Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm падае для нашых чытачоў важны аналітычны матар’ял экспэрта ў інфармацыйнай бясьпецы групы «Інфармацыйны Супраціў» Вячаслава Гусарава, які падняў завесу над таямніцаю – колькі, паводле ягоных падлікаў, Расейская Фэдэрацыя выдаткоўвае штогод на інфармацыйную вайну супроць Украіны?
Год таму амэрыканскі кангрэсмэн Дэн Майк зрабіў сэнсацыйную заяву: «Пуцін выдаткаваў на прапаганду ў дыскрэдытацыі Украіны больш за 9 мільярдаў даляраў». На думку кангрэсмэна Майка, прэзыдэнт Расеі выкарыстоўвае прапаганду, як ва Украіне, гэтак і ў барацьбе з заходнім сьветам.
Вайна, пачатая Расеяй ва Украіне, толькі часткова вялася традыцыйнай зброяй – кулямётамі, танкамі і гарматамі. За кулісамі баявых бітваў застаўся інфармацыйны складнік расейскай агрэсыі.
У папярэдняй схеме наўмысна не пазначалася тая частка баявога забесьпячэньня, якая тычылася інфармацыйных мерапрыемстваў – вайсковыя комплексы радыёвыведкі (радыёпраслухоўваньня) і радыёпадаўленьня, друкарні для друку ўлётак або апаратура-сымулятар мабільных рэтранслятараў, якая рассылала украінскім байцам правакацыйныя СМС-паведамленьні і іншае.
Паспрабуем падлічыць, колькі ж Расея вытадкоўвае за год на інфармацыйныя захады забесьпячэньня вайны на Данбасе.
Адразу зробім некалькі заўвагаў: да расейскіх інфармацыйных мерапрыемстваў, якія зьдзяйсьняюцца ва Украіне, мы адносім увесь спэктар камунікатыўнага ўплыву, які ўжывае Расея. Мы не выключаем, што мы можам не заўважыць некаторыя дэталі, бо спэктар інструмэнтаў інфармацыйнага ўплыву досыць шырокі. Нашая мэта – ацаніць агульную карціну расейскай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца ў межах акупацыі тэрыторыяў Данбаса, а таксама інфармацыйнай экспансыі Расеі ў Эўропе.
Пачнем з баявога забесьпячэньня расейска-тэрарыстычных войскаў на Данбасе:
а) расейскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія былі зафіксаваныя ў зоне АТА:
тры комплексы радыёэлектроннай барацьбы «Ртуць-БМ» (рас.) (код 1Л262Э – падаўленьне лініяў сувязі і радыёўзрывальнікаў у дыяпазоне 95 – 420 Мгц) - 70 млн.руб. кожны;
комплекс РЭБ «Красуха-4» (код 1РЛ257 – для прыкрыцьця ад радыёлякацыйнага выяўленьня тэрыторыяў, а таксама супрацьдзеяньня лятакам далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня і бесьпілётных лятальных апаратаў) – 258 млн.руб.;
комплекс «Барысаглебск-2» (код РБ-301Б – для выведкі і падаўленьня мабільных сыстэмаў і радыёсувязі ў дыяпазоне 1,5 – 1000 Мгц) - 500 млн.руб.;
б) сродкі радыёвыведкі, якія былі зафіксаваныя ў зоне АТА:
комплекс радыёвыведкі «Торн» – 100 млн. руб.;
бесьпілётны комплекс «Арлан 10» (з бартавым комплексам РЭБ «Леер-3» для падаўленьня сетак мабільнай сувязі GSM) – 336 млн. руб.;
в) сродкі псыхалягічнай барацьбы, якія былі зафіксаваныя ў зоне АТА:
друкаваньне ўлётак і газэтаў – 10 млн. руб. за год. (0,2 млн. дал. ЗША)
Падтрымка прарасейскіх ідэалягічных рухаў акупаванага Данбаса («Свободный Донбасс», «Донецкая Республика», «Оплот», «Мир Луганщине», «Новороссия», «Юго-восток», «Луганский экономический союз» і іншыя) – прыблізна 80 млн. руб. за год.
Падтрымка рэгіянальных прарасейскіх СМІ:
а) тэлевізыя («Луганск-24», Новороссия TV», «1-й республиканский канал»,«Оплот ТВ», «ЮНИОН-ДНР»,«АР-ТВ») – прыблізна 180 млн. руб. у год.;
б) інтэрнэт анлайн-каналы «Первый Республиканский – ДНР ТВ», «Информбюро», «Патриотические Силы Донбасса», «News-Front» і іншыя – прыблізна 5 млн. руб. за год.;
в) FM-радыё («Радио Новороссии», «Радио ДНР») – прыблізна 5 млн. руб. за год.
г) рэтрансьляцыя пакету фэдэральных тэлевізійных каналаў і радыёпраграмаў – 2 млн. руб. за год;
в) друкаваная прэса («ХХІ век», «Муниципальная газета», «Голос народа» і інш.) – прыблізна 1 млн. руб. за год;
ж) падтрымка электронных СМІ (lugansk-online.info, novorosinform.org, komitet.net.ua, dnr.today, rusvesna.su. і інш.) – прыблізна 1 млн. руб. за год;
Няцяжка падлічыць, што штогадовыя выдаткі з фэдэральнага бюджэту Расеі на інфармацыйныя захады ў прапагандзе сэпаратызму ў акупаваным Данбасе складаюць прыблізна 274 млн.руб. за год (5,5 млн. дал. ЗША).
Кошт баявой тэхнікі, завезенай на тэрыторыю Украіны з Расеі, складае 1,4 млрд. руб. (25 млн. дал. ЗША).
Апроч вайны на Данбасе, Расея зьдзяйсьняе інфармацыйную кампанію ў эўрапейскай інфармацыйнай прасторы. Шматграннасьць мэтодаў інфармацыйнага ўплыву і маштабы іхнага ўжываньня дэманструюць намеры Крамля сфармаваць ў Эўропе прарасейскую аўдыторыю і ў далейшым выкарыстоўваць яе як інфармацыйную плятформу ва ўласных зьнешнепалітычных інтарэсах.
У першую чаргу сьлед сказаць пра расейскую сыстэму мэдыйнага ўплыву:
а) Усерасейская дзяржаўная тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (ВГТРК) (тэлеканалы «Россия-1», «Россия-2», «Россия-24», «РТР-Планета», «EuroNews»; інтэрнэт-праэкты «Россия», Вести.ru, Страна друзей, Страна.ru, Digitalrussia.tv і іншыя) выдаткавала ў 2014 годзе 52,9 млрд руб. (прыблізна 1,3 млрд. дал. ЗША). Некалькі месяцаў таму ў анэксаваным Крыме з дапамогаю ВГТРК распачатая трансьляцыя Грамадзкай крымска-татарскай тэлерадыёкампаніі, куды ўвайшлі тэлеканал «Міллет» і радыёстанцыя «Ватан седасы». Паводле прыблізных падлікаў, на 2015 год для патрэбаў ВГТРК заплянаванае прыблізна 55 млрд. руб., зь іх паводле адмысловай праграмы «фармаваньне аб’ектыўнага выгляду Расеі за мяжой» – 12,2 млрд руб. і дадаткова яшчэ 3,5 млрд. руб. для забесьпячэньня міжнароднае дзейнасьці;
б) міжнародная інфармацыйная агенцыя «Россия сегодня» (тэлеканал Russia Today, відэаагенцыя навінаў Ruptly, міжнародная інтэрнэт-студыя Sputnik, РИА Новости, сайт Ria.ru і іншыя) павялічыла свае выдаткі на 41% у параўнанні з 2014 годам. Гэта зьвязанае з адкрыцьцём офісу кампаніі “RT” ў Лёндане і з запускам кругласутачных каналаў трансьляцыі на французскай і нямецкай мовах. Апроч гэтага, агенцыя «Россия сегодня» паглынула рэдакцыю радыёстанцыі «Голос России» і ўключыла ў свой склад «РИА Новости». Паводле афіцыйных дадзеных:
– бюджэт Russia Today ў 2014 годзе склаў каля 500 млн. дал. ЗША
– Бюджэт “РИА Новости” і інфармацыйнае агенцыі «Sputnik» ў 2014 г. склаў амаль 4,5 млн. дал. ЗША
Паводле разнастайных дадзеных, прыблізная лічба агульнага бюджэту усяе МИА “Россия сегодня” на 2015 год складае 650 млн. дал. ЗША.
в) Першы канал Расеі («Первый канал. Всемирная Сеть»). На яго базе распачатая трансьляцыя «Першага Балтыйскага канала», які мае філіі ў Латвіі («ПБК Латвія»), Эстоніі («ПБК Эстонія») і Летуве («ПБК Летува»). Апроч гэтага, паводле дамовы з швэдзкай кампаніяй SES, Першы Балтыйскі канал аплочвае падачу сыгналу на спадарожнік і падлучэньне трансьляцыі ў сеткі кабэльнае тэлевізыі краінаў Балтыі. Для ўсіх гэтых мэтаў Першы канал Расеі ў 2014 атрымаў з бюджэту 150 млн. дал. ЗША. На 2015 канал мае атрымаць прыблізна такія ж сродкі і яшчэ дадатковае фінансаваньне 3,5 млрд. руб. (64 млн. дал. ЗША), якое пойдзе на пакрыцьцё розьніцы курсу рублю, які зазнае дэвальвацыю;
г) фінансаваньне холдынгу Газпром-мэдыя (тэлеканалы «НТВ», «ТНТ»; спадарожнікавая тэлекампанія «НТВ-ПЛЮС”; радыёстанцыі CИТИ-FM, Эхо Москвы, Авторадио, 101.ru; выдавецтва «Семь дней»; кінастудыі «НТВ-кино»,« Централ Партнершип »; інтэрнэт-парталы Rutube і Now.ru і іншае) ажыцьцяўляецца праз карпарацыю «Газпром». У цяперашні час, «Газпром-Мэдыя» пашырае сваю трансьляцыю праз запуск новых каналаў. Паводле прыблізных падлікаў, ягонае штогадовае фінансаваньне можа складаць каля 300 млн. дал. ЗША;
в) Нацыянальная Мэдыя Група (НМГ) пазыцыянуе сябе, як прыватны мэдыяхолдынг. У яе ўваходзяць: тэлеканалы «Пятый канал», РЕН ТВ, LifeNews TV; газэта «Известия», сайт LifeNews.ru; студыя «Русская служба новостей».
Фінансаваньне ажыцьцяўляецца праз яго бэнэфіцыяраў – кампанію «Согаз», банк «Расея» і «Сургутнафтагаз». Канал LifeNews часткова належыць (49%) “Нацыянальнай Мэдыя Групе” і атрымлівае фінансаваньне ад кампаніі «Сургутэкс». Паводле прыблізных падлікаў, штогадовае фінансаваньне “Нацыянальнай Мэдыя Групы” можа складаць ня менш за 300 млн. дал. ЗША;
ж) Russia Beyond the Headlines – міжнародны выдавецкі праэкт «Российской газеты», які пэрыядычна выходзіць у выглядзе бясплатнага друкаванага і электроннага дадатку да самых вядомых выданьняў сьвету на 16 мовах (The Washington Post (ЗША), The New York Times (ЗША), The Daily Telegraph (Вялікая Брытанія), Le Figaro (Францыя), Süddeutsche Zeitung (Нямеччына), The Economic Times (Індыя), Folha de São Paulo (Бразылія), La Repubblica (Італія), JoongAng Ilbo (Паўднёвая Карэя), China Business News (Кітай) і іншыя). Бюджэтаваньне праэкту ажыцьцяўляецца ў межах «Российской газеты» і можа складаць прыблізна 10-12 млн. дал. ЗША.
Агулам, для працы расейскай сыстэмы мэдыйнага ўплыву Крэмль штогод выдаткоўвае 2626 млн. дал. ЗША.
Вялізарную ролю ў пляне інфармацыйнага ўплыву граюць расейскія сродкі сеціўнай камунікацыі.
Расейскія сацыяльныя сеткі «Одноклассники», «ВКонтакте» і «Мой Мир», а таксама інстант-мэсэнджэр « Агент Mail.Ru» з паштовым сэрвісам « ICQ» з 2014 году цалкам сканцэнтраваныя ў рукох расейскай інтэрнэт-кампаніі “Mail.Ru Group”. Фігуральна, яны ўсе ўтвараюць адзіную сацыяльную інтэрнэт-плятформу пад адным «дахам».
Кіруе Mail.Ru Group блізкі да Крамлю расейскі алігарх Алішэр Усманаў (45% акцыяў).
Прыблізнае фінансаваньне расейскай сацыяльнай інтэрнэт-плятформы можа сягаць да 50 млн. дал. ЗША за год.
Праграмна-кампутарныя і сеціўныя элемэнты ўплыву Крамлю прадстаўленыя некалькімі вядомымі групамі:
«Лябараторыя Каспэрскага» – працуе ў інтарэсах ФСБ Расеі ў «актыўных захадах» у сеціве Інтэрнэт;
праэкт «Кібэрбэркут» – група расейскіх хакераў, якія выкладваюць у Сеціва матар’ялы ўзлому. Паводле некаторых дадзеных арганізацыя «Кібэрбэркут» зьяўляецца праэктам расейскіх спэцслужбаў;
адмысловыя падразьдзяленьні кібэрбясьпекі ФСБ, МУС, МА і іншых структураў – фінансуюцца за кошт сваіх структураў.
Прыблізнае фінансаваньне групаў расейскіх хакераў можа складаць каля 100 млн. дал. ЗША за год.
Апроч гэтага, у Расеі функцыянуе разгалінаваная арганізацыя інтэрнэт-троляў – стваральнікі неабходных пастоў ў сацыяльных сетках. Іхныя офісы знаходзяцца ў розных раёнах РФ: пас.Ольгіна (Санкт-Пецярбург), пас.Ябланоўскі (Рэспубліка Адыгея), пас.Перакатны (Рэспубліка Адыгея), пас.Зялёны Горад (Ніжненоўгарадзкая вобл.), г.Белгарад, г.Разань , г.Хабараўск, г.Калінінград і іншыя. Самая вядомая сярод гэтых арганізацыяў – ТАА «Інтэрнэт-дасьледаваньні» (г. Санкт-Пецярбург). Паводле падлікаў, у сярэднім для аплаты працы 3 тыс. апэратараў у сацыяльных сетках ў Расеі неабходна 1800 млн рублёў (32,4 млн. дал. ЗША).
Агулам, на праграмна-кампутарныя і сеткавыя элемэнты ўплыву патрэбныя 132,4 дал. ЗША. за год.
Расейская сыстэма сацыяльнага фармаваньня грамадзкай думкі прадстаўленая Усерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкае думкі (ВЦИОМ), а таксама дасьледчай агенцыяй “Евразийский монитор», сацыялягічнай службай Фонд “Общественное мнение”, аналітычным цэнтрам «Левада-центр» і іншымі суб’ектамі.
Гэтыя структуры складаюць базыс для мадэляваньня неабходнага меркаваньня аўдыторыі праз вынікі сацыяльных дасьледаваньняў.
Ва Украіне дзейнасьць “ВЦИОМ” і ягоных структураў была зафіксаваная падчас падрыхтоўкі да правядзеньня «крымскага рэфэрэндуму» 2014 году і “выбараў” у анэксаваным Крыме.
Для наданьня праўдападобнасьці сацыялягічных апытаньняў супрацоўнікі “ВЦИОМ” прыдумалі і стварылі «падшэфнае падразьдзяленьне» – Крымскі рэспубліканскі інстытут палітычных і сацыялягічных дасьледаваньняў, на які спасылаліся падчас абвяшчэньня вынікаў плебісцыту. А ўлетку 2015 году ў «ЛНР» і «ДНР» практычна адначасова паўсталі два цэнтры сацыялягічных дасьледаваньняў з аднолькавым назовам – «Особый статус», якія таксама «дыктуюць меркаваньне» ў акупаваным рэгіёне.
Дзейнасьць расейскіх суб’ектаў фармаваньня грамадзкае думкі неаднаразова была зафіксаваная і за мяжой падчас публікацыі вынікаў сваіх дасьледаваньняў у мясцовых СМІ.
Прыблізны бюджэт Крамлю на зьдзяйсьненьне «замоўных» сацыялягічных дасьледаваньняў, а таксама на ўтрыманьне створаных падкантрольных структураў на непрызнаных тэрыторыях можа складаць каля 100 млн. дал. за год.
Грамадзка-нацыянальны замежны ўплыў ажыцьцяўляецца галоўным чынам праз Фэдэральную агенцыю ў справах СНД, суайчыньнікаў, якія пражываюць за мяжой – “Россотрудничество”. У ягоным складзе працуюць прадстаўніцтвы ў 80 краінах сьвету.
“Россотрудничество” зьяўляецца падразьдзяленьнем расейскага МЗС. Паводле афіцыйных дадзеных, за 2013 год на замежныя захады «мяккай сілы» было выдаткаванае амаль 330 млн. дал. ЗША. Цалкам магчыма, што выдаткі ў 2014 годзе былі аналягічнымі. Што да 2015 году, то ўрад РФ павялічыў фінансаваньне праэктаў для “Россотрудничества” на прасоўванне расейскай мовы на 2 млрд. рублёў (36 млн. дал. ЗША).
Апроч гэтага, фармаваньне грамадзкага, палітычнага і дзелавога клімату за мяжой ажыцьцяўляецца праз інстытуты грамадзянскай супольнасьці і рэалізуецца праз дзейнасьць урадавых фондаў, якія дзейнічаюць, як грамадзкія арганізацыі. Задача урадавых фондаў – далучэньне замежнай аўдыторыі да расейскай культуры, гісторыі і палітыкі. Асноўнымі зь іх зьяўляюцца:
грамадзкая арганізацыя Фонд «Русский мир» – папулярызацыя гісторыі, мовы і культуры ў розных краінах сьвету. Заснавальнікамі Фонду ад імя Расейскай Фэдэрацыі зьяўляюцца Міністэрства замежных справаў РФ і Міністэрства адукацыі і навукі РФ. Дзейнасьць грамадзкай арганізацыі распаўсюджаная на ўсе эўрапейскія краіны і краіны СНД. Штогадовы бюджэт дзейнасьці Фонду складае – 750 мільёнаў рублёў плюс фінансаваньне інтэрнэт-тэлеканалу і радыёстанцыі «Русский мир» – каля 10 млн. рублёў. (15,2 млн. дал. ЗША).
няўрадавая арганізацыя “Фонд падтрымкі публічнай дыпляматыі імя А.М.Гарчакова” ставіць мэту палепшаньня зьнешнепалітычнага іміджу Расеі. Фонд заснаваны Міністэрствам замежных справаў Расеі. Арганізацыя падтрымлівае СМІ і электронныя інфармацыйныя рэсурсы замежных краінаў, зьдзяйсьняе фінансавую, мэтадычную і арганізацыйную падтрымку замежным расейскім арганізацыям. Фонд Гарчакова падтрымлівае актыўны на сёньня праэкт «Народная дыпляматыя», які разгарнуў сваю дзейнасьць у краінах колішняга савецкага лягеру. Штогадовы бюджэт дзейнасьці Фонду складае 55 млн. руб. (1,1 млн. дал. ЗША).
некамэрцыйная арганізацыя “Расейскі савет у міжнародных справах у сфэры зьнешняй палітыкі і міжнародных зносінаў”. Заснаваная Міністэрствам замежных справаў РФ і Міністэрствам адукацыі і навукі РФ, Расейскай Акадэміяй навук, Расейскім саюзам прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і інфармацыйнай агенцыяй «Интерфакс». Зьяўляецца адным з інструмэнтаў публічнай дыпляматыі і «мяккай сілы» Расеі ў Эўропе і сьвеце. Галоўная задача Савета – фармаваць неабходнае меркаваньне і тэставаць настрой элітаў і грамадзтва ў інтарэсах палітыкі Расеі. Штогадовы бюджэт дзейнасьці Савета складае – прыблізна 5 млн. дал. ЗША.
няўрадавая арганізацыя “Фонд гістарычнай пэрспэктывы” створаны для фінансаваньня Эўрапейскае (Парыж) і Амэрыканскае (Нью-Ёрк) філіяў Інстытута дэмакратыі і супрацоўніцтва. Дзейнасьць інстытуту сканцэнтраваная ў распаўсюдзе расейскіх ідэяў і садзейнічаньні ў правядзеньні зьнешняй палітыкі Расеі ў пытаньнях міжнародных зносінаў, геапалітыкі, гісторыі і мэдыя. Штогадовы бюджэт дзейнасьці Фонду складае – каля 3 млн. дал. ЗША.
Такім чынам, штогадовыя выдаткі Масквы на зьдзяйсьненьне захадаў грамадзка-нацыянальнага замежнага ўплыву складаюць прыблізна 390,3 млн дал. ЗША.
Уплыў на замежную аўдыторыю праз нацыяналістычныя і ўльтрарадыкальныя рухі зьдзяйсьняецца з дапамогай стварэньня каналу камунікацыі Крамлю з кіраўніцтвам асобных эўрапейскіх грамадзка-палітычных арганізацыяў. Гэта «Front National» (Францыя), «UKIP» (Вялікая Брытанія) «BNP» (Вялікая Брытанія) «AfD» (Нямеччына), «Jobbik» (Вугоршчына), «Latvijas Krievu savieniba» (Латвія), «Атака» (Баўгарыя) , «Forza Italia» (Італія) і іншыя. Шмат з гэтых утварэньняў маюць сваіх прадстаўнікоў у нацыянальных і ў Эўрапейскім парлямэнтах. Крэмль фінансуе ня толькі іхную дзейнасьць і перадвыбарчыя кампаніі, але і сродкі масавай інфармацыі (газэты, TV), якія ім належаць.
У гэтую ж катэгорыю, пэўна, можна аднесьці спробы Крамлю распаўсюдзіць за мяжу расейскі байкерскі рух на чале з маскоўскай арганізацыяй «Ночные волки». Іх відавочная мэта – знайсьці за мяжой аднадумцаў і стварыць новыя каналы камунікацыі ў інтарэсах палітыкі Расеі.
Паводле прыблізных падлікаў, такая падтрымка Крамлю абыходзіцца ня менш за 200 млн. дал. ЗША.
***
Такім чынам, для зьдзяйсьненьня інфармацыйнай кампаніі Масква выкарыстоўвае поўны спэктар інструмэнтаў інфармацыйнае вайны – ад вайсковай тэхнікі на Данбасе і да элемэнтаў «мяккага ўплыву» на замежную аўдыторыю.
Агулам, Расейская Фэдэрацыя штогод выдаткоўвае на ажыцьцяўленьне інфармацыйнай кампаніі ня менш за 3,5 млрд. дал. ЗША.
Калі ўлічыць той фактар, што за апошнія тры гады расейская інфармацыйная машына працавала ў максымальным рэжыме, то стае зразумелым, што меў на ўвазе амэрыканскі кангрэсмэн Дэн Майк. Дзевяць мільярдаў даляраў ЗША, пра якія ён казаў, цалкам укладваюцца ў схему выдаткаў Расеі на сваю інфармацыйную вайну.
Інфармацыю пра скарачэньне бюджэту-2016 Расеі на «падтрымку СМІ» сьлед разумець як банальны папулізм, бо калі інфармацыйная машына Крамлю ўжо працуе, то раптоўна спыніць яе немажліва. Апроч гэтага, праграмы Крамлю ў распаўсюджваньні прапаганды не зачыненыя, але прыпыненыя. «З мэтай скарачэньня бюджэту» проста зьмянілі тэрміны іхнага завершаньня.
Вячаслаў Гусараў, экспэрт у інфармацыйнай бясьпецы, ЦВПД, група “ІС”
Крыніца: sprotyv.info
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын
Актыўны распаўсюд у сацсетках вітаецца!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа