
Сёньня, 29 сакавіка, роўна пяць гадоў ад моманту стварэньня міжнароднай выведвальнай супольнасьці InformNapalm. Менавіта ў ноч на 29 сакавіка быў створаны інфармацыйны сайт нашай супольнасьці.
За гэты час да супольнасьці далучыліся валянтэры з Украіны й Беларусі, Польшчы й Чэхіі, Баўгарыі й Турэччыны, Грузіі й ЗША, Нямеччыны й Францыі і шматлікіх іншых краінаў. Усе мы знаходзімся за тысячы кілямэтраў адзін ад аднаго, размаўляем на розных мовах, маем розныя палітычныя перакананьні, аднак усіх нас яднае моцная прага справядлівасьці, абсалютна выразнае й мэтаскіраванае жаданьне спыніць расейскую агрэсію.
InformNapalm ёсьць унікальнай інфармацыйнай супольнасьцю на тэрыторыі Сярэдняе Эўропы, якая з дапамогаю выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (OSINT) зьбірае дадзеныя пра наўпроставую прысутнасьць і дзеяньні расейскага агрэсара на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Выяўляе й ідэнтыфікуе вайскоўцаў, падразьдзяленьні Збройных сілаў РФ, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях супроць Украіны, Грузіі й Сірыі.
Вынікам плённай 5-гадовай дзейнасьці InformNapalm сталася інтэрактыўная база дадзеных Russian Aggression, апублікаваная ў красавіку 2018 году. У ёй сыстэматызаваныя дадзеныя больш за 1800 OSINT-расьледаваньняў нашае супольнасьці.
Грунтоўная база доказаў утрымлівае факты маштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Украіну, Грузію й Сірыю. Выяўленыя агулам больш за 90 фармаваньняў ЗС РФ, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі супроць Украіны; ля 50 тыпаў сучаснага ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі, якія ЗС РФ выкарыстоўваюць на акупаваных тэрыторыях украінскага Данбасу. Ідэнтыфікаваныя прыблізна 2500 кадравых расейскіх вайскоўцаў і наймітаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях супроць украінскай арміі. Зробленая й пашыраная ў інфармацыйнай прасторы вялікая колькасьць перакладаў нашых матар’ялаў на разнастайныя эўрапейскія мовы, якія валянтэры супольнасьці перакладаюць коштам свайго ўласнага часу, высілкаў і сродкаў.
Вельмі эфэктыўнай і плённай зьяўляецца супраца супольнасьці InformNapalm з Украінскім Кібэральянсам. Дзякуючы сынэргыі абодвух валянтэрскіх арганізацыяў шырокі розгалас набылі дэталі ўзлому носьбітаў інфармацыі апарату памочніка кіраўніка РФ Уладзіслава Суркова; актыўнага зараз у Беларусі намесьніка дырэктара Інстытута краінаў СНД Кірылы Фралова; арганізатара антыўкраінскай кампаніі ў Польшчы Аляксандра Усоўскага, ліквідаванага расейскага тэрарыста Арсенія Паўлава (паз. “Моторола”, рас.), кадравых вайскоўцаў ЗС РФ, прапагандысцкага рэзэрву “Русской Весны” ў Беларусі і шмат іншых.
Мы актыўна пашыралі мажлівасьці стратэгічнай камунікацыі й няпублічнай дыпляматыі. Выступалі на разнастайных міжнародных форумах і канфэрэнцыях што да бясьпекі. Праводзілі прэс-канэфрэнцыі й сустрэчы з журналістамі, экспэртамі й дыпляматамі. Парляманцкай асамблеі NATO і Парляманцкай асамбле Рады Эўропы перададзеныя нашыя справаздачы, прысьвечаныя доказам расейскай ваеннай агрэсіі супроць Украіны і дзейнасьці расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў.
Валянтэры супольнасьці InformNapalm спрыялі выданьню экслюзыўных даведнікаў пра акупаваныя раёны Данбасу і анэксаваны Крым. Кнігі ўтрымліваюць сыстэматызаваныя супольнасьцю доказы ўдзелу Расейскай Фэдэрацыі ў вайне супроць Украіны.
На сёньня InformNapalm – гэта адзін з асноўных рэсурсаў, які супрацьстаіць расейскай інфармацыйнай агрэсіі й эфэктыўна зьдзяйсьняе маштабнае выкрыцьцё й разьвенчваньне мітаў расейскай прапаганды што да няўдзелу РФ у вайне супроць Украіны. Супольнасьць надае грамадзянам Беларусі факталягічныя й вэрыфікаваныя матар’ялы пра ваенную агрэсію РФ у адносінах да сваіх бліжэйшых суседзяў, перадусім Украіны й Грузіі. На працягу ўсяго гэтага часу InformNapalm спрабуе актыўна запабягаць інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыям, якія дзяржава-агрэсар Расейская Фэдэрацыя праводзіць ня толькі з тэрыторыі Беларусі, але й скіроўвае іх непасрэдна супроць беларускай дзяржавы.
Менавіта InformNapalm надае вялікае значэньне, маніторыць і асьвятляе стварэньне наступальнай лініі Збройных сілаў РФ ля мяжы зь Беларусьсю й Украінай. Менавіта нашая супольнасьць першай паведаміла пра фармаваньне за 200 км ад Віцебска й Магілева ўдарных мэханізаваных падразьдзяленьняў расейскай арміі, якія скіраваныя на стратэгічны беларускі напрамак.
Рэдактар беларускае службы InformNapalm Дзяніс Івашын правёў безьліч уласных журналісцкіх расьледаваньняў, прысьвечаных выяўленьню й ідэнтыфікацыі на тэрыторыі Беларусі чальцоў паламілітарных “казачых” фармаваньняў, вайскова-патрыятычных клюбаў РПЦ, патэнцыйных агентаў уплыву Расейскай Фэдэрацыі.
Аўтарам непасрэдна быў выкрыты канал перакідваньня прарасейскіх баявікоў з значным баявым досьведам у Беларусь, а таксама крыніцы матар’яльнага забесьпячэньня баявікоў тэрарыстычнага ўтварэньня “Л/ДНР” зь беларускай тэрыторыі. У выніку дзейнасьць памагатых тэрарыстаў была ў значнай ступені абцяжараная й фактычна спыненая.
Журналісцкія расьледаваньні рэдактара беларускай службы InfomNapalm спрычыніліся пэўным чынам у агульным комплексе дзеяньняў як дзяржавы гэтак і грамадзянскай супольнасьці да запабяганьня расейскім намерам разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі вайсковую авіяцыйную базу.
Беларуская служба InformNapalm зьвярнула ўвагу грамадзянскай супольнасьці на пагрозу насычэньня краіны носьбітамі дэструктыўнай ідэалёгіі «русскаго міра», баявікамі тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР» і іхнымі памагытымі, якія ў якасьці працоўных мігрантаў перасяляюцца ў Беларусь.
Спрыяла апэратыўнаму данясеньню да грамадзтва інфармацыі пра істотныя пагрозы нацыянальнай бясьпецы Беларусі, якія рэактуалізаваліся ў выніку правядзеньня Расеяй агрэсіўнага зьнешнепалітычнага нэаімпэрскага курсу.
Праводзіла прэс-канфэрэнцыі й брыфінгі, супольна з тэлеканалам Белсат надала шырокі розгалас пра інфармацыю што да правядзеньня расейскімі сацыялягічнымі цэнтрамі дасьледаваньняў і маніторынгаў палітычных настрояў насельніцтва Беларусі.
Расскрыла сувязі чальцоў арганізацыі беларускай дыяспары ў Італіі з прадстаўнікамі расейскага тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР», якія супольна правялі прапагандысцкую акцыю «Бессмертный полк» у Нэапалі. Зьвярнулі ўвагу кіраўніцтва Міністэрства замежных справаў Беларусі на недапушчальнасьць падобных інфармацыйна-прапагандысцкіх дывэрсіяў
Непасрэдным чынам спрычынілася да зьмяншэньня апэратыўнага прастору для мажлівага правядзеньня дывэрсійна-тэрарыстычных апэрацыяў расейскімі спэцслужбамі падчас агульнанацыянальнага масавага сьвяткаваньня стогадовага юбілею БНР.
Гэта сталася мажлівым у выніку праведзенай маніторынгавай кампаніі расейскіх мэдыя-рэсурсаў з вызначэньнем наяўнасьці патэнцыйных пагрозаў і апэратыўнага інфармаваньня пра іх беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Разам зь іншымі мы непасрэдна паспрыялі адмове ад паказу на тэлеканале “АНТ” расейскага прагандысцкага фільму “Крым”. Апроч гэтага, прадухілі правядзеньне мерапрыемства ў гарадзенскім драматычным тэатры актыўнага адэпта «русскага міру», памагатага баявікоў незаконных збройных фармаваньняў на тэрыторыі акупаванага Данбасу – Аляксея Нежаўца. Выкрылі, што да падтрымкі культурна-масавай дзейнасьці носьбітаў “русскаго міра” маюць непасрэднае дачыненьне й дзяржаўныя прафсаюзы, якія рэклямуюць іхныя мерапрыемствы на сваіх інфармацыйных рэсурсах.
Беларуская служба InformNapalm у 2018 годзе прымала чынны ўдзел у абароне Курапатаў, якую чытацкая аўдыторыя «Нашай Нівы» й «Радыё Свабода» шляхам галасаваньня прызнала галоўнай падзеяй году. Рэдактар службы Дзяніс Івашын як сябра Варты абароны Курапатаў шматкроць асабіста ўдзельнічаў у абароне нацыянальнай сьвятыні. Выступаў з прамоваю падчас масавага сходу 9 верасьня 2018, за што патрапіў пад судовы перасьлед.
За сваю журналіскую дзейнасьць рэдактар беларускай службы InformNapalm Дзяніс Івашын зазнаваў і іншыя рэпрэсіі. Падчас зьдзяйсьненьня сваіх прафэсійных журналісцкіх абавязкаў што да асьвятленьня пратэстнай акцыі Дня Волі ў Менску ў 2017 годзе ён быў затрыманы байцамі АМАПу й засуджаны да 5 содняў арышту. Прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў з дапамогаю агентаў уплыву РФ у Беларусі зьдзяйсьнялі сачэньне за рэдактарам і праводзілі супраць яго мэтаскіраваныя правакацыі. Падкантрольныя ім інфармацыйныя прапагадысцкія рэсурсы як у Расеі, гэтак і ў Беларусі разгортвалі маштабную кампанію ачарненьня й дыскрэдытацыі. Аднак усе гэтыя спробы былі марнымі й толькі дапамагі выяўляць “засьвечаную” інфальтраваную расейскую агентуру ў Беларусі.
Адной з найбольш рэзанасных і значных для беларускай грамадзянскай супольнасьці інфармацыйных падзеяў сталася публікацыя цыклу журналісцкіх расьледаваньняў Дзяніса Івашына (1, 2, 3), прысьвечаная незаконнаму будаўніцтву ў зоне аховы Курапатаў рестарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем Поедим» (рас., колішні «Бульбашъ-холл»).
Расьледаваньні Дзяніса Івашына апублікавала незалежнае беларускамоўнае рэспубліканскае выданьне «Новы Час», у якім ён зьяўляецца пазаштатным карэспандэнтам. Публікацыі выйшлі ня толькі ў анлайн-вэрсіі, але й былі пашыраныя ў друкаванай вэрсіі на тэрыторыі ўсяе Беларусі. Фігуранты расьледаваньняў ініцыявалі разгляд двух судовых позваў што да абароны іхнае дзелавое рэпутацыі, гонару й гонару. Ва ўсіх судовых працэсах аўтар расьледаваньняў – Дзяніс Івашын – перамог. На судовым узроўні зьдзейсьненае пацьверджаньне й вэрыфікацыя матар’ялаў расьледаваньняў.
Разам з актывістамі Варты абароны Курапатаў створаная База дадзеных транспартных сродкаў удзельнікаў кампаніі дыскрэдытацыі Народнага мэмарыялу Курапаты.
Беларуская служба InformNapalm працягвае актыўную дзейнасьць супольнасьці, будуць праведзеныя новыя гучныя расьледаваньні й апублікаваныя рэзанасныя матар’ялы. Барацьба трывае й для агульнай перамогі патрэбныя яшчэ досыць шмат высілкаў і намаганьняў. 2019 год і наступныя – ключавыя ў абароне сувэрэнітэту й незалежнасьці нашай Беларусі. Мы ўсе бачым, як Расея актывізуе свае намаганьні па паглынаньню нашай краіны пад выглядам так званага Союзного государства. Дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў, належнага супрацьстаяння пагрозам нацыянальнай бясьпекі кожны з вас можа далучыцца да нашай супольнасьці і стаць часткаю каманды InformNapalm. Разам мы здатныя дасягнуць большага. Умацоўваць добрасуседзкія адносіны з нашым надзейным і рэальным саюзьнікам – братняй Украінай. Спрыяць кансалідацыі й росквіту нашай Нацыі, годна й чынна бараніць наш супольны Дом – Беларусь!
Слава Україні! Жыве Беларусь!
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа