Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm выявілі новыя доказы ўдзелу групы вайскоўцаў 15-й асобнай мотастралковай брыгады (АМСБр) ЗС РФ (в/ч 90600, пас. Рошчынскі Волжскага раёну Самарскае вобл.) у баявых дзеяньнях супроць Украіны на Данбасе й ваеннай апэрацыі што да акупацыі Крыма. Вызначаныя дадзеныя 10 вайскоўцаў, якія апроч здымкаў з Данбаса маюць узнагароды за баявыя заслугі: 3 мэдалі «За вайсковую доблесьць» і 4 мэдалі «За вяртаньне Крыма».
Нягледзячы на забароны вышэйшага вайсковага кіраўніцтва Расеі вайскоўцы расейскае арміі працягваюць пакідаць у сацыяльных сетках сьляды сваіх ваенных злачынстваў. Псыхалягічны аспэкт гэтых паводзінаў мы ўжо разглядалі ў папярэдніх матар’ялах. Што да жаўнераў 15-й АМСБр, то яны патрапляюць у сеткі OSINT-дасьледнікаў часьцей за іншых. Расейскія спэцслужбы спрабуюць хаваць крыніцы ўцечкі дадзеных, але гэты працэс надта хаатычны і з дапамогаю назапашанага масыву дадзеных нашае супольнасьці з 2014 году да гэтага часу мы знаходзім зачэпкі для ўсё новых расьледаваньняў.
Раней асноўны акцэнт у нашай працы мы рабілі на ідэнтыфікацыі пэўнага падразьдзяленьня ЗС РФ, тыпаў ўзбраеньня й геаграфіі падзеяў. Зараз мы насычаем базы дадзеных асабістымі зьвесткамі пра вайскоўцаў, якія прымалі ўдзел ва ўварваньні, а таксама былі інтэграваныя ў бандфармаваньні ў якасці ваенных адмыслоўцаў і куратараў.
Паводле нашых назіраньняў у авангардзе расейскіх сілаў ўварваньня ўлетку-ўвосень 2014 году разам з прафэсійнымі злучэньнямі Паўднёвае вайсковае акругі былі дзьве батальённа-тактычныя групы 15-й АМСБр Цэнтральнае вайсковае акругі ЗС РФ, якую таксама называюць «міратворчай». Наяўнасьць гэтых «міратворцаў» было абумоўленае задумай кіраўніцтва Расеі, якое спрабавала падаць вайну на Данбасе як грамадзянскую. Было заплянавае, што адпаведнага моманту яны меліся быць легалізаваныя ў якасьці мэдыятараў-міратворцаў. Украіна пры гэтым была б вымушаная сесьці за стол перамоваў з марыянэткавымі «сэпаратыстамі». Пры гэтым канфлікт быў бы замарожаны на дзесяцігодзьдзі з захаваньнем рычагоў кантролю. Такі прыём Расея выкарыстоўвала ў Грузіі (Цхінвальскі рэгіён або так званая Паўднёвая Асэтыя і Абхазія), а таксама ў Малдове (Прыднястроўе).
«Баявы шлях» 15-й АМСБр
Мы адсачылі «баявы шлях» самарскіх «міратворцаў» і падалі пра гэта інфармацыю ў дзясятках расьледаваньняў (глядзіце сьпіс напрыканцы артыкулу). Маюцца сьведчаньні іхнага ўдзелу ў апэрацыі што да захопу Крыма ўвесну 2014 году. Пасьля гэтага адная з тактычных групаў брыгады «засьвяцілася» у Белгарадзкай і Варонежскай абласьцях з задачай уварваньня на тэрыторыю Украіны ў момант спробы абвяшчэньня «Харкаўскай народнай рэспублікі» і зьяўлення там новага асяродку сэпаратызму. Але праз тое, што праэкт «ХНР» быў правалены, а ўвесь цяжар ваеннага супрацьстаяньня адбываўся на Данбасе, напачатку лета 2014 году самарскіх «міратворцаў» сабралі ў базавым лягеры растоўскае групоўкі сілаў уварваньня. Лягер разгарнулі непасрэдна ля мяжы з Украінаю, у Каменскім раёне Растоўскае вобласьці. Гэта забясьпечвала апэратыўнае выкарыстаньне вайскоўцаў, як на Луганскім, гэтак і на Данецкім напрамку. Жаўнеры брыгады пэрыядычна зьмянялі надпісы «МС» на тэхніцы на сымболіку «наваросіі» і наадварот. Гэты працэс быў адсочаны паводле храналёгіі выкладаньня фатаздымкаў у сацыяльных сетках.
Факты й дадзеныя пра новых фігурантаў
У гэтым расьледаваньні апазнаньне «ветэранаў» Данбаса 15-й АМСБр было заснаванае на падставе аналізу фатаздымкаў і дадзеных з акаўнтаў сацсетак 10 вайскоўцаў гэтага злучэньня. Асноўная ідэнтыфікацыя зьдзейсьненая паводле здымку 2014 году з фотаальбому кантрактніка 15-й АМСБр Аляксея Казлова (гл. 1, 2). Нагадаем, што камандыр аддзяленьня Казлоў «засьвяціўся» на Данбасе двойчы. Другога разу – ў 2015 годзе ўжо ў ролі баявіка «ДНР».
У выніку вывучэньня групавога фатаздымку з Казловым і аналізу профільных дадзеных былі апазнаныя новыя ваенныя злачынцы расейскае арміі.
Пайменны сьпіс
1. Сяргей Сасьнін
Родам з г. Ачор Пермскага краю. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у 2010-2011 гадох у ПДВ ЗС РФ. З 2014 году кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). Сасьнін быў апазнаны ў групавым фатаздымку з Казловым. Нягледзячы на тое, што гэты фігурант досыць асьцярожна паводзіць сябе ў сацсетях, у ягоным фотаальбоме мы выявілі здымак (дата публікацыі 18 верасьня 2014 г.), у якім ён зафіксаваны на борце бронетранспартэру БТР-82 з зафарбаванымі бартавымі й тактычнымі знакамі. Таксама ў фота патрапілі й іншыя вайскоўцы, якія ваявалі на Данбасе. Кідаецца ў вочы нестатутная форма адзеньня – маскаваньне пад «апалчэньне». Былі таксама апазнаныя фігуранты №2 Кліменці Ляжнёў і №3 Аляксей Веске.
2. Кліменці Ляжнёў
Нарадзіўся 1 сьнежня 1992 г. у г. Воткінск, Удмуртыя. З 2014 году – кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках “VK” №1 (архівы профілю, кантактаў), №2 – неактыўны з 2015 году, акаўнт №3 неактыўны з 2016 году. У адным з фотаальбомаў Ляжнёва выяўлены фатаздымак, зроблены на тле калёны бронетэхнікі (выкладзены 6 студзеня 2015 г.). Паводле зафарбаванага бартавога апазнавальнага знаку й нестатутнае формы адзеньня можна сьцьвярджаць, што гэты здымак зроблены падчас ягонай «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі» 2014 году. У фота былі апазнаныя фігурнаты №3 Аляксей Веске і №4 Міхаіл Ташнікаў.
3. Аляксей Веске
Нарадзіўся 2 траўня 1992 г. у пгт. Апарына Кіраўскае вобл. З 2012 году – кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). Сярод ягоных фатаздымкаў выяўленае фота (выкладзенае 27 красавіка 2014 г.) з мэдалём «За вяртаньне Крыма». Сярод іншых здымкаў маюцца фота зь верасня 2014 году з базавага лягеру «міратворцаў» у памежным з Украінаю Каменскім раёне Растоўскае вобласьці і зь лягеру, меркавана, на тэрыторыі Данбаса.
4. Міхаіл Ташкінаў
Родам зь вёскі Ялога Юрлінскага раёну Пермскага краю. Станам на 2014 год кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках “VK” №1 (архіў профілю), старонка неактыўная з чэрвеня 2014 году, №2 (архіў профілю), старонка неактыўная з чэрвеня 2014 году.
5. Пятро Трубін / Made Inrussia
Станам на 2014 год кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). У фотаальбоме Трубіна маюцца фатаздымкі, выкладзеныя ў 2015-2017 гадох. У іх адлюстраваная ягоная «растоўска-ўкраінская камандыроўка» 2014 году. Трубін захоўвае фатаздымкі з базавага лягеру «міратворцаў» у Каменскім раёне Растоўскае вобласьці, таксама фота мэдалю «За вайсковую доблесьць» II ступені з узнагародным пасьведчаньнем (загад МА РФ №178 з 24 сакавіка 2015 г.).
6. Сяргей Андрэеў
Нарадзіўся 19 кастрычніка 1991 г. у г. Кунгур Пермскага краю. Станам на 2014 год кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “ОК” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). У фотаальбомах Андрэева маюцца фатаздымкі, выкладзеныя ў 2015 годзе, у якіх таксама адлюстраваная «растоўска-ўкраінская камандыроўка» 2014 году, у тым ліку супольнае фота з Аляксеем Казловым. Маюцца здымкі й з узнагародамі: мэдалю «За вяртаньне Крыма» (загад МА РФ №219 з 17 красавiка 2014 г.) і мэдалю «За вайсковую доблесьць» II ступені з узнагародным пасьведчаньнем (загад МА РФ №178 з 24 сакавіка 2015 г.).
7. Уладзімер Прохараў
Нарадзіўся 20 сакавіка 1981 г. у г. Кісялёўск Кемераўскае вобл. Станам на 2014 год кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках: “VK” №1 (архіў профілю), №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “ОК” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). Прохараў апазнаны ў супольным фатаздымку з Аляксеем Казловым. Апроч гэтага Прохараў захоўвае ў фотаальбоме аднаго з сваіх акаўнтаў фатаздымкі з гэтай жа сэрыі, выкладзеныя напрыканцы 2014 году. У адным зь іх пералічаныя нават «дзейныя асобы», з дапамогаю гэтага мы пераверылі фігурантаў і выявілі некалькіх неапазнаных раней вайскоўцаў: Сяргей Андрэеў (фігурант №6 з актыўнай спасылкай на ягоны профіль), «Гафур, эт Я» (У. Прохараў), Селіман (фігурант №7 Селіманаў), Казлоў (крыніца і «ініцыятар» гэтага расьледаваньня), Сасна (фігурант №1 Сасьнін), Тарлан, Макс, Пятручча (фігурант №5 Трубін), Шабалін (фігурант №9 Шабалін) і Хома.
8. Яўген Селіманаў
Нарадзіўся 18 студзеня 1995 г. у г. Пенза. Станам на 2014 год кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “ОK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). У фотаальбомах захоўвае фота мэдалю «За вяртаньне Крыма» (выкладзенае ў красавіку 2014 году). Выяўленыя таксама фатаздымкі, у якіх адлюстраваная «ўкраінская камандыроўка» 2014 году (выкладзеныя ў сьнежні 2014 году), у тым ліку супольнае фота, якое захоўвае і Аляксей Казлоў. Таксама мае некалькі фота абсталяваных баявых пазыцыяў, зробленых, меркавана, на Данбасе.
9. Рыгор Шабалін
Нарадзіўся 12 чэрвеня 1988 г. у пас. Кобра Нагорского раёну, Кіраўскае вобл. Станам на 2014 год кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках: “ОК” (архівы профілю, кантактаў). Апазнаны ў групавым фота з Аляксеем Казловым, таксама згаданы ў камэнтары фігурантам №7 Прохаравым.
10. Антон Сьлезін
Нарадзіўся 21 лютага 1990 г. у г. Каменск-Уральскі Свярдлоўскае вобл. Станам на 2014 год кантрактнік 15-й АМСБр.
У сацсетках: “VK” №1 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), №2 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), акаўнт неактыўны з 2015 году, №3 (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), акаўнт неактыўны з 2015 году, “OK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў). Апазнаны ў фатаздымку з 2014 году, зробленага на тле БТР з надпісам «ЛНР», гэты ж фатаздымак захоўвае ў сваім фотаальбоме. Таксама сярод фота Сьлезіна выяўлены здымак мэдалю «За вяртаньне Крыма» і мэдалю «За вайсковую доблесьць» II ступені з узнагародным пасьведчаньнем (загад МА РФ №178 з 24 сакавіка 2015 г.).
Высновы
Пададзеная ў расьледаваньні інфармацыя пра 10 ваенных злачынцаў з 15-й АМСБр ЗС РФ – гэта толькі малая частка апазнаных «міратворцаў». Раней InformNapalm ідэнтыфікаваў яшчэ 15 вайскоўцаў гэтага злучэньня, што сьведчыць пра маштабы прыцягненьня жаўнераў брыгады да выкананьня баявых задачаў супроць Украіны. Практычна кожны дзясяты зь ліку тых, хто ваяваў на Данбасе, патрапляе ў аб’ектыў OSINT-дасьледнікаў. Але паводле правілу «5-ці поціскаў рукі» можна адсачыць усіх, хто ўдзельнічаў у агрэсіі, з дапамогаю застасаваньня апроч выведкі адкрытых крыніцаў іншыя спосабы збору інфармацыі. Праца ў гэтым накірунку працягваецца й ейная эфэктыўнасьць не зьмяншаецца, нягледзячы на спробы вайсковага кіраўніцтва Расеі зрабіць больш жорсткім кантроль над уцечкай інфармацыі ў сацыяльных сетках.
Чытайце таксама тэматычныя матар’ялы што да выяўленьня вайскоўцаў 15-й АМСБр ЗС РФ:
- 15-я АМСБр “Міратворчых сілаў” на мяжы з Украінаю
- Вяртаньне да вытокаў. Як расейскія войскі з байцоў “ДНР/ЛНР” зноў ператвараюцца на міратворцаў
- Вяртаньне да вытокаў-2. Чарговае сьведчаньне пераўвасабленьня расейскіх вайскоўцаў з баявікоў “ДНР/ЛНР” на “міратворцаў”
- Спачуваюць “міратворцы” з 15-й брыгады
- Падразьдзяленьне 15-й самарскай “міратворчай” брыгады ў Мілерава
- Расейскі кантрактнік 15-й АМСБр зафіксаваны ў Краснадоне
- Мімікрыя 15-й АМСБр ЗС РФ пад «шахтароў Данбаса»
- Вайсковыя злачынцы 15-й «міратворчай» брыгады. Зь нявыдадзенага
- РФ выкарыстоўвае на Данбасе вайскоўцаў 15-й АМСБр Міратворчых Сілаў
- Камандыр аддзяленьня Казлоў ваяваў ва Украіне
- Груз 200: кантрактнік 15-й АМСБр ЗС РФ ліквідаваны ў Данецкай вобласьці. Ідэнтыфікацыя (фота, відэа 18+)
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm. Графіка Alex Alexidze.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа