Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm з дапамогаю выведкі адкрытых крыніцаў (OSINT) выявіла й ідэнтыфікавала на гэты момант больш за 1000 кадравых жаўнераў і афіцэраў Збройных Сілаў Расейскае Фэдэрацыі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіі супроць Украіны на Данбасе і выконвалі злачынныя загады свайго вайскова-палітычнага кіраўніцтва.
Паўстае натуральнае пытаньне: чаму ж большасьць расейскіх афіцэраў без пярэчаньня выконвае злачынныя загады камандаваньня РФ? Адказ на яго мы нечакана знайшлі ў біяграфіях з крымінальным мінулым камандыраў найбольш ваяўнічых падразьдзяленьняў расейскае арміі. У гэтым расьледаваньні разгледзім біяграфіі 5 апошніх камандыраў 15-й асобнай мотастралковай “міратворчай” брыгады (АМСБр) ЗС РФ (в/ч 90600, пас. Рошчынскі Волжскага раёну Самарскае вобл., ЦВА), якія камандавалі гэтым злучэньнем з 2010 году па цяперашні час. Дзясяткі вайскоўцаў гэтае брыгады мы зафіксавалі падчас расьледаваньняў як удзельнікаў баявых дзеяньняў на Данбасе.
«Выконваць злачынныя загады лягчэй, калі за плячыма крымінальнае мінулае»
Палкоўнік Герасімаў
Пачнем агляд з палкоўніка Віталя Герасімава, які камандаваў 15-й АМСБр з кастрычніка 2013 па кастрычнік 2014 году. Менавіта ў 2014 годзе адбывалася актыўная фаза ўварваньня расейскіх падразьдзяленьняў у Крым і на ўкраінскі Данбас.
Нарадзіўся 9 ліпеня 1977 г. у г. Казань. У 1999 годзе скончыў Казанскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню, у 2007 годзе – агульнавайсковую акадэмію Збройных Сілаў РФ. Праходзіў службу ў Паўночна-Каўказскай, Далёкаўсходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай вайсковай акругах, прайшоў усе камандныя пасады ад камандыра ўзводу да начальніка штаба брыгады ў Кемераве.
Адное з першых паведамленьняў пра прызначэньне Герасімава на пасаду камбрыга датаванае 21 кастрычніка 2013 году. Ягонае ж прозьвішча фігуруе падчас інспэкцыйнай паездкі міністра абароны РФ Сяргея Шайгу ў Самару напачатку жніўня 2014 году.
Заўвага: Паводле дадзеных некаторых крыніцаў, пераведзены ў Самару з Кемераўскае вобласьці ветэран чачэнскае вайны палкоўнік Герасімаў, мажліва, ня проста цёзка, але й сваяк начальніка Генэральнага штабу Збройных Сілаў РФ, першага намесьніка міністра абароны РФ генэрал-палкоўніка Валерыя Герасімава.
Падчас службы палкоўніка Герасімава на пасадзе камандыра брыгады расейскія крыніцы ў лютым 2014 году паведамлялі пра затрыманьне падпалкоўніка 15-й АМСБр, які падазраваўся ў забойстве вайскоўца кантрактнае службы.
Характэрна, што вытрымка з афіцыйнага рэлізу МА РФ, агучанага на фоне візыту Сяргея Шайгу ў Самару ў жніўні 2014 году, ускосна сьведчыць пра ўдзел падразьдзяленьняў у збройным канфлікце. Асноўныя сілы брыгады былі перакінутыя ў Растоўскую вобласьць і камбрыг адрапартаваў пра значны выдатак боепрыпасаў і маршы на адлегласьці агулам больш за 2000 кілямэтраў (падаем у арыгінале):
«Командир бригады полковник Виталий Герасимов сообщил (прим. министру Шойгу), что расход боеприпасов на стрельбах в этом году в среднем вырос примерно в пять раз. Комбриг особо отметил подготовку механиков-водителей боевых машин, каждый из которых в этом (прим. 2014) году уже преодолел более 2000 км».
Палкоўнік Кіндзееў
Камандаваў 15-й АМСБр ў 2010 годзе да пачатку вайны супроць Украіны. Ветэран постсавецкіх лякальных канфліктаў, засуджаны за вымаганьні з падначаленых.
Паводле дадзеных расейскіх крыніцаў у 2012 годзе палкоўнік Кіндзееў быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі. Яны паведамлялі пра тое, што Кіндзееў усталяваў уласны парадак у даручанай яму частцы – вайскоўцы, якія атрымлівалі прэміі, абавязаныя былі “дзяліцца” з камандырам і ягоным намесьнікам. Дзякуючы гэтай «падпрацоўцы», камбрыг набыў дзьве кватэры ў Самары, а на банкаўскім рахунку ягонае жонкі сьледзтва выявіла 100 тысячаў даляраў ЗША. Падчас свайго апошняга слову прысуджаны палкоўнік Кіндзееў заявіў (цытуем): «Я не виноват, указания я не давал, деньги я не получал. Все это надуманно, вранье и ложь. Это сговор Алимагомедова со следствием. И мы это докажем».
Помста ФСБ за Беслан?
Падобныя карупцыйныя схемы ў расейскай арміі ня новыя (гл. 1, 2, 3), але камандыры частак і злучэньняў, якія ўдзельнічаюць у карупцыйных схемах, застаюцца на сваіх пасадах. Аднак кавалер «Ордэну Мужнасьці», мэдалю «За адвагу», мэдалю «За заслугі перад Айчынай» II ступені і ўладальнік узнагароднага гадзініку ад прэзыдэнта РФ стаўся фігурантам сьледзтва. Гэта цалкам можа быць зьвязанае з тым, што Кіндзееў зьяўляецца крыніцаю скандальнае заявы: «Танки обстреляли бесланскую школу по приказу офицера ФСБ». Паводле інфармацыі СМІ палкоўнік Кіндзееў падчас камандаваньня в/ч 66431 (693-і МСП колішняй 19-й МСД, Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя) Паўднёвае вайсковае акругі загадаў выправіць у Беслан тры танкі Т-72. Паводле ягоных словаў стральба пачалася пасьля перадачы танкаў у падпарадкаваньне ФСБ. Усяго па школе было зробленае сем стрэлаў. На думку сьведкі, гэта пагражала жыцьцю закладнікоў.
Заўвага: У выніку Бесланскае трагедыі загінулі 314 чалавек зь ліку закладнікоў, зь іх 186 дзяцей. Усяго, разам з сілавікамі, загінулі 333 чалавекі. Праз 13 гадоў у гэтай правальнай апэрацыі ў вызваленьні закладнікоў дагэтуль застаецца шмат загадак.
Палкоўнік Сьцепанішчаў
Паводле дадзеных адкрытых крыніцаў, камандаваў 15-й АМСБр з 2011 да кастрычніка 2013 году, затым быў пераведзены на пасаду камандыра 23-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 65349), якая на той час дысьлякавалася ў Самарскай вобласці ЦВА.
23-я АМСБр ЗС РФ неаднойчы фігуравала ў матар’ялах InformNapalm у зьвязку з перакідваньнем у Растоўскую вобласьць і ўварваньнем у 2014 годзе ва Украіну (гл. 1, 2). Таксама вядомыя факты пра прыкамандыраваньне вайскоўцаў гэтага злучэньня да бандфармаваньняў на Данбас. Бронетэхніка гэтае брыгады была зафіксаваная ва ўзбраеньні баявікоў тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР».
У лютым-сакавіку 2015 году InformNapalm апублікаваў дадзеныя пра перакідваньне падразьдзяленьняў 23-й брыгады ў Белгарадзкую вобласьць (гл. 1, 2, 3), а ў студзені 2016 году раскрыў новае мейсца дысьлякацыі гэтага злучэньня ў н.п. Валуйкі, Белгарадзкае вобласьці. Расейскія крыніцы пацьвердзілі нашыя дадзеныя толькі бліжэй да лета 2016 году.
Пра біяграфію Канстантына Сьцепанішчава маецца няшмат зьвестак. Нарадзіўся ў 1975 г. У 2005-2006 гадох служыў на пасадзе начальніка штабу 81-га МСП у Самары. Затое ў Сеціве захоўваецца шмат інфармацыі пра «луганскія прыгоды» палкоўніка Сьцепанішчава з пазыўным «Алмаз» напачатку лютага 2015 году, які паводле некаторых непацьверджаных дадзеных пасьля камандыроўкі на Данбас застаўся бяз ног. «Украінская камандыроўка» палкоўніка неўзабаве была кампэнсаваная ўказам прэзыдэнта РФ зь сьнежня 2015 году, на падставе якога Сьцепанішчаў быў уганараваны званьнем генэрал-маёру. У генэральскім рангу камандыр перадысьлякаванае ў Белгарадзкую вобласьць брыгады Сьцепанішчаў афіцыйна зьявіўся толькі ў чэрвені 2016 году – падчас адкрыцьця вайскова-палявых збораў кадэтаў і ўрачыстасьці з нагоды 77-й гадавіны стварэньня 23-й брыгады, пасьля чаго ягонае імя ў адкрытых крыніцах больш ніколі ня згадвалася.
Палкоўнік Захараў
Паводле інфармацыі СМІ, палкоўнік Мікалай Захараў быў прызначаны на пасаду камандыра 15-й асобнай мотастралковай “міратворчай” брыгады ЦВА 22 кастрычніка 2014 году.
Біяграфія Мікалая Захарава пададзеная досыць падрабязна й гэтаму ёсць свае тлумачэньне. Нарадзіўся ў 1965 г. у Курганскай вобл. У 1989 г. скончыў Чалябінскую танкавую вучэльню. Прайшоў шлях ад камандыра ўзводу да камандыра палку. Удзельнік баявых дзеяньняў, узнагароджаны ордэнамі «Мужнасці» і «За ваенныя заслугі». У 2002 годзе скончыў Вайсковую акадэмію імя Фрунзе. У 2009-2011 гадох займаў пасаду ваенкама Чалябінскае вобласці. Пасьля тры гады працаваў намесьнікам начальніка інкасацыі чалябінскага падразьдзяленьня “Сбербанка”.
Палкоўнік Захараў ня толькі самы вядомы ваенкам Рунэту, герой мемаў-эдвайсаў , зьвязаных з рэкрутамі, але й службовая асоба, якую зьвязваюць з скандалам фэдэральнага ўзроўню пра разгалошваньне падчас прэс-канфэрэнцыі ў 2011 годзе закрытай інфармацыі пра тое, што, маўляў, «каўказцаў у войска не бяруць », што і спрычынілася да ягонае адстаўкі й звальненьня з вайсковае службы. Пасьля трохгадовай паўзы ў вайсковай кар’еры й працы куратарам інкасатараў, у траўні 2014 году Захараў паноўна стае ваенкамам. Праз 5 месяцаў, у кастрычніку 2014 году, яго прызначаюць на пасаду камандыра элітнага баявога злучэньня – 15-й АМСБр.
Заўвага: пра крымінальную праблему арміі Расеі, зьвязаную з дзедаўшчынай і дамінаваньнем зямляцтваў InformNapalm падаваў інфармацыю яшчэ ў сакавіку – красавіку 2014 году.
Характэрна, што большасьць узнагародных пасьведчаньняў да мэдалёў, выдадзеных вайскоўцам 15-й АМСБр за ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе на падставе загаду Міністра абароны РФ Сяргея Шайгу паводле загадаў з 2014 і 2015 году, падпісаныя камандырам вайсковай часткі 90600 палкоўнікам М. Захаравым. Аднак доўга на пасадзе камбрыга Захараў не пратрымаўся, з 2016 году на гэтай пасадзе ўжо быў іншы палкоўнік – Аўдзееў.
Палкоўнік Аўдзееў
Камандыр 15-й АМСБр з 2016 году. З крымінальнага мінулага палкоўніка Аляксея Аўдзеева вядомае тое, што ён сьвядома прыкрываў забойцу свайго падначаленага. Дадзеныя пра яго фігуруюць толькі ў некалькіх паведамленьнях – ў інфармацыйнай даведцы пра Рошчынскі гарнізон і паведамленьнях СМІ, а таксама ў відэа (хранамэтраж 32:40-33:10 хв.), у якіх зафіксаваны парад 9 траўня ў Самары.
Дзейны камандыр 15-й брыгады А.В. Аўдзееў, меркавана, той жа афіцэр, які ў 2010-2014 гадох служыў на пасадзе начальніка штабу 102-й расейскай вайсковай базы ў Арменіі (в/ч 04436, г. Гюмры і г. Ерэван). Менавіта палкоўнік А. Аўдзееў 9 траўня 2014 году камандаваў расейска-армянскім вайсковым парадам ў г. Гюмры (відэа).
Афіцэр з такім жа прозьвішчам і імем фігуруе ў двух судовых разглядах – гарнізоннага суду г. Ерэван (Арменія) з 2014 году й гарнізоннага суду г. Самара з 2016 году. Таксама ў сацсетках маецца зварот групы вайскоўцаў 15-й АМСБр да камбрыга Аўдзеева, агучаны ў групе «Подслушано Рощинский[2]» (рас.) 1 ліпеня 2017 году, якія скардзяцца на тое, што іх кінулі ў Таджыкістане.
Але найбольш характэрным зьяўляецца факт з ДТЗ, у якім праз маёра з суседняй часткі таго ж гарнізону загінуў кантрактнік 15-й АМСБр. Палкоўнік Аўдзееў ў змове зь іншымі службовымі асобамі паспрабаваў схаваць дэталі здарэньня, зрабіць вінаватымі сваіх падначаленых і апраўдаць вінаватага афіцэра
У Сеціве мы знайшлі адкрыты ліст прэзыдэнту РФ ад вайскоўцаў кантрактнае службы 4-й роты 2-га батальёну в/ч 90600 (15-я АМСБр), апублікаваны 26 кастрычніка ў рубрыцы «Шайгу» на сайце ForPresident.ru. У пазначаным лісьце кантрактнікі 15-й АМСБр просяць высьвятліць усе абставіны й пакараць вінаватага й тых, хто спрабуе схаваць гэтае злачынства, якое адбылося ўвесну 2016 году ля іхнай вайсковай часткі. З запісаў вядома, што 9 сакавіка 2016 году кіроўца аўтамабілю «Мazda СХ-5» маёр Усаў, які праходзіць службу ў гэтым жа гарнізоне, у в/ч 59292 (91-я брыгада кіраваньня), у стане алькагольнага ап’яненьня зьбіў чацьвярых кантрактнікаў 15-й АМСБр.
Адзін з пацярпелых, 22-гадовы яфрэйтар Негін (фота з акаўнту ў сацсеціве “ОК”) памёр у выніку зазнаных траўмаў. Паводле сьведчаньняў іншых пацярпелых маёр Усаў, каб пазьбягнуць крымінальнае пакараньне за ўчыненае, да прыезду супрацоўнікаў ДПС зьдзейсьніў на іх псыхалягічны ціск, прымусіў кантрактнікаў ілжэсьведчыць і казаць, што за стырном аўтамабіля сядзела нібыта жанчына – жонка Усава. Спалоханыя пацярпелыя далі несапраўдныя сьведчаньні. Пасьля здарэньня камандыр 2-га батальёну в/ч 90600 маёр Марушкін мінулай датай аформіў «журнал уліку вайскоўцаў, што знаходзяцца ў звальненьні», у якім пазначыў чацьвярых вайскоўцаў у статусе «ў звальненьні», хаця на момант ДТЗ яны фактычна былі на службе й вярталіся ў дысьлякацыю падразьдзяленьня з палігону.
Таксама камандыр в/ч 90600 палкоўнік Аўдзееў А.В. і камандыр в/ч 52292 дамовіліся пра ўтойваньне абставінаў здарэньня. Палкоўнік Аўдзеев А.В. і начальнік штабу в/ч 90600 падпалкоўнік Колчын У.І. ушчалі ціск на пацярпелых і сьведак. Паводле дамоўленасьці паміж палкоўнікам Аўдзеевым А.В. і начальнікам вайсковага шпіталю п.г.т. Рошчынскі быў падроблены вынік аналізу крыві загінулага яфрэйтара Негіна што да ўтрыманьня алькаголю.
Як зазначылі рэгіянальныя расейскія СМІ, справядлівасьць «часткова перамагла». У выніку расьледаваньня ДТЗ у красавіку 2017 году маёр Усаў быў прысуджаны да 2 гадоў калёніі-пасяленьня й да 2 гадоў пазбаўленьня права кіраваньня аўтамабілем. Апроч гэтага да выплаты родным загінулага 300 тысячаў рублёў, хаця падчас сьледзтва віну за сьмерць жаўнера падчас ДТЗ на сябе спрабавала ўзяць ягоная жонка.
Паводле дадзеных зь лютага 2017 году муж і жонка спрабавалі ціснуць на сведак, намагаліся падкупіць іх і прымусіць даць сьведчаньні пра тое, што за стырном у момант ДТЗ знаходзілася менавіта жанчына. Аўдзееў, нягледзячы на службовыя злачынствы, працягвае знаходзіцца на пасадзе камандыра 15-й АМСБр.
Чытайце таксама тэматычныя матар’ялы што да выяўленьня й ідэнтыфікацыі вайскоўцаў 15-й АМСБр ЗС РФ на Дабасе:
- 15-я АМСБр “Міратворчых сілаў” на мяжы з Украінаю
- Вяртаньне да вытокаў. Як расейскія войскі з байцоў “ДНР/ЛНР” зноў ператвараюцца на міратворцаў
- Вяртаньне да вытокаў-2. Чарговае сьведчаньне пераўвасабленьня расейскіх вайскоўцаў з баявікоў “ДНР/ЛНР” на “міратворцаў”
- Спачуваюць “міратворцы” з 15-й брыгады
- Падразьдзяленьне 15-й самарскай “міратворчай” брыгады ў Мілерава
- Расейскі кантрактнік 15-й АМСБр зафіксаваны ў Краснадоне
- Мімікрыя 15-й АМСБр ЗС РФ пад «шахтароў Данбаса»
- Вайсковыя злачынцы 15-й «міратворчай» брыгады. Зь нявыдадзенага
- РФ выкарыстоўвае на Данбасе вайскоўцаў 15-й АМСБр Міратворчых Сілаў
- Камандыр аддзяленьня Казлоў ваяваў ва Украіне
- Груз 200: кантрактнік 15-й АМСБр ЗС РФ ліквідаваны ў Данецкай вобласьці. Ідэнтыфікацыя (фота, відэа 18+)
- Вызначаныя 10 вайскоўцаў з 15-й АМСБр ЗС РФ. Удзельнічалі ў захопе Крыма й уварваньні на Данбас (Інфаграфіка)
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа