідэміялягічны шторм можа паглынуць усю Беларусь.
У гэтай сытуацыі толькі адзінкі зь лекараў наважваюцца распавесьці грамадзкасьці ўсю праўду пра рэальную сытуацыю ў мэдычных установах. Гэта можа быць вынікам застрашваньня й ціску на мэдыкаў, пра што ўжо маюцца паведамленьні ў інфармацыйнай прасторы Беларусі. Пад ціскам пэўна знаходзяцца і сваякі загінулых, якім відавочна рэкамэндуюць не камунікаваць з журналістамі. СМІ падаюць сьведчаньні прадстаўнікоў мэдычнай супольнасьці пра прымушэньне іх да перапісваньня гісторыі хваробаў і пазначэньня прычыны сьмерці пацыэнтаў не ад COVID-19, але ад разнастайных тыпаў пнэўманіі, сардэчнай недастатковасьці, хранічных захворваньняў і іншых чыньнікаў. Можна меркаваць, што на працу з мэдпэрсаналам дзеля пазьбяганьня выцеку інфармацыі за межы больнічных сьценаў накіраваны зараз асноўны патэнцыял ідэалягічнага апарату дыктатуры.
Пярэдні край барацьбы з эпідэміяй
Без жорсткага карантыну лічба хворых на COVID-19 можа дасягнуць у Беларусі сотняў тысячаў, калі ўжо няма дзе і няма каму будзе ратаваць людзей. Абумоўленае гэта ў першую чаргу наяўнасьцю падрыхтаваных мэдычных кадраў, агульная колькасьць якіх абмежаваная й наўрад ці зможа перавысіць 15-20 тысячаў чалавек, накіраваных на фронт барацьбы з эпідэміяй. Пры гэтым неабходна ўлічваць тое, што значная колькасць лекараў і мэдпэрсаналу ўжо інфікаваная, а многія зь іх зоймуць і так абмежаваныя больнічныя ложкі. Да таго ж, згодна з пацьверджанай інфармацыяй, у выніку каронавіруснай атакі на пачатковым этапе ў Беларусі ўжо заражаныя больш за 400 мэдыкаў. Усю Беларусь абляцела шакавальная інфармацыя пра першыя выпадкі сьмерці сярод іх: 47-гадовай Сьвятланы Кісялёвай, мэдсястры зь Віцебска, 50-гадовага Васіля Ліпіліна, фэльчара брыгады хуткай дапамогі з Барысава. Нядаўна паступіла інфармацыя пра сьмерць 41-гадовай мэдсястры зь Віцебска, 43-гадовага лекара-рэаніматоляга зь Ліды, які працаваў з пацыэнтамі, хворымі на каронавірсную інфэкцыю, і 45-й гадовай мэдсястры Аксаны Радкевіч з Докшыцаў.
Пры гэтым, згодна з апублікаванымі ў СМІ цыркулярамі Міністэрства аховы здароўя, выяўленыя кантакты 1-га ўзроўню сярод мэдпэрсаналу наагул не падлягаюць ізаляваньню, але толькі тэставаньню на 1-й і 13-ы дзень мэдычнага назіраньня. Гэта толькі пагоршыла агульнае становішча, бо самі мэдыкі паводле некампэтэнтных дзеяньняў чыноўнікаў сталіся аднымі з асноўных крыніцаў заражэньня. Паводле інфармацыі СМІ, шэраг больнічных установаў ужо ператварыліся на так званыя “брудныя зоны”, у якіх заражаныя і пацыэнты і мэдыкі. Апроч гэтага рэжым толькі максымальна ўскладняе працу мэдыкаў, у адносінах да якіх ужо распачаліся праверкі адносна працэдуры атрыманьня імі спонсарскай дапамогі, што паступае ад валянтэраў.
Сьлед асабліва зазначыць, што рызыкуючы сваім уласным жыцьцём, ва ўмовах адсутнасьці неабходнае колькасьці індывідуальных сродкаў засьцярогі, лекары зьдзяйсьняюць для ўсіх нас гераічны подзьвіг і гэта без патасу. Калі-небудзь, у дэмакратычнай Беларусі, мы абавязкова ўвечнім памяць пра іх.
Аднак разам з тым удзельнікамі сьледчых дзеяньняў і судовых працэсаў маюць стаць тыя зь іх, хто сваімі дзеяньнямі ці бязьдзеяньнем спрычыніўся да масавага інфікаваньня і, у выніку, сьмерці людзей.
Злачынствы “калектыўнай імунізацыі”
У будучага сьледзтва паўстане вельмі шмат пытаньняў. Напрыклад, чаму, калі пачала паступаць значная колькасьць хворых на пнэўманію, лічба якіх ў некалькі разоў перавышала аналягічныя паказьнікі мінулых гадоў, не было ўхваленае рашэньне разглядаць усе выпадкі пнэўманіі як каронавірусныя? Чаму яны не былі ізаляваныя, але ўтрымліваліся, а большасьць і цяпер знаходзіцца ў агульных палатах? Чаму толькі 17 красавіка, больш чымся праз паўтары месяцы (!) пасьля выяўленьня першага хворага на COVID-19, у прыёмных аддзяленьнях стацыянараў дзеля пазьбяганьня рызыкі перакрыжаванага інфікаваньня вырашылі разьмяжоўваць патокі пацыэнтаў з звычайнай пнэўманіяй і з ускладненай каронавіруснай інфэкцыяй? І гэта пры наяўнай інфармацыі пра пачатак маштабнай эпідэміі сьпярша ў Кітаі, а затым у Эўропе. Часу на падрыхтоўку было больш, чым дастаткова. Паводле сьведчаньняў захварэлай на каронавірусную інфэкцыю вядомай сьпявачкі і заслужанай артысткі Беларусі Надзеі Мікуліч, усё гэта толькі спрычынілся да заражэньня шпіталізаваных і пашырэньня эпідэміі. Ня выключанае, што ў выніку падобных дзеяньняў быў заражаны і актор Коласаўскага тэатра Віктар Дашкевіч – адная з першых пацьверджаных ахвяраў эпідэміі.
Таксама сьлед асабліва зазначыць, што ў выніку правядзеньня злачынных захадаў што да практычна калектыўнай імунізацыі насельніцтва Беларусі, значная колькасьць вылекаваных будзе мець крытычныя ўскладненьні. Паводле кардыоляга з нью-хэйвэнскага шпіталя і супрацоўніка Ельскага ўнівэрсытэта Харлана Крумхольца, які кіруе маштабнай працай у зборы клінічных дадзеных пра COVID-19, гэтая хвароба можа ўразіць шматлікія жыцьцёва неабходныя ворганы арганізму з катастрафічнымі наступствамі.
Удар па рэпутацыі й прэстыжу краіны
Ужо некаторыя з топ-палітыкаў суседніх зь Беларусьсю краінаў заявілі, што Беларусь можа стаць некіраваным агмянём эпідэміі. Беларусь у сусьветных СМІ ўжо пакрысе ператвараецца на сапраўдны жупел – узор аўтарытарнай, некампэтэнтнай, неадэктватнай сыстэмы дзяржкіраваньня, якая, задавальняючы патрэбы мясцовага самадура-дыктатара, можа спрычыніцца да масавай гібелі насельніцтва падчас эпідэміі. Адное з найбуйнейшых французскіх выданьняў “Liberation” ужо адкрыта назвала Беларусь “санітарнай пагрозай Эўропе”.
Ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што гэты жахлівы й ганебны вобраз нашай краіны можа замацавацца ва ўсім сьвеце на працяглы час. У гэтых варунках цалкам зразумелым ёсьць тое, што ўсе суседнія зь Беларусьсю краіны былі вымушаныя зачыніць свае межы зь ёю. Нібы лепразорый нашая краіна ўжо апынулася ў рэальнай ізаляцыі, якая безумоўна будзе трываць працяглы час, нават калі пандэмія ва ўсім сьвеце будзе адоленая. Заканамерным стане і адмова міжнародных перавозьнікаў ад транзыту сваіх грузаў праз тэрыторыю Беларусі, у выніку дзяржаўны бюджэт РБ пазбавіцца калясальных паступленьняў.
Чытайце таксама: Каронавірус на экспарт: ці дастаткова захадаў зьдзяйсьняе Менск для нераспаўсюду эпідэміі?
Красамоўным сьведчаньнем “эфэктыўнасьці” дыктатарскага рэжыму за ўвесь час ягонага панаваньня ў Беларусі з’яўляецца факт таго, што дзяржава падчас надзвычайнай сытуацыі ня здольная забясьпечыць сябе фінансава. Пра гэта наўпрост сьведчыць запуск збору фінансавых сродкаў па лініі Міністэрства аховы здароўя РБ і зварот па фінансавую дапамогу ў структуры Эўразьвязу. Пры гэтым у наяўнасьці маюцца сродкі на гіганцкі апарат ідэолягаў, карныя войскі, шыкоўныя палацы, лімузіны й лятакі, пацешныя парады, але на банальную закупку сродкаў індывідуальнай абароны для мэдыкаў, апаратаў ШВЛ – няма.
Менавіта правальная эканамічная палітыка аўтарытарнага рэжыму цягам усіх 26 гадоў і адсутнасьці фінансавай падушкі бясьпекі сталася нагодаю для апраўданьня вар’яцкай ідэі калектыўнай імунізацыі насельніцтва. У гэтым дыктатар расьпісваецца ўласнаруч, калі спрабуе патлумачыць прычыну не ўвядзеньня карантыну.
Не застасаваньне антывіруснага локдаўну ва ўмовах эпідэміі зьяўляецца акурат злачыннай бязьдзейнасьцю. Аднак у сьвятле заплянавага напрыканцы лета гэтага году чарговага пераабраньня Лукашэнкі задзейнічаньне ўсеагульнага карантыну нанясе рэжыму калясальны рэпутацыйны ўдар, асабліва пасьля таго, як сьмяротная эпідэмія абвешчаная проста «псыхозам». Аднак нават калі карантын вымушаныя будуць увесьці, дэ-юрэ ён наўрад ці будзе застасаваны, бо прадугледжвае наданьне дзяржавай фінансавай дапамогі насельніцтву й бізнэсу. Відавочна, улада імплемэнтуе так званыя «жорсткія абмежавальныя захады», па сутнасьці, той жа карантын, але на поўным самазабесьпячэньні тых, у дачыненьні да каго ён будзе ўведзены. Пра якую дапамогу ад дзяржавы можна казаць, калі адбываецца працяглы спад прамысловай вытворчасьці, велізарнае назапашваньне нутраных пазыкаў прадпрыемствамі й ужо адчуецца крытычнае кісьляроднае галаданьне эканомікі праз недахоп нафтадаляраў.
Адплата й пакараньне
Ужо зараз можна дапусьціць, што, праз адсутнасьць карантыну, беларускае грамадзтва непазьбежна пачне вінаваціць у большасьці сьмерцяў ад COVID-19 пануючы рэжым, па сваёй сутнасьці, нутранай акупацыі. Аднак гэта цалкам справядліва, бо на ім ляжыць ўся палітычная і маральная адказнасьць за кантроль над пашырэньнем эпідэміі ў краіне.
Супроць рэжымных функцыянэраў можа быць распачаты судовы працэс паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: атр. 307 “Не ўхваленьне захадаў што да ратаваньня людзей; арт. 308 “Непаведамленьне інфармацыі пра небясьпеку для жыцьця людзей”; арт. 336 “Парушэньне санітарна-эпідэміялягічных, гігіенічных патрабаваньняў і працэдураў, вызначаных тэхнічнымі рэглямантамі, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў; арт. 338 “Выкананьне працаў альбо наданьне паслугаў, якія не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі”; арт. 425 “Бязьдзейнасьць службовай асобы”; арт. 426 “Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў”; арт. 428 “Службовая халатнасьць” ды інш.
Чытайце таксама: Зянон Пазьняк: Вайна зь вірусамі
Паказальна, што шэраг колішніх дэпутатаў Вярхоўнае Рады РБ 12-га скліканьня Зянон Пазьняк, Юры Беленькі, Сяргей Папкоў ужо зьвярнуліся ў Генэральную Пракуратуру з просьбай ухваліць захады пракурорскага рэагаваньня ў зьвязку з службовай бязьдзейнасьцю кіраўніка Беларусі А.Р. Лукашэнкі ў прыняцьці рашэньняў што да супрацьдзеяньня эпідэміі і ў зьвязку з дэзынфармацыяй насельніцтва, што спрычынілася да цяжкіх наступстваў (арт. 425 КК РБ).
У той жа час зьявіліся заклікі так званых “благодетелей” не разгойдваць човен, ня ціснуць на сыстэму дзяржкіраваньня, але фактычна падтрымаць дзеяньні ўлады. Ці папросту “атрымаць задавальненьне” ад таго, што суайчыньнікаў наракаюць на сьмерць. Яны па-майстэрску добра апэруюць і маніпулююць дэфініцыямі «краіны» і «дзяржавы», зьмешваючы іх, хаця гэтыя чыньнікі абсалютна не зьяўляюцца тоеснымі. Па меры пагаршэньня эпідэміялягічнай сытуацыі і, на жаль, усё большай колькасьці сьмерцяў, гэтых галасоў, па сутнасьці адбельвацеляў рэжыму Лукашэнкі, будзе ставаць усё больш. Назіраем і пазначаем, хто злучыцца зь імі ў адзіным сонме.
Кульмінацыйны пункт існаваньня антыбеларускага рэжыму
Травень 2020 г. пэўна стане катарсысам усіх 26 гадоў панаваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Па-першае, адбудзецца юбілейнае “Победобесие” – сымбаль перамогі над здаровым глуздам, падчас якога парадныя разьлікі будуць цешыць самадурства дыктатара ў самы разгар сьмяротнай эпідэміі. Паказальна, што ва ўмовах эпідэміі нават Расея і ейнае тэрарыстычнае ўтварэньне “Л/ДНР” перанесьлі правядзеньне параду.
Па-другое, сёлета ў траўні будзе і іншая кругла дата: 25 гадоў з моманту зьнішчэньня беларускай дзяржаўнай сымболікі й абгортваньня нашай краіны ў нэасталінскія колеры. Гэты пахавальны пакроў зараз навечна будзе асацыявацца выключна з антыбеларускім аўтарытарным рэжымам і, пэўна, увасобіць у сябе ягонае крушэньне.
Разам з тым, ва ўмове ўнікальнага зьбегу адразу некалькіх фактараў – значнай эпідэміялягічнай, сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай крызы, якія могуць спрычыніцца да паўстаньня сапраўднай рэвалюцыйнай сытуацыі, – дзейнасьць рэпрэсіўнага каральнага апарату можа дасягнуць свайго максымальнага значэньня.
Дыктатарскі рэжым у Беларусі ўпершыню сутыкаецца з падобнай колькасьцю пагрозаў адначасова, якія толькі паглыбляюцца празь ягоныя ўласныя стратэгічныя памылкі. У гэтай сытуацыі ўжо мала каго зьдзівіць чарговая, інсьпіраваная спэцслужбамі справа супроць грамадзкіх актывістаў і патрыётаў Беларусі. Патэнцыйным фігурантам справы «Белы Легіён ver. 2.0» могуць інкрымінаваць ня толькі пашырэньне фэйкаў і дэзынфармацыі, але наўмыснае інфікаваньне грамадзянаў каронавіруснай інфэкцыяй для дэстабілізацыі сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Да таго ж у ідэйных натхняльнікаў і мажлівых рэалізатараў гэтага ўжо ёсьць папярэдні досьвед абвінавачваньня апанэнтаў Лукашэнкі ў спробах правядзеньня імі бактэрыялягічнай атакі яшчэ ў 2006 годзе. Тады старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка перад правядзеньнем так званых «прэзыдэнцкіх выбараў» афіцыйна заявіў, што апазыцыя рыхтуе шэраг правакацыў, сярод якіх выбухі ў школах, спроба сілавога захопу ўлады з дапамогаю баявікоў з Украіны, Грузіі і колішняй Югаславіі і, увага! – атручваньне сыстэмы водазабесьпячэньня дохлымі пацукамі. Пэрспэктыва задзейнічаньня гэтага кейсу для апанаваньня сытуацыі зь вельмі верагоднымі народнымі хваляваньнямі выглядае зараз досыць імавернай.
Урэшце дыктатарскі рэжым можа імкнуцца адаптаваць пэўныя элемэнты клясычнай аўтаркіі, ператварыцца на такую сабе Паўночную Карэю ў самым цэнтры Эўропы.
El momento de la verdad (момант ісьціны)
Аднак сытуацыя кардынальна зьмяняецца. Адначасовае спалучэньне цэлай абоймы зазначаных вышэй чыньнікаў пры ўпершыню за шматлікія дзесяцігодзьдзі мінімізаваным уплыве Расейскае Фэдэрацыі на Беларусь адкрывае для дэмакратычных пераўтварэньняў вялікае акенца мажлівасьцяў. Акенца, якое наступным разам можа зьявіцца вельмі ня хутка ці не зьявіцца зусім.
Характэрна, што ў Берасьці 19 красавіка праціўнікі запуску акумулятарнага заводу выйшлі з лёзунгамі: “Чыноўнікаў на нары!” і “Лукашэнка, сыходзь!”. З рэгіянальнага значэньня гэтая хваля адкрытага народнага абурэньня мае ўсе шанцы набыць агульнанацыянальны маштаб. Азмрочаны масавымі сьмерцямі, выкліканымі неадэкватнымі дзеяньнямі рэжыму, зь неспатоленай прагай адплаты й пакараньня за чвэрць стагодзьдзя ягонага паразытаваньня, народная стыхія можа скарыстацца з унікальнага шанцу й паспрабаваць аднавіць законны канстытуцыйны лад у сваёй краіне. Пабудаваць насамрэч беларускую нацыянальную дзяржаву. І, галоўнае, уратаваць здароўе й жыцьці суайчыньнікаў. Спыніць, па сутнасьці, біялягічную вайну супроць уласнага народу.
Ці скарыстаецца народ Беларусі гістарычным шанцам, пакуль застаецца адкрытым пытаньнем, але ад яго разьвязаньня залежыць фізычнае выжываньне й сьцьверджаньне беларускае Нацыі.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
Для стварэньня загалоўнага фота выкарыстаныя крыніцы usi.ch і freepik.com
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа