
Пасьля ўзарванага расейскага лятака над Сінаем і тэракту ў Парыжы, усё гучней загаварылі пра непазьбежнасьць сухапутнае апэрацыі расейскае арміі ў Сірыі. І хаця афіцыйныя расейскія ўлады пакуль не вырашаюцца пра гэта заявіць, але на сірыйскай мапе фіксуюцца ўсё новыя і новыя падразьдзяленьні ЗС РФ. Узмацненьне расейскае групоўкі ў Сірыі можна прасачыць і на падставе адкрытых крыніцаў: паводле трафіку расейскіх караблёў, якія йдуць праз Басфор, і паводле зьменаў у складзе расейскага флёту.
Напачатку верасьня 2015 году актывісты міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm ужо праводзілі аналіз перасоўваньняў расейскіх караблёў і выказалі здагадку, што расейцы рыхтуюць вайсковую апэрацыю ў Сірыі. У выніку акурат праз два тыдні пасьля нашага артыкулу, адразу пасьля выступу Пуціна ў Радзе Бясьпекі ААН, вайсковая апэрацыя ў Сірыі пачалася.
Зараз InformNapalm, абапіраючыся на аналіз інфармацыі, атрыманай падчас выведкі адкрытых крыніцаў і асабістых дадзеных з профіляў расейскіх вайскоўцаў, прадэманструе мейсцы ідэнтыфікацыі падразьдзяленьняў неафіцыйнай сухапутнай складовай вайсковай апэрацыі РФ у Сірыі. Таксама будзе зьдзейсьнены аналіз павялічэньня марскога трафіку і названыя судны, задзейнічаныя ў перакідваньні ўзбраеньня і тэхнікі для патрэбаў як паветранай, гэтак і наземнай апэрацыі. Большасьць гэтых дадзеных адлюстраваныя ў інфаграфіцы, дзякуючы руплівай працы праэкту Visuals.
Сірыйскі экспрэс у разгары
Сёньня, праз два месяцы пасьля старту сірыйскае кампаніі, можна зрабіць наступную здагадку – Расея ўжо даўно пачала наземную апэрацыю ў Сірыі, але пакуль афіцыйна пра гэта не заяўляе.
За няпоўныя два месяцы расейскія караблі зьдзейсьнілі прыблізна 50 праходаў праз Басфор. У параўнаньні з пачаткам году назіраецца больш чымся двухразовае павялічэньне штомесячнага трафіку.
Як і раней, амаль 70% (33 з 49) усіх праходаў зьдзейсьнілі вялікія дэсантныя караблі (ВДК).
З пачаткам апэрацыі ў Сірыі зафіксаваныя 17 «рэйсаў» у Тартус на ВДК. Як і раней, найбольш актыўнымі ў «сірыйскім трафіку» зьяўляюцца ВДК ЧФ РФ:
- Чарнаморскі флёт: «Цэзар Кунікаў» (3 рэйсы ў Сірыю), «Мікалай Фільчанкаў» (2), «Саратаў» (2), «Азоў» (2), «Ямал» (2), «Навачаркаск» (1)
- Балтыйскі флёт: «Каралёў» (3)
- Паўночны флёт: «Аляксандар Атракоўскі» (2)
Прыблізная колькасьць рэйсаў ВДК у Сірыю за апошнія гады:
2013 – 29 рэйсаў, 2014 – 46 рэйсаў, за 11 месяцаў 2015 году – 66 рэйсаў. Верагодна, да канца году гэтая лічба яшчэ павялічыцца.
Цікава, што за апошнія тры гады стандартная хуткасьць праходу Басфора (туды-назад) складала 10-11 дзён, аднак за апошнія два месяцы большасьць рэйсаў ВДК доўжацца 8-9 дзён. Мабыць, была павялічаная хуткасьць пагрузкі-разгрузкі і зьменшаны час знаходжаньня ў порце.
Зазначым, што пасьля паўгадавога рамонту да паставак вярнуўся ВДК «Ямал», які за два тыдні зрабіў адразу два рэйсы.
Актыўна ходзіць у маршруце Наварасійск-Тартус ВДК Паўночнага флёту «Аляксандар Атракоўскі», які з камандай ужо напрацягу году ня можа вярнуцца ў родны Севераморск.
Апроч вайсковых суднаў/караблёў, для паставак у Сірыю актыўна прыцягваюць дапаможныя судны ВМФ РФ.
Гэтак, у Чорнае мора прыбыў вялікі марскі сухагрузны транспарт (ВМСТ) «Яўза», які з 2008 году знаходзіўся ў рамонце на заводзе «Нерпа» (Мурманская вобласьць). Толькі ў траўні 2015 судна было перададзенае ў ВМФ для арктычнай групоўкі. Аднак ужо ў верасьні «грузапасажырскае судна лядовае клясы» было далучанае да «сірыйскіх паставак» і пасьпела зрабіць ужо два рэйсы.
Яшчэ адзін цікавы факт. Зь Керчанскае пераправы на сірыйскі напрамак быў перакінуты грузавы паром «Аляксандар Ткачэнка», на палубе якога падчас праходжаньня праз Басфор былі зафіксаваныя тэнтаваныя вайсковыя Уралы і людзі ў камуфляжы. Мабыць, дастаўка тавараў і турыстаў у Крым цяпер ня гэтак актуальная, як лёс Башара Асада.
Паліва для групоўкі будуць забясьпечваць Вялікія марскія танкеры (ВМТ) «Іван Бубноў» (Чарнаморскі флёт), «Лена» (Балтыйскі флёт), «Сяргей Осіпаў» і «Генрых Гасанаў» (Паўночны флёт): «ВМТ праэкту 1599-В здольныя перавозіць 1000 тонаў авіяпаліва, а таксама 2050 тонаў дызельнага паліва, 8250 тонаў мазуту, да 220 тонаў сухіх грузаў і харчаваньня.» [1],[2].
Аднак і гэтага аказалася недастаткова.
Выхад знойдзены?
Аб’ём грузаў вялікіх дэсантных караблёў праэкту 775 (да 480 тонаў) і праэкту 1171 (да 1000 тонаў), якія маюцца ва ўзбраеньні ЗС РФ, не даюць магчымасьці зьдзяйсьняць бесьперабойныя пастаўкі для вялікай групоўкі войскаў.
Магчымым варыянтам было прыцягненьне грамадзянскіх суднаў клясы “рака-мора” (“Волгабалт”, “Волгадон” і г.д.). Аднак тут паўстае пытаньне кошту. У Сірыі зараз ідзе вайна, страхоўка на такія рэйсы адпаведна вышэй. Перавозка грузаў падвойнага прызначэньня ў гарачую кропку – гэта яшчэ дадатковыя даплаты за кожны рэйс.
У мірны час тайм-чартэрная стаўка параходу 7000 тонаў дэдвэйту (заўв. поўны аб’ём грузаў судна) у маршруце Наварасійск-Тартус складае прыблізна 4-5 тысячаў даляраў у содні. Вайсковыя рызыкі падвышаюць кошт да 6-7 тысячаў даляраў у содні. Рэйсы, якія ўжо зьдзяйсьнялі расейскія судны, доўжыліся 20-30 дзён. У выніку адзін рэйс на Тартус можа каштаваць у раёне 120 тысячаў даляраў і вышэй. А пастаўкі трэба рабіць ўвесь час.
У выніку расейскія ўлады прынялі рашэньне набыць некалькі такіх суднаў у прыватных уласьнікаў і перакласьці частку трафіку на іх. Першымі пра гэта загаварылі блёгеры – гаворка вялася пра 8-10 сухагрузаў, набытых у турэцкіх суднаўладальнікаў. Афіцыйна гэта ніяк не камэнтавалі, аднак у кастрычніку-лістападзе 2015 году ў Наварасійску пачалі загружаць новыя дапаможныя судны расейскага флёту:
- «Двініца-50», былы турэцкі сухагруз “Alican Deval” (1985 году пабудовы, вадазьмяшчэньне 7509 тонаў, аб’ём грузаў 4638 тонаў) [1], [2].
- «Волагда-50», былы турэцкі сухагруз “Dadali” (1985 году пабудовы, вадазьмяшчэньне 7250 тонаў, аб’ём грузаў 4218 тонаў) [1], [2].
- “Казань-60”, колішні ўкраінскі сухагруз-рэфрыжэратар “Георгі Агафонаў” (1987 году пабудовы, вадазьмяшчэньне 2099 тонаў, аб’ём грузаў – 1774 тонаў) [1], [2].
- “Кызыл-60”, колішні турэцкі сухагруз “Smyrna” (1996 году пабудовы, вадазьмяшчэньне 4509 тонаў, аб’ём грузаў 3796 тонаў – 18 кастрычніка 2015 году на судна адбывалася пагрузка грузаў ля прычалаў Наварасійскай вайскова-марской базы) [1], [2].
Адзін рэйс такога судна можа замяніць адразу некалькі рэйсаў вайсковых ВДК і разгрузіць асноўныя сілы ВМФ для транспартаваньня боепрыпасаў.
Прыблізны кошт суднаў клясы “Alican Deval” (“Двініца-50”) можа сягаць 1 мільёну даляраў за 1000 тонаў дэдвэйту. Аднак праз тое, што гэтым караблям каля 30 гадоў, ім забаронены ўваход у эўрапейскія порты, але яны яшчэ могуць працаваць уздоўж афрыканскага ўзьбярэжжа Міжземнага мора, Турэччыны г.д. У выніку кошт за судна ўзроўню “Alican Deval” і “Dadali” можа сягаць 4 мільёнаў даляраў. Сухагруз “Smyrna” больш новы, таму кошт ужо на ўзроўні 6 млн. даляраў.
Сухагруз «Георгі Агафонаў», паводле чутак, быў прададзены Украінскім Дунайскім Параходзтвам туркам на металалом, пачаў хадзіць пад мангольскім сьцягам, але быў апэратыўна набыты расейцамі для ЧФ РФ. Кошт склаў – 0,8-1,5 млн. даляраў.
Набытыя судны ўжо ўдзельнічаюць у сірыйскім экспрэсе. Дзякуючы аўтаматычнай сыстэме ідэнтыфікацыі AIS мы можам прасачыць гісторыю перасоўваньняў яшчэ грамадзянскага сухагрузу “Alican Deval” за 2015 год: заходы ў шматлікія турэцкія парты і партовыя гарады Чорнага мора, праход Басфора, прыход у порт Наварасійска (4 кастрычніка – 17 лістапада). Затым судна пераходзіць у дапаможны флёт ЧФ РФ, атрымлівае імя «Двініца-50». Cыстему AIS на дапаможных суднах ВМФ могуць адключаць, аднак сыстэма працуе й далей. Адсачыць паказаньні дапамагаюць праэкты накшталт ShippingExplorer, MarineTraffic і іншыя.
Тут мы не бачым заходаў ў Сірыю, аднак той жа “Alican Deval” (“Двініца-50”) зьяўляецца ўжо на фатаздымках расейскіх марпехаў у порце сірыйскага Тартуса, напрыклад, фота (архіў), зробленае не пазьней за 2 лістапада 2015 году (зьвярніце ўвагу на перафарбаваную ў колеры расейскага сьцяга рубку, характэрныя падцёкі на бартох, замаляваную назву).
Архівы на іншыя фатаздымкі расейскага марпеха Максіма Асланава: [1],[2],[3],[4],[5].
На фота зафіксаванае праходжаньне праліву Басфор з Наварасійска і зьдзяйсьненьне службы ў порце Тартус, Сірыя (у архівах дадзеныя зь геалякацыяй).
Таксама зазначым, што ў рэальных пастаўках у Сірыю верагодна задзейнічаныя нашмат больш суднаў, шмат зь якіх наагул адключаюць сыстэму ідэнтыфікацыі AIS і «па-чорнаму» выгружаюцца ў Тартусе і Латакіі. У «Марскім бюлетэні» Міхаіл Вайтэнка падае прыклады: сухагруз-кантэйнэравоз “Atlantic Prodigy”, эгіпецкі сухагруз “Kareem R”, лібанскі сухагруз “Transfair” і іншыя.
Судны праходзяць праліў Басфор, ідуць ва ўмоўны эгіпецкі порт, потым адключаюць AIS і на некалькі дзён «зьнікаюць» ва Усходняй частцы Міжземнага мора. Мабыць, практыка адключэньня AIS закліканая схаваць удзел суднаў у пастаўках у Сірыю, а ў саміх пастаўках удзельнічае нашмат больш суднаў, у тым ліку і прыватных. Ашчаджаюць як на страхоўках, гэтак і спрабуюць схаваць рэальныя аб’ёмы паставак.
Сухапутная апэрацыя будзе?
Павялічэньне сірыйскіх паставак не засталося не заўважаным ў сацыяльных сетках. Першапачаткова, расейскі бок заяўляў пра кантынгент 1500 чалавек, гаворка вялася пра паветраную падтрымку Сірыйскае арміі і ахову аб’ектаў аэрадромнае інфраструктуры.
Але каб разьвеяць гэты міт, падаем пералік частак і тэхнікі, якія зафіксавалі валянтэры InformNapalm за апошнія два месяцы:
- Жаўнеры 336-й асобнай брыгады марской пяхоты, правінцыя Эс-Сувэйда;
- 24 АБрСпН ГРУ ГШ МА або 32-я АСМБр, правінцыя Хама;
- Жаўнеры 28-й асобнай матастралковай брыгады (АМСБр), правінцыя Хама;
- Пагрузка авіябомбаў і снарадаў да 152-мм артылерыйскіх боепрыпасаў у Наварасійску на ВДК «Мікалай Фільчанкаў»;
- Адпраўка роты снайпэраў 34-й АМСБр з Наварасійска;
- Жаўнеры з 74-й АМСБР у правінцыі Хама;
- БТР, артылерыйскі цягач і гаўбіца Мста-Б з 291-й/120-й артылерыйскай брыгады пад Латакіяй;
- Выдача «сірыйскай» формы байцам 8-га асобнага артылерыйскага палку Берагавых войскаў Чарнаморскага флёту;
- Цяжкія вагнямётныя сыстэмы (ЦВС) «Санцапёк» (меркавана 20-ы полк РХБА);
- БТР-82А з 27-й АМСБр у Латакіі;
Апроч гэтага:
- Некалькі найноўшых Т-90 патрапілі на фатаздымкі канцэрту гурту «Блакітныя берэты» у Сірыі, Хмэймім;
- Т-90 сфатаграфавалі ў правінцыі Алепа мясцовыя журналісты;
- Над турэцка-сірыйскай мяжой быў зьбіты расейскі бесьпілётнік “Арлан-10”;
- Вайскоўцы з 810-й і 61-й АБМП на ВДК былі зафіксаваныя падчас выправы ў Сірыю.
Такім чынам, у Сірыі “засьвяціліся” вайскоўцы зь некалькіх брыгадаў марское пяхоты, зь некалькіх асобных матастралковых брыгадаў і спэцтэхніка, якая маецца ва ўзбраеньні толькі ЗС РФ. Да гэтага варта дадаць зводны авіяцыйны полк, які за два месяцы быў павялічаны ўдвая з 34 да 69 лятакоў, гэлікоптэрнае суправаджэньне, СПА і аэрадромнае забесьпячэньне, сталыя рэйсы вайскова-транспартнае авіяцыі і караблёў Чарнаморскага, Балтыйскага і Паўночнага флёту, якія зьдзяйсьняюць дастаўку грузаў.
За няпоўныя два месяцы маленькая “пераможная паветраная апэрацыя” ператварылася на паўнавартасную вайсковую кампанію, у якой задзейнічаныя тысячы вайскоўцаў у Сірыі і дзясяткі тысячаў ва ўсёй Расеі. Эканамічныя страты гэтай апэрацыі для эканомікі РФ калясальныя, пры гэтым палітычныя дывідэнды вельмі сьціплыя, каб лічыць іх нават тактычнымі перамогамі. Відавочна, што Расея, жадаючы адцягнуць увагу сусьветнае супольнасьці ад анэксіі Крыма і вайсковых апэрацыяў на Данбасе, напоўніцу завязла на Блізкім Усходзе, дзе таксама пасьпела замацаваць свой імідж “нязграбнага і дурнога цыркавога мядзьведзя”. З усіх фокусаў расейскаму “мядзьведзю” горш за ўсё атрымліваецца адначасова жангляваць і круціць пэдалі…
Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Anton Pavlushko і Victory Krm
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын
Інфаграфіка ў матар’яле падрыхтаваная Visuals.ua
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Актыўны распаўсюд у сацсетках вітаецца!
One Response to “Вайна ў Сірыі: Шлях да сухапутнай апэрацыі Расеі пракладзены праз мора. Інфаграфіка”
2015-12-20
Расейскі ВМСТ «Яўза» вязе боепрыпасы да ЦВС-1/ЦВС-1А для Башара Асада - InformNapalm.org (Беларуская)[…] […]