26 красавіка 2017 году ў сталіцы акупаванай Абхазіі г. Сухумі ў будынку «Абхазскага дзяржаўнага унівэрсытэта» прайшоў форум на тэму: «Узмацненьне вайсковай прысутнасьці NATO ў Прычарнамор’і. Нацыянальная бясьпека Абхазіі». Адным з удзельнікаў на мерапрыемстве быў памочнік начальніка выведкі 7-й акупацыйнай вайсковай базы ў Абхазіі. Даклад афіцэра выведаддзелу гудаўцкай базы адметны праз тое, што зьмяшчае элемэнты дэзынфармацыі з наўмысным скажэньнем фактаў і прапагандысцкімі клішэ, далёкімі ад рэчаіснасьці. Напрыклад (падаем у арыгінале):
— «Военные учения, проводимые в акватории Черного моря и в Закавказье, носят неприкрыто враждебный характер и рассматриваются США и странами НАТО в качестве одного из способов силового давления на Абхазию»;
— «Основной маршрут переброски боевиков на территорию Северного Кавказа легальным путем проходит через территории Грузии, что дестабилизирует обстановку в Северокавказком регионе РФ»;
— «Заявления руководства США и ряда европейских стран с обвинениями России во вмешательстве во внутренние дела Украины послужили поводом к наращиванию военного присутствия в Черноморской зоне».
У зьвязку з гэтым міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm нагадвае пра канкрэтныя факты, якія сьведчаць пра баявы шлях 7-й расейскай акупацыйнай вайсковай базы, вайскоўцы якой цынічна кажуць пра нібыта варожае ўзмацненьне вайсковай прысутнасьці NATO ў Чорным моры. Узмацненьне групоўкі Паўночнаатлянтычнага альянсу на ўсходніх рубяжах – толькі сьледзтва паўзучай агрэсіі Расеі супроць суседніх дзяржаваў.
7-я акупацыйная вайсковая база (склад, узбраеньне, асаблівасьці)
7-я вайсковая база, в/ч 09332 (Грузія, акупаваная Абхазія, г. Гудаўта), 49-й арміі Паўднёвае вайсковае акругі РФ пачала фармавацца ў 2009 годзе – праз год пасьля расейскага ўварваньня ў Грузію. База сфармаваная на аснове 131-й Майкопской асобнай мотастралковай брыгады, якую падчас спробы штурму г. Грознага ў навагоднія дні 1994-1995 гадоў разьбілі чачэнскія паўстанцы.
Структура акупацыйнага злучэньня ў Абхазіі складаецца з сухапутнага кампанэнту ў выглядзе ўзмоцненай цяжкой брыгады: 4 мотастралковыя батальёны, танкавы батальён, 2 артылерыйскія дывізыёны, рэактыўны дывізыён, рота снайпэраў, рота БЛА, выведвальны батальён, а таксама іншыя асобныя падразьдзяленьні й забесьпячэньне. Асабовы склад злучэньня ўкамплектаваны паводле зьмяшанага прынцыпу жаўнерамі-тэрміноўцамі й кантрактнікамі. Спробы камандаваньня ўкамплектаваць базу выключна вайскоўцамі кантрактнае службы не спраўдзіліся. Гэтак, кантрактнікамі на 100% укамплектаваны толькі адзін мотастралковы батальён, які зьяўляецца ядром батальёна-тактычнае групы, якая прыцягваецца да баявых дзеяньняў супроць Збройных Сілаў Украіны на Данбасе.
Асноўнае ўзбраеньне гудаўцкае базы: каля 50 адзінак танкаў Т-72Б3 (якімі замянілі Т-90), больш за 150 адзінак БТР-82 і БТР-80, 36 адзінак 152-мм САУ «Акацыя», 18 адзінак РСЗВ «Град», а таксама іншае ўзбраеньне й тэхніка. Асноўныя палігоны, якія выкарыстоўваюць акупанты для баявой падрыхтоўкі на мейсцы, – прыморскі Нагвалоў і горны Цэбельда. Падразьдзяленьні 7-й вайсковай базы, у тым ліку мотастралкі, вайсковыя выведнікі й вайскоўцы радыёэлектроннай выведкі, стала служаць побач з адміністрацыйнай мяжой у Гальскім раёне і Кадорскай цясьніне.
Апроч гэтага ў склад вайсковай базы ўваходзяць:
- авіяцыйная камэндатура, якая забясьпечвае пэрыядычныя палёты лятакоў і гэлікоптэраў ПКС ЗС РФ на аэрадром Гудаўта;
- група зэнітна-ракетных дывізыёнаў (уключае сродкі вайсковай СПА – ЗРК «Аса», «Страла-10» і трохдывізыйны зэнітна-ракетны полк ЗРС С-300 (24 пускавыя ўстаноўкі), якія разгорнутыя для баявой варты ў н/п Агудзера і Прыморскае;
- радыётэхнічнае падразьдзяленьне, сродкі варты якога знаходзяцца на тэрыторыі Сухумскага аэрапорту Бабушэра.
7-я акупацыйная вайсковая база ў матар’ялах InformNapalm
Разгледзеўшы структуру, узбраеньне й некаторыя асаблівасьці, характэрныя для 7-й вайсковай базы, мы хочам нагадаць, што в/ч 09332 зьяўляецца ня толькі злучэньнем ЗС РФ, якое акупавала адзін з рэгіёнаў Грузіі, але й адным з самых актыўных фармаваньняў расейскай арміі, якое ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях. Інфармацыя пра баявы шлях вайскоўцаў базы на Данбасе адлюстраваная ў 30 (!) OSINT/HUMINT-расьледаваньнях міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm. Храналёгія:
Улетку – ўвесну 2014 году InformNapalm неаднаразова падаваў інфармацыю пра факты перакідваньня й прысутнасьці падразьдзяленьняў й узбраеньня, у тым ліку ствольнай і рэактыўнай артылерыі 7-й в/базы ў памежных з Украінай раёнах Растоўскае вобласьці (гл. 1, 2, 3). Потым да гэтых фактаў былі дададзеныя новыя бясспрэчныя сведчаньні ўдзелу вайскоўцаў гэтага злучэньня ў вайне на Данбасе, у тым ліку апублікаваная інфармацыя пра артылерыйскія ўдары па тэрыторыі Украіны.
Напачатку 2015 году расейскае выданьне РБК на падставе інфармацыі InformNapalm зьдзейсьніла ўласнае расьледаваньне, у якім пацьвердзіла факт прымусовага прыцягненьня вайскоўцаў 7-й в/базы да баявых дзеяньняў ва Украіне. У гэтым жа годзе мы апублікавалі сьведчаньні працэсу вэрбаваньня ў кантрактнікі для адпраўкі ў баявыя камандыроўкі жаўнераў тэрміновае службы (гл. 4, 5), інфармацыю пра масавае ўзнагароджваньне вайскоўцаў в/ч 09332 у выніку «растоўска-ўкраінскіх камандыровак» (гл. 6, 7). Тады ж быў ідэнтыфікаваны першы кантрактнік гэтай вайсковай базы, прыкамандыраваны да аднаго з бандфармаваньняў так званай «наваросіі».
2016 год стаўся годам групавога апазнаньня вайскоўцаў 7-й вайсковай базы – выведнікаў, артылерыстаў і інш., – якія ў першым этапе расейскае агрэсіі ўдзельнічалі ў неабвешчанай вайне супроць Украіны (гл. 8, 9, 10, 11). Таксама атрымалася выявіць кантрактнікаў гэтай базы, прыкамандыраваных у гэты час у якасьці інструктараў да незаконных збройных фармаваньняў «наваросіі» (гл. 12, 13). У поле зроку патрапілі некалькі афіцэраў 7-й в/базы, якія выкладалі фота ў сацсетках.
У 2017 годзе вайскоўцы 7-й в/базы зноў сталіся крыніцай матар’ялаў, якія сьведчаць пра расейскую вайсковую агрэсію супроць Украіны. У выніку OSINT-расьледаваньняў былі выяўленыя чарговыя вайскоўцы, узнагароджаныя за баявыя дзеяньні на Данбасе, а таксама адсочаны працэс заахвочваньня кантрактнікаў, якія ваявалі ва Украіне і якіх потым залічалі ў элітныя вайсковыя ВНУ. У трыццатым паводле ліку расьледаваньні, у якім фігуруе 7-я расейская база, з 15 сакавіка 2017 году была апублікаваная інфармацыя пра перакідваньне дадатковых ЗРС С-300 у акупаваную Абхазію, што сталася адной з падставаў для скліканьня паседжаньня Рады Бясьпекі Грузіі й шэрагу міжнародных заяваў на знак падтрымкі Грузіі.
Спасылкі на 30 расьледаваньняў
Такім чынам рытарычныя заявы афіцэраў 7-й акупацыйнай вайсковай базы пра небясьпеку NATO ў Чарнаморскім рэгіёне зьяўляюцца цалкам недарэчнымі на фоне шматлікіх фактаў расейскай агрэсіі супроць Украіны й Грузіі. Сёньняшняя Расея – галоўны й адзіны агрэсар – які ёсьць небясьпекай для ўсіх краінаў Чарнаморскага басэйну. Доказам гэтаму ёсьць акупацыя часткі тэрыторыі Грузіі й Украіны.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ на падставе ўласных OSINT/HUMINT-расьледаваньняў міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа